Лица

Людзі, сьвіньні, паразыты. Архаіка беларускай вёскі на 100-гадовых малюнках

Дзякуючы малюнкам і графічным рысункам салдатаў і афіцэраў акупацыйнай германскай імпэратарскай арміі захавалася магчымасьць убачыць, як выглядаў беларускі вясковы побыт 100 гадоў таму. Унікальную калекцыю маляваных сьведчаньняў мінулай эпохі сабраў калекцыянэр і дасьледнік Першай усясьветнай вайны Ўладзімер Багданаў, піша Радыё Свабода.

Афіцыйным завяршэньнем Першай усясьветнай вайны стала падпісаньне 11 лістапада 1918 году Кампʼенскага пагадненьня, пасьля чаго кайзэраўскія войскі пачалі сыходзіць з акупаваных тэрыторый у розных частках Эўропы. Тэрыторыю Беларусі нямецкія войскі пакінулі роўна 100 гадоў таму — увесну 1919-га.

Бальшавіцкая Расея капітулявала перад Германіяй яшчэ напачатку 1918 году, прыняўшы ўмовы Берасьцейскага міру. Заходняя кааліцыя тымчасам працягвала змагацца зь Нямеччынай, урэшце прымусіўшы Бэрлін прызнаць паразу і пачаць вывад свайго кантынгенту з усіх франтоў. Тычылася гэта і беларускіх земляў.

Сялянская хата ў вёсцы Слайкоўшчына на Валожыншчыне. Ініцыялы мастака P. S. Малюнак з альбому «Саксонцы на Бярэзіне» (выдавецтва Förster&Boorias, Цьвікаў, 1920)

Але калі Менск немцы пакінулі яшчэ да канца 1918 году, то ў іншых рэгіёнах іх прысутнасьць расьцягнулася да сакавіка 1919-га.

Маляваная хроніка вясковага побыту

Як адзначае дасьледнік Першай усясьветнай вайны Ўладзімер Багданаў, варожыя імпэрскія арміі былі перакананыя, што твораць гісторыю, якую трэба ўвечніць для нашчадкаў. Дзеля гэтага на службу прызывалі ня толькі здольных трымаць у руках зброю, а і «хранікёраў» — журналістаў ды літаратараў, фатографаў ды мастакоў. Хоць напачатку ХХ стагодзьдзя фатаграфія была ўжо досыць пашыраная, больш традыцыйны малюнак ці рысунак па-ранейшаму заставаўся запатрабаваным.

«Калі буйныя баявыя апэрацыі сьціхалі і пераходзілі ў лякальную фазу, паабапал фронту наступала адноснае зацішша, — апавядае Ўладзімер Багданаў. — Штатныя фатографы і мастакі мелі магчымасьць адкласьці прапагандыскія задачы, каб засяродзіцца на навакольных краявідах, мясцовых жыхарах, звычках і традыцыях. Адклаўшы стрэльбу, нярэдка бралі ў рукі алоўкі і творчыя натуры зь ліку салдатаў і афіцэраў».

Сялянская хата ў вёсцы Грэйці (ужо не існуе) на Пастаўшчыне. Мастак G. Fraude, батальён ляндштурму з Аленштайну. Паштоўка адпраўлена ў Нямеччыну ў канцы 1916 году

Беларускія краявіды на картках палявой пошты

У прыватнай калекцыі Ўладзімера Багданава амаль паўтысячы абразкоў, зробленых немцамі ў ваеннай Беларусі. І хай ня ўводзяць у зман надпісы на некаторых зь іх — Russland ці russisches (Расея, рускі і г.д.). На той час беларускія землі, якія сталі арэнай жорсткага супрацьстаяньня, фармальна ўваходзілі ў склад Расейскай імпэрыі, з чаго ўсё навокал аўтаматычна «русыфікавалася».

Дом з саламянай страхой каля Бярэзіны, зіма 1916/1917 г. Аўтар невядомы. Картка нямецкай палявой пошты Feldpostkarte

Вёска Вялікая Валахва́ пад Баранавічамі, красавік 1917. Аўтар — нямецкі лейтэнант, камандзер кулямётнай роты, імя не прачытанае

Як кажа калекцыянэр, беларускае паходжаньне паходных твораў пацьвярджаецца ня толькі назвамі паселішчаў, але і паштовымі пазнакамі, і дысьлякацыяй вайсковых частак, у якіх служылі аўтары.

«Тады адзіным спосабам камунікацыі з роднымі была пошта — лісты, здымкі, паштоўкі. Вайскоўцам хацелася паказаць край, у якім яны апынуліся, калярыт мясцовага жыцьця. Найпрасьцейшым спосабам была гатовая паштоўка ў вайсковай крамцы. Пры палках і дывізіях працавалі фатографы, якія друкавалі здымкі для далейшага пашырэньня. Аднак у франтавых умовах вырабляць іх у дастатковай колькасьці было складана, нэгатывы адпраўлялі ў Нямеччыну, там іх друкавалі на прафэсійным абсталяваньні і вярталі назад — адсюль і адрасы друкарняў на выявах: Бэрлін, Дрэздэн, Мюнхэн і г. д.».

Гняздо бусла на Бузе. Аўтар — рэзэрвіст Carl Ludewig. Адпраўлена ў Нямеччыну ў лістападзе 1916 году (штамп 119-й пяхотнай дывізіі)

Празь некаторы час паштоўкі зноў вярталіся ў Нямеччыну — ужо з салдацкімі тэкстамі і штампамі палявой пошты. Сёньня гэтыя рарытэты можна знайсьці на віртуальных калекцыянэрскіх пляцоўках, актыўным удзельнікам якіх вось ужо паўтара дзясятка гадоў і Ўладзімер Багданаў.

Як і для фатографаў, для многіх мастакоў іхны занятак стаў крыніцай дадатковага заробку. Яны гэтаксама высылалі эскізы на радзіму, адкуль атрымлівалі гатовыя наклады для камэрцыйнай рэалізацыі. Для некаторых гэта стала трамплінам у бізнэс — па вяртаньні на радзіму яны адкрылі ўласныя выдавецтвы.

Дом з стайняй у вёсцы Малая Волься на Пастаўшчыне. Мастак G. Fraude. Паштоўка адпраўлена ў Нямеччыну ў сьнежні 1916 году

Баявыя падзеі і мірныя сюжэты

Як кажа Ўладзімер Багданаў, усе выявы можна падзяліць на дзьве ўмоўныя групы — «ваенныя» і «мірныя». Першыя складалася з штодзённай хронікі: баявыя дзеяньні, тэхніка і ўзбраеньне, непасрэдныя ўдзельнікі. Другія — мясцовыя краявіды, архітэктура, насельніцтва. Пры гэтым значная частка прысьвечана штодзённаму побыту беларусаў, архаіка жыцьця якіх для Нямеччыны пачатку ХХ стагодзьдзя ўспрымалася як далёкае мінулае.

Сялянскі падворак у вёсцы Карані на Смаргоншчыне, 1916. Аўтар R. Barth, мастак 103-га ляндвэрнага пяхотнага палку. З набору паштовак, выдадзеных у Дрэздэне

Сялянская хата і падворак, магчыма, Пастаўска-Браслаўскі рэгіён. Мастак C. Liersch, 1916

«Мастацкія абразкі тут адыгрываюць асаблівую ролю, — кажа калекцыянэр. — Калі фатаздымкі — гэта дакумэнтальны адбітак нейкага моманту, то мастакі часта рабілі ня проста накіды з натуры, а і фіксавалі свае назіраньні, маглі абʼяднаць моманты, якія паказаць з дапамогай фотаапарату было немагчыма. Таму малюнак, асабліва сюжэтны, — гэта, як правіла, зборны вобраз».

Печ у цэнтры беларускіх хатаў

Якім жа пабачылі нямецкія мастакі сялянскі побыт беларусаў 100 гадоў таму? Варта пачаць са знадворнага выгляду жытла — такія малюнкі найбольш дакумэнтальныя, бо часьцей за ўсё зробленыя з натуры. На панадворку — пабудовы, уласьцівыя для гаспадарак рознай ступені заможнасьці: склепы, студні, паветкі, іншыя гаспадарчыя пабудовы. Некаторыя вёскі, жыхары якіх станавіліся героямі такіх паштовак, ужо не існуюць.

Германскія салдаты на сялянскім двары, магчыма, Івейшчына. Мастак ня вызначаны. Паштоўка выдадзена ў Эльбэрфэльдзе, адпраўлена ў Нямеччыну ў лістападзе 1916 году

Далей — унутраны антураж. Цэнтар, вакол якога віруе асноўная частка жыцьця, — печ. Рознага памеру і формы, яна трапляе амаль ва ўсе інтэрʼерныя малюнкі. Убранства хатаў аскетычнае: у бальшыні выпадкаў гэта адзіны пакой, у якім пры сьценах прытуліліся ложкі, лавы, стол ды падвешаная да бэлькі калыска.

Вёска Таўкуны на Дзятлаўшчыне, травень 1916. Мастак і выдавец унтэр-афіцэр Ernst Walter

Разам людзі і скаціна

З наступленьнем халадоў шчыльнасьць засяленьня хатаў станавілася неймавернай. У выдадзенай у 1928 годзе палкавой гісторыі 8-га Рэнскага пяхотнага палку генэрал-лейтэнант Юрген Зыр расказвае пра баі ў Аўгустоўскіх лясах напачатку 1915 году. У прыватнасьці, згадваецца эпізод, калі ў 20-градусны мароз давялося шукаць прытулку на ноч. Сярод іншага ў справаздачы фігруе апісаньне тыповай сялянскай хаты.

Перад Калядамі ў вёсцы пад Лідай, сьнежань 1917. Аўтар — K. Reimann. Арыгінальны малюнак на блянку паштоўкі

«Штаб палку разьмясьціўся ў хаце, якая мае толькі адно памяшканьне — прыкладна 4 на 3,50 мэтраў. Палову яго займае печка, яшчэ чвэрць — ложак. Астатнюю прастору дзеляць паміж сабой 5 афіцэраў, 15 салдат, 2 жанчыны, 4 дзяцей і куры... Вялізная печ служыць для ацяпленьня, гатаваньня стравы, выпечкі хлебу, а таксама зьяўляецца куратнікам. Наверсе каля столі вялікі адсек, у якім сьпяць старыя і дзеці. Часам у тым жа пакоі трымаюць гусей, коз і авечак».

Сялянская хата на Горадзеншчыне. Мастак — санітар F. Preiss. Расфарбаваная паштоўка выдадзеная ў Бэрліне, адпраўленая з фронту ў красавіку 1917-га

Паразыты ў людзей і жывёлы

У фрагмэнце ёсьць удакладненьне, што гаспадарскі ложак германскія пастаяльцы «сьцеражліва абыходзяць». Як лічыць Уладзімер Багданаў, прычына, хутчэй за ўсё, у паразытах, якія былі непазьбежнымі спадарожнікамі тагачаснага побыту. На карысьць гэтай вэрсіі сьведчыць цэлая сэрыя малюнкаў, на якіх усе заўзята чухаюцца — мужчыны, жанчыны, дзеці, салдаты, сабакі і каты.

Сялянскае жытло на Дзятлаўшчыне, красавік 1916 г. Мастак і выдавец — унтэр-афіцэр Ernst Walter. Патоўка палявой пошты

«На паштоўцы ўсе насельнікі дому, уключна з хатнімі гадаванцамі, актыўна чухаюцца. Само сабой, трэба прызнаць і такі бок сялянскага побыту: усемагчымыя паразыты былі звычайным суправаджэньнем сялянскага жыцьця. Ды і як магло быць інакш ва ўмовах, калі даводзілася дзяліць жытло з свойскай жывёлай? Таму, зразумела, даставалася і нямецкім пастаяльцам — беларускія паразыты-патрыёты нямала папілі кайзэраўскай крыві», — сьмяецца Ўладзімер Багданаў.

У сялянскай хаце, 1916. Выдадзена ў Дрэздэне, выдавец Osw. Thomas

Патрыярхальная герархія сялянскай сямʼі

Яшчэ адзін папулярны сюжэт малюнкаў, на які зьвяртае ўвагу Ўладзімер Багданаў, — абед ці вячэра, калі ўся сямʼя разам. Аўтары карысталіся магчымасьцю за адным разам паказаць усіх жыхароў хаты. За сталом адначасова зьбіраецца да трох пакаленьняў — гаспадар, жонка, дзеці; старэйшыя жанчыны, верагодна, маці або цешча мужчыны. Практычна ўсе, за выключэньнем хіба мужчыны, босыя. Няхітры посуд, лыжкі, бульба ў місе, у печы гаршчок. Тут жа, пад нагамі, куры, сьвіньня, сабака, кот.

Сялянскае жытло на Горадзеншчыне. Аўтар — F. Schneider, обэр-яфрэйтар 6-го рэзэрвовага артылерыйскага палку 84-й пяхотной дывізіі. Паштоўка выдадзена ў Магдэбургу, адпраўлена з фронту ў жніўні 1916 году

«Абагульніўшы малюнкі, можна вылучыць тыповых пэрсанажаў, — гаворыць Уладзімер Багданаў. — Галоўны — гаспадар. Звычайна ў сюжэце фігуруе адзін дарослы мужчына, але таксама знаходзіцца месца і дзеду, у ганаровы абавязак якога ўваходзіла справядлівая раздача хлеба. Галава сямʼі быў вызвалены ад хатніх абавязкаў, бо вёў усю натуральную гаспадарку. Абавязкі па дому клаліся на плечы жонкі, якая займалася ўсім: дзецьмі, жыўнасьцю, прыбіраньнем ды гатаваньнем ежы. Таксама можна пабачыць і іншых дарослых жанчым, сваяцкія сувязі якіх могуць быць розныя».

Сяляне ў сваёй хаце, меркавана Івейшчына. Аўтар невядомы. Паштоўка выдадзена ў Эльбэрфэльдзе, адпраўлена з 430-га ляндвэрнага палку ў лютым 1917 году

Як кажа Ўладзімер Багданаў, сёньня даступныя тысячы выяваў, зробленых на тэрыторыі Беларусі. Зь іх дапамогай можна скласьці ўцямнае візуальнае ўяўленьне пра тое, што адбывалася 100 гадоў таму — прычым ня толькі пра ваенныя дзеяньні.

У сялянскай хаце, усе чухаюцца. Аўтар невядомы. Выдавецтва Kahan&Co, Бэрлін. Адпраўлена летам 1917 году з 377-га пяхотнага палку ў раёне возера Сьвір

Для беларускіх земляў, на якіх разгарнуліся асноўныя баявыя дзеяньні на германа-расейскім фронце, Першая ўсясьветная вайна была не падобная на папярэднія. Большасьць ранейшых канфліктаў мелі транзытны характар, калі захопнікі ўсё спустошвалі на сваім шляху. А ў гэтым выпадку фронт стабільна ўсталяваўся на некалькі гадоў. Вайна ўвайшла ў пазыцыйную фазу, якая ўсяго некалькі разоў перарывалася буйнымі апэрацыямі.

Сямейнікі і пастаяльцы-салдаты чухаюцца ад паразытаў

«Увесь гэты час у прыфрантавых зонах працягвалася жыцьцё, армейскі кантынгент суіснаваў зь мясцовым насельніцтвам, — зазначае ён. — Вялікая вайна, як яе тады называлі, вельмі моцна адрозьнівалася ад Другой усясьветнай. Найперш — яна яшчэ не была прасякнутая ідэалёгіяй і нянавісьцю, ня мела нацысцкага складніку. Яна так і ня стала „народнай“, застаўшыся справай прафэсіяналаў — арміі змагаліся паміж сабой, не закранаючы наўпрост насельніцтва. Натуральна, для тутэйшых гэта былі гады цяжкіх выпрабаваньняў і нягодаў, але не было ні масавых пакараньняў, ні канцлягераў, ні карных акцыяў у адказ на партызанскія рэйды».

Сямʼя за абедам. Горадня, сакавік 1916. Подпіс на малюнку M. Lew. Гарадзенская друкарня Lapin (на адвароце пазнака «перавыданьне забароненае»)

Сямʼя за сталом. Аўтар невядомы. Паштоўка адпраўлена ў Нямеччыну ў сакавіку 1917 г.

Страты і набыткі ад Першай усясьветнай

Як адзначае Ўладзімер Багданаў, спадчына Першай усясьветнай вайны сярод іншага мае выразны культурны падтэкст. Ніколі раней Беларусь не фатаграфавалі так актыўна, як у тыя гады — перадусім кайзэраўскія вайскоўцы, бо ў царскай Расеі фотаапарат заставаўся раскошай. З архіўных выяваў можна вывучаць архітэктурныя помнікі і знакавыя мясьціны, лад жыцьця. Беларускія гарады і вёскі паўстаюць у аўтэнтычным абліччы, за прамінулае стагодзьдзе практычна страчаным.

Жыхары Піншчыны, восень 1915. Мастак Schellmann, паштоўка нямецкай палявой пошты

Па розных ацэнках, з тэрыторыі цяперашняй Беларусі, пераважна з найбольш заселеных заходніх рэгіёнаў, былі эвакуяваныя ў глыб Расеі блізу 2 мільёнаў жыхароў. Пасьля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны назад вярнуліся менш за палову ўцекачоў. Наступствы тых дэмаграфічных стратаў адчуваюцца дагэтуль.

Апроч таго, паводле наяўных зьвестак, зь беларускіх губэрняў былі змабілізаваныя каля 700 тысяч чалавек. Вызначыць баявыя страты сярод тутэйшых мужчын даволі складана: пад канец вайны ўлік быў дрэнны, многія дакумэнты не захаваліся, а некаторыя з ацалелых з розных прычынаў не вярнуліся дадому. Мяркуецца, што загінуў кожны дзясяты з прызваных беларусаў.

У сялянскай хаце паблізу Баранавічаў, сьнежань 1915. Мастак — Joest, яфрэйтар 23-га ляндвэрнага палку, паштоўка выдадзена ў Бэрліне

Агулам у глябальным процістаяньні падчас Першай усясьветнай вайны бралі ўдзел блізу чатырох дзясяткаў дзяржаваў з агульнай колькасьцю насельніцтва ў 1,5 мільярда чалавек. Сумарныя страты варожых арміяў наблізіліся да 10 мільёнаў — гэта забітыя і памёрлыя ад раненьняў. А калі палічыць і мірных жыхароў, то колькасьць ахвяраў складае 17 мільёнаў.

Вынікам Першай усясьветнай вайны сталі распад каляніяльных імпэрыяў і стварэньне ў Эўропе новых нацыянальных дзяржаваў.

Германскія салдаты ў сялянскай хаце. Магчыма, Пастаўшчына. Аўтар невядомы. Паштоўка Feldpostkarte адпраўлена ў Нямеччыну ў жніўні 1916 (штамп 3-й кавалерыйскай дывізіі)

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)