Лявон Вольскі напісаў песню наверсе Эйфелевай вежы!
А потым пераклаў яе… з французскай мовы на беларускую.
На канцэрце “Белая яблыня грому”, які адбудзецца 16 снежня а 19-й гадзіне ў КЗ “Мінск” Вольскі збіраецца здзіўляць народ.
-- А то тут некаторыя кажуць: “Мы ўжо ў сакавіку на “Белую яблыню” хадзілі, чаго зноўку ісці!..” – пасміхаецца Лявон. – Дык мы працуем над тым, каб пасля гэтыя людзі кусалі сябе за локці ў роспачы, што прапусцілі та-акое!..

Сёння, напярэдадні канцэрту, Лявон прэзентуе незвычайны сінгл – песню “Хай будзе дзень”. Незвычайны – бо яна падаецца адразу ў двух варыянтах, па-беларуску і па-французску (адпаведна “Vive Le Matain!”). Чаму па-французску?
-- Я вучыў французскую ў школе, -- кажа Лявон. – І не тое, каб занадта шмат ужываў яе пасля… Але як давялося быць у Парыжы, дык пагаварыў крыху з парыжанамі і парыжанкамі. Будзеце смяяцца, але толькі ў трэці прыезд у Парыж патрапіў на Эйфелеву вежу! Першыя два разы была такая чарга, што завярнуліся і пайшлі. Трэці раз чарга была не меншая, але было б недарэчна і трэці раз не патрапіць. Мужна адстояў некалькі гадзінаў. У часе гэтага стаяння пачаў згадваць розныя французскія вершы, спевы, мелодыі…
Тут прыйшла чарга набываць квіток. Высветлілася, што Вольскі стаў не ў тую чаргу – і трэба падымацца… пехам! Бо на адной “назе” вежы ёсць ліфт, на другой – толькі лесвіца.
-- Недзе на 87-й прыступцы я зразумеў, што радкі, якія круцяцца ў галаве, гэта не верш з падручніка, а нешта маё ўласнае! Стаў напяваць сабе пад нос… Карацей, пакуль дабраўся да кабінета Густава Эйфеля на самым версе – песня была гатовая!..
Як шчыры патрыёт, адразу па вяртанні на Бацькаўшчыну Лявон пераклаў песню на беларускую мову.
-- Упершыню, ведаеце, перакладаў сам сябе з французскай!.. -- смяецца музыка. – Ужо ў Мінску мне дапамагла адрэдагаваць французскі варыянт наша сяброўка і перакладчыца Кася Бохан. Высветлілася, што агульныя рэчы я са школы памятаю, а ўсялякія там канчаткі-склоны падзабыў крыху…
Што атрымалася – паслухайце lvolski.comтут І прыходзьце на канцэрт 16 снежня!
“Белая яблыня грому”
16 снежня (чацвер) а 19-й гадзіне
КЗ “Мінск”
Квіткі (017) 2801510, (029) 6555596
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное