Лица

Лявон Вольскі выдае эксклюзіўны CD і грае эксклюзіўны канцэрт

26 чэрвеня адбудзецца рэліз CD-версіі сольнага альбому Лявона Вольскага "Куплеты і прыпевы". У гэты ж дзень у 18 гадзін адбудзецца прымеркаваная да гэтага аўтограф-сэсія, а таксама эксклюзіўны міні-канцэрт у дыскарні "Містэрыя гуку" (ГЦ "Рыга").

"Куплеты і прыпевы" будуць выдадзеныя на CD з шматлікімі бонусамі. Апрача арыгінальных 10 песень, выкладзеных у красавіку на сайце www.lvolski.com, аўдыёчастка будзе змяшчаць караоке-версіі ўсіх песень, а мультымедыйная частка – трэш-відэа "Эўравізія" ад Яўгена Новаша.

Акрамя таго, дыск будзе мець сапраўды змястоўны буклет. У ім – тэксты і акорды да альбому, а таксама эксклюзіўны слоўнік, дзе Лявон Вольскі тлумачыць розныя словы і тэрміны, выкарыстаныя ў тэкстах. Сярод іх, "бадунец", "коркі", "цёркі" і шмат інш.

"Можна сказаць, што CD-выданне фактычна здзейснена "па замовах слухачоў", – кажа Лявон Вольскі. – Мы не збіраліся яго рабіць, але шмат хто хацеў набыць дыск нават пасля таго, як спампаваў яго ў Інтэрнэце. У выніку атрымалася нятаннае калекцыйнае выданне, але мне здаецца гэта нармальна, улічваючы тое, што сайт зачыняць мы не будзем".

Не менш эксклюзіўным павінен стацца міні-канцэрт Лявона Вольскага, які адбудзецца ў дзень рэлізу ў дыскарні "Містэрыя гуку" (ГЦ "Рыга"). Гэта будзе першае і можа адзінае жывое выкананне песень з альбому "Куплеты і прыпевы", таму што больш ніякіх канцэртных выступаў з гэтай праграмай спявак не плануе. Між іншым, з красавіка "Куплеты і прыпевы" спампавалі больш за 6 тысяч інтэрнэт-карыстальнікаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)