Лявон Вольскі: «Нічога ня страчана. Грукайцеся мацней!»

Лявон Вольскі на Budzma.org адказвае на крытыку свайго папярэдняга артыкула, прысвечанага выбарам у Каардынацыйную раду, і нават сярод негатыву знаходзіць нагоду для аптымізму.

Лявон Вольскі

У сьвеце неспакойна

На польскую мяжу ладзяць масавыя напады агрэсыўныя мігранты, ва Ўкраіне доўжыцца вайна, у Беларусі так званыя «сілавікі» перайшлі да зачысткі івэнт-агенцыяў, звышдзейсных актывістак «рускага міру» абураюць нешматлікія беларускамоўныя шыльды ды надпісы, якія ўпрыгожваюць нашыя гарады, Пугачова выпусьціла сынгл...

Карацей, усё кіпіць кіпнем, калі не сказаць гарыць гарам. Але мы зробім паўзу, тайм-аўт, зьедзем сёньня на ўзбочыну і прааналізуем вашыя камэнтары на папярэдні допіс.

Калі хто забыўся, ён тычыўся выбараў у Каардынацыйную раду, якія адбываліся на мінулым тыдні. Я вам нагадаю, адбываліся анлайн, і прагаласавала на гэтых выбарах 6723 чалавекі.

Чаму так адбылося

6723 — гэта, натуральна, няшмат, і я паспрабаваў зразумець, чаму ж так адбылося?

На мой погляд, людзі пабаяліся ўводзіць пэрсанальныя дадзеныя (гэта было неабходна паводле правілаў галасаваньня). Гэта першая прычына. Людзі ў нас, наогул, баязьлівыя і сьвяціць дадзенымі пашпарту бяз скрайняе патрэбы не прызвычаіліся.

Хто яго ведае, раптам адбудзецца зьліў, і ўсё гэта патрапіць наўпрост на стол так званым «праваахоўным органам»? Ці то хтосьці пакарыстаецца гэтай інфармацыяй, каб узяць крэдыт на новы тэлефон (вы будзеце сьмяяца, але я на свае вушы чуў такую вэрсію)?

Па-другое, я лічу, што дэмакратычныя сілы мусілі паставіцца да выбараў як да сапраўдных выбараў — з агітацыяй, пікетамі за мяжою, рассылкай, рэклямнымі ролікамі, апублічваньнем біяграфіяў кандыдатаў — каб людзі разумелі што да чаго. Бо да мяне, напрыклад, «не дагрукаліся» з усім гэтым. Неяк прайшлі міма.

І вось — калі ласка! — так званы агляд рэдакцыйнае пошты.

Расчараваньне, недавер і непрыманьне

Аўтары першае часткі допісаў сумняюцца ў мэтазгоднасьці гэтых выбараў:

«12 партыяў, а хто гэтыя людзі наогул?», «Мне, напрыклад, незразумелая практычная карысьць органа, у які былі выбары», «Ды не цікавыя гэтыя гульні беларусам!», «Я проста не разумею людзей, якія прыймалі ўдзел у гэтым мерапрыемстве», «За адзін пачак авантурыстаў ужо прагаласавалі, палова зь іх — агенты»...

Гэта расчараваньне ў беларускіх дэмакратычных сілах, недавер і непрыманьне. Маўляў, «ёсьць сіла, якая гатовая весьці за сабой нацыю, але яе адцерлі гэтыя нішчымнасьці, якія адно робяць імітацыю бурнай дзейнасьці і пілуюць заходні бюджэт».

Людзі, настроеныя на гэтую хвалю, былі заўсёды, з самага пачатку беларускай дыктатуры — «усё кепска, будзе яшчэ горай, сытуацыю можна было б выправіць, і ёсьць людзі, гатовыя гэта зрабіць, але ніхто ў гэтым не зацікаўлены, таму поўны гамон».

Мы мусім паважаць усе пазыцыі, у тым ліку й гэтую. Тым болей, што калі пачнеш шмат якіх нозьбітаў гэтае пазыцыі ў чымсьці пераконваць, дык умомант зробісься ці то агентам, ці то дурнем.

Ясна, што нічога няясна

Аўтары другой часткі лічаць, што інфармаваньня пра выбары было недастаткова:

«Падпісаны на «Нашу Ніву», на «Маланку», на «Люстэрка»... Упершыню чую, што былі нейкія выбары», «Лічу сябе досыць ангажаванай палітычна асобай. Пра выбары даведалася толькі таму, што Аліна Коўшык і Надзея Нортан ставілі агітацыйныя пасты пра свае кандыдатуры ў Фэйсбуку. Я іх добра ведаю»,

«Ніхто ні разу не зрабіў нармальны прытомны анонс, маўляў, будуць выбары ў КР, кандыдаты наступныя, мэта і зьмест дзейнасьці КР — наступныя», «Нічога ня ясна — што выбіраем, каго выбіраем»...

Пра гэта я й казаў у сваім допісе — ну, чаму б не правесьці масаваную мабілізацыйную кампанію, ну, хаця б, як праводзілі ў якім 2001-м (калі хто памятае — аранжавае сонца на белым тле — «Выбірай!») — перад вамі ж увесь інтэрнэт, перад вамі тэрыторыі замежных гарадоў, у якіх жыве шмат беларусаў, патэнцыйных выбарцаў-галасавальнікаў.

Здавалася б, столькі магчымасьцяў для паўнавартаснай кампаніі! А атрымалася так, нібыта ўсё, як заўжды, праводзілася пад прэсынгам нашае роднае дыктатуры.

«Проста ніхто ня слухае»

Але аўтары трэцяй часткі допісаў так ня лічаць:

«Гэта хатаскрайніцтва — «да мяне не дагрукаліся»! За які кошт рабіць гэтую піяркампанію? Незалежныя СМІ адмовіліся яе падтрымаць, калі кандыдаты прасілі... А тут вам валанцёры яшчэ асабіста да кожнага па хатах хадзіць вінны», «Этот Левон хотел, наверное, чтобы дебаты по БТ крутили денно и нощно» (гэты арыгінальны камэнтар лепей пакінуць безь перакладу); «Грукаліся і несьлі ў масы. «Эўрарадыё» і «Радыё Рацыя» зрабілі шмат. Проста ніхто ня слухае», «Вельмі шкада, што народ ня здолеў знайсьці ўсяго 2 хвіліны ў сваім жыцьці, каб падтрымаць тых, хто спрабуе растармашыць нашае палітычнае балота і рухацца далей у барацьбе з рэжымам».

Закон выбарчай кампаніі — заангажаваць выбарца

Калі вы, дарагія камэнтатары, лічыце, што народ мусіць сам знаходзіць інфармацыю пра ініцыятывы, кандыдатаў, дзейнасьць Рады і ўсё-усё-усё і яшчэ галасаваць, дык вы жорстка памыляецеся! Ёсьць законы любой выбарчай кампаніі — вы мусіце мабілізаваць выбарца! Заангажаваць яго.

Так, па хатах хадзіць! Чаму ў Менску перад выбарамі хадзілі, а цяпер — не? Калі вашае радыё ніхто ня слухае, дык ідзіце туды, дзе ёсьць людзі! Напрыклад, у TikTok.

Зрэшты, зноў жа ж, мы мусім паважаць любыя меркаваньні. Хатаскрайніцтва, кепскі народ, кожнага цікавяць адно ўласныя праблемы — вы маеце права на гэтыя думкі.

Але які тады вынік? Якія высновы? Кінуць гэта ўсё, знайсьці сабе новы лепшы народ? Можа, у кагосьці й атрымаецца.

Хвілінка пазітыву на астачу

«А вы самі прагаласавалі?», — запытаўся ў мяне ўедлівы камэнтатар. Я не баюся адказваць на гэтае пытаньне (хаця камусьці адказ, як у нас прынята, ня надта спадабаецца):

«Так, я прагаласаваў». Таму што я заўсёды за рухняк-варушняк і супраць балота, дрыгвы і застою.

І на астачу:

«Шкада, што не дагрукаліся да ўсіх і да вас, Лявон. Будзем грукацца мацней. Дзякуй».

Вам дзякуй! За тое, што адэкватна і станоўча глядзіце на рэчы. Значыцца, нічога ня страчана. Грукайцеся мацней!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(63)