Скандалы
Улад Швядовіч, Наша Ніва

«Лынды біў» — жонка насмерць забіла мужа скалкай на вачах у дачкі

У Смаргоні пачаўся працэс па гучным забойстве. На лаве падсудных — 49-гадовая Алена Агаева. Жанчыну вінавацяць у жорсткім забойстве мужа.

Здарылася ўсё яшчэ ў снежні 2016 года. Агаева выклікала хуткую, патлумачыўшы, што яе муж страціў прытомнасць. Медыкі, якія прыехалі на выклік, знайшлі мужчыну ўжо мёртвым. Прычым ён быў моцна збіты.

Алену Агаеву затрымалі. Цяпер яна праходзіць як абвінавачваная ў забойстве з асаблівай жорсткасцю. Нагадаем, жанчын у Беларусі не расстрэльваюць.

Агаева мае сярэднюю адукацыю, да затрымання была іпэшніцай — гандлявала на рынку. Жанчына мае двух дзяцей: дарослага сына і 14-гадовую дачку. Сын Віталь, дарэчы, праходзіць па справе як пацярпелы.

Па версіі следства, 2 снежня 2016 года Алена пасварылася з мужам Рафікам. Пасля чаго на вачах у дачкі пачала яго збіваць «рукамі, нагамі, прадметамі, якія не ўстанавілі, у тым ліку скалкай». Тую скалку, са слядамі крыві на ёй, знайшлі ў кватэры Агаевых. Агулам, па словах пракурора, Агаева нанесла мужу не менш за 59 удараў, з якіх не менш за 12 па галаве.

Сваю віну жанчына цалкам адмовіла.

Загінулы Рафік Агаеў

У яе іншая версія. Па словах Алены, Рафік проста нечакана памёр увечары.

— Мы з мужам жылі, як усе. Усякае бывала — і добрыя моманты, і дрэнныя. Апошні час стаў муж стаў добрым, раней быў жорсткім. У 2009-2011 на два гады з’язджаў у Азербайджан. Я за ім ездзіла. Сваякі не вельмі былі рады шлюбу з інаверкай. Я ўвогуле хвалявалася, што яму там знойдуць новую жонку, — блытана расказала Алена Агаева.

Загінулы Рафік Агаеў нарадзіўся у горадзе Сумгаіт у Азербайджане. Але жыў у Беларусі і меў беларускае грамадзянства.

— Ён такі быў… трохі пасіўны. Неактыўны, лянівы, прасці божа, яго трэба было на працу ўладкоўваць… Царства яму нябеснае, — казала пра мужа Алена. — Раней выпіваў, мог увязацца ў штосьці… Але пасля стаў лепшы. Апошнія гады быў увогуле добры.

З дапамогай Алены Рафіка ўладкавалі на працу ў будаўнічую арганізацыю ў Мінску. Ён працаваў без выходных 15 дзён, пасля адпачываў 15. Звычайна прыязджаў на выходныя ў Смаргонь.

Але ў 2016 годзе Рафік пачаў заставацца ў Мінску. Пачынаючы з ліпеня, мужчына амаль не бываў у Смаргоні. Жонцы казаў, што недзе падпрацоўвае. Дзеці і гаспадарка былі на Алене.

Рафік вярнуўся дамоў толькі 2 лістапада. На працы адпраўлялі ў адпачынак за свой кошт, было зразумела, што ў Мінск зусім няма чаго рабіць.

— Ён вельмі моцна схуднеў. Я падумала, можа хварэе, ці што? Ну вырашыла, што значыць, лячыць будзем, будзем адкармліваць, — узгадвала Алена.

Аднак неўзабаве Алена заўважыла, што муж стэлефаноўваўся з нейкай жанчынай.

— Я кажу — усё, ніякіх жанчын. Канечне, пакуль ён працаваў у Мінску, там усякае магло быць. Усе ж мы людзі. Была і была, ладна. Але ж тут ты ўжо з сям’ёй, — сказала Алена.

Агаева даведалася, што муж ездзіў не на падпрацоўку, а ў госці да той жанчыны. Але ў інтымных зносінах Рафік не прызнаваўся. Казаў, што ездзіў праць вопратку.

— Праз пару дзён мы, як звычайна, схадзілі на рынак. Пасля паелі, ён пачаў бурчаць штосьці… Ніхто яго не чапаў. І ён палез на мяне з кулакамі. Была патасоўка. Штосьці на яго найшло… Ён мяне добра пабіў. Усё цела было ў сіняках, — распавяла Агаева.

Сама Алена падчас сутычкі падбіла мужу вока.

Па яе словах, яна напужала мужа міліцыяй, той супакоіўся. Нагадала, каб не было званкоў жанчыне. У адказ Рафік разбіў тэлефон. Раней у іх сумесным жыцці таксама былі бойкі, прызнаецца Алена, але рэдка. Пару разоў жанчына ставіла мужу фінгалы. Але ж і сама была ўся ў сіняках.

— У міліцыю звярталіся? — спытаў суддзя Уладзімір Янкоўскі.

— Не! Барані Божа! — адказала Агаева. — Тады Рафіка б пасадзілі!

Кажа, ведала, як ратавацца. Пужаеш міліцыяй, ці можна выбегчы з кватэры і пачаць крычаць: «Людзі, ратуйце!». Муж тады адразу супакойваўся.

Праўда, па словах Алены, муж часам выпіваў. А алкаголь «яму быў супрацьпаказаны — станавіўся шалёным». Таксама ён «пакурваў касякі, ці як там называецца».

Увесь лістапад Рафік быў дома — «лынды біў».

Сама Агаева тым часам распавяла сяброўкам на рынку пра жанчыну Рафіка. Нават знайшла яе ў «Аднакласніках» і паказвала знаёмым фотакарткі — «дзеля прыкола».

— Пасля муж пачаў прападаць. Прачнуся ноччу — яго няма. Прыходзіць пабіты — на целе не бачыла, але на галаве былі ранкі. Ён пра іх не расказваў, — сцвярджае Алена. — Не ведаю, куды хадзіў. Мо выпіць захацелася ці пакурыць.

Праўда, зарплатная картка Рафіка была ў Алены. Яна выдавала яму «колькі трэба». Раней давала з сабой у Мінск «мільён-мільён дзвесце» на 15 дзён. Ён нібыта казаў, што дастаткова.

У дзень смерці Рафік дрэнна сабе адчуваў, запэўніла Агаева. У яго балела галава, быў павышаны ціск. Раней ён прасіў купіць таблетак, бо яшчэ і прастыў.

— Каля сёмай вечара ён зваліўся, страціў прытомнасць. Чую шум, прыбегла — Рафік ляжыць на падлозе. Адправіла дачку за нашатырным спіртам, сама рабіла штучнае дыханне, масаж сэрца. Ён ачуняў, — расказала Алена сваю версію. — Пазней вечарам мы пасядзелі дружна, палялякалі. Ён пайшоў тэлевізар глядзець. Я пайшла да дачкі.

Пасля аклікнула Рафіка — не адказвае. Падумала, можа заснуў. Я да яго, памацала… Не рэагуе. Спужалася. Паварушыла — нічога. Падумала, што страціў прытомнасць ізноў. Паклікала дачку. Паспрабавала зрабіць масаж сэрца. Паклікала суседку Наташу. Тая прыйшла, але рады не дала, выклікалі хуткую. Сказалі, што чалавеку дрэнна.

Хуткая канстатавала смерць.

Скалкай мужа яна не біла, запэўніла Алена. Бойкі ўвогуле не было.

— Вы здзейснілі забойства? — наўпрост спытаў суддзя.

— Не!.. — адказала жанчына.

Сын Алены і Рафіка нічога новага не дадаў. Хлопец жыве ў Мінску, штодзённага побыту бацькоў не ведаў. Адзіны чалавек, які прысутнічаў у той вечар у кватэры Агаевых — 14-гадовая дачка Алены і Рафіка — даваць паказанні адмовілася.

Затое знаёмыя азербайджанцы былі ўпэўненыя — мужа забіла Алена.

Адзін са сведкаў, Ільяс Алахвердзіеў, ахарактарызаваў Агаевых так: жылі звычайна, але канфлікты былі. Яна агрэсіўная, ён спакойны.

Ён распавёў некалькі гісторый.

— Аднойчы гулялі ў нарды. Алена прыйшла па мужа. Слова за слова — яна схапіла дошку для гульні і ўдарыла Рафіка па галаве. Калісьці ездзілі ў Азербайджан. Па дарозе трапілі ў ДТЗ — пацарапалі машыну, калі Рафік быў за стырном. Алена зладзіла скандал. Таксама яна выганяла мужа з машыны падчас той паездкі — Рафік пехатою ішоў перад аўто 1,5 кіламетра пад дажджом, — распавёў мужчына.

Вось толькі адбывалася ўсё гэта больш за 20 гадоў таму. Распавесці штосьці канкрэтнае пра сучаснае жыццё Агаевых сведка не здолеў.

Але, па яго словах, Рафік не піў. А ва ўсіх канфліктах была вінавата Алена.

— За паўтары тыдні да смерці мы [азербайджанцы, што жывуць у Смаргоні] прапаноўвалі Рафіку сабраць грошы і адправіць на радзіму. Бо ён быў зусім схуднеўшы, счарнеўшы. Рафік ужо пагаджаўся, але казаў — пашпарта няма, жонка схавала, — распавёў Алахвердзіеў.

Калі да яго дайшлі чуткі, што Алена забіла мужа, то ён не здзівіўся — лічыў гэта цалкам магчымым.

— Яна агрэсіўна хворая, ён — ціха хворы, — падсумаваў Алахвердзіеў.

Прыкладна тое ж распавёў іншы сведка Махсуд Зяйналаў: камандавала ў сям’і Алена. Рафік быў ціхі, слабахарактарны. Чуткі, што Алена б’е мужа, хадзілі. Нават у Азербайджан ён не проста з’язджаў, а збягаў непасрэдна ад жонкі.

Што з гэтага праўда — будзе вырашаць суд. Пасяджэнне па справе працягнецца 30 мая.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)