Общество

Людзі на прыёме ў Марыі Васілевіч: «Лукашэнка яе пападвучвае, дык яна яшчэ стане прэзыдэнткай»

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч 15 студзеня зладзіла прыём выбарцаў сваёй акругі ў будынку адміністрацыі Фрунзенскага раёну Менску, піша Радыё Свабода.

Сябра Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч, 6 сьнежня 2019 году

— У сярэднім прыходзіць 4–5 чалавек, — сказала памочніца дэпутаткі Марта Ганцоўская.

Сама дэпутатка спазьнілася на прыём на 7 хвілін.

«Калі Марыя Васілевіч на яго не падзейнічае, я пайду ў партызаны»

— Я прыходзіла вырашыць сваё кватэрнае пытаньне», — расказала шматдзетная маці Натальля. — Дзеці падрастаюць. Статус шматдзетнай сям’і губляецца. Я з чатырма стаяла ў чарзе на кватэру, але старэйшы падрастае і буду хутка з трыма. Я згодная ня толькі ў Менску на кватэру, але і ў Фаніпалі, Рудзенску ці Дзяржынску.

Людзі, якія прыйшлі на прыём да Марыі Васілевіч

Жыхарка Менску Марыя кажа, што з 2009 году змагаецца з суседам. Яна жыве ў шматпавярховіку на 9 паверсе, а сусед у прыватным доме мае сабаку, які ёй перашкаджае.

— Нібыта ён былы райвыканкамаўскі работнік ці то вайсковы чын. Ягоны дом ад нашага за 24 мае крокі. І ён яшчэ захапіў тэрыторыю нашага двара, паставіў агароджу, і за ёй носіцца аўчарка, якая гаўкае ўначы. На ўсе заявы атрымала адпіскі. Няхай прыбярэ сабаку. І калі Марыя Васілевіч на яго не падзейнічае, я пайду ў партызаны. Бо ні ўдзень, ні ўначы спакою няма.

На прыёме ў дэпутаткі жанчыне спадабалася. Яна кажа, што абараняе Марыю Васілевіч у сацсетках.

— Там жа пішуць, што яна з Лукашэнкам танцуе. Я кажу: а якая ваша справа нават да гэтага Лукашэнкі? Яна «Міс Беларусь», а вам да гэтага далёка. Ён там яе пападвучвае, дык яна яшчэ стане прэзыдэнткай, яго пераемніцай.

Яшчэ адзін наведнік адмовіўся казаць, пра што ён будзе прасіць дэпутатку, і, чакаючы ў чарзе, гартаў брашурку «Канстытуцыя РБ».

Але паведаміў, што, наадварот, сам прапанаваў дэпутатцы Васілевіч дапамогу.

— Я расказаў, як можна дапамагаць людзям. Сказаў, каб яна дапамагала выбарцам і наладжвала кантакт з грамадзкімі арганізацыямі ў яе акрузе. Яна нармальна паставілася да гэтага, а што будзе, я ж ня ведаю.

На пытаньні карэспандэнта Свабоды Марыя Васілевіч паабяцала адказаць на наступны дзень пасьля прыёму і дала нумар тэлефону, але на званок так і не адказала.

22-гадовую дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Марыю Васілевіч уключылі ў дэпутацкую камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, якой кіруе Генадзь Давыдзька.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.2(53)