Руслан Гарбачоў
Лявон Вольскі: «Каюся, што ішоў на кампрамісы»

Напярэдадні канцэрту ў Вільні Лявон Вольскі даў вялікае інтэрв’ю «Салідарнасці», дзе распавёў, пра якія сустрэчы з высокімі чыноўнікамі ён шкадуе і якія высновы зрабіў з падзей ва Украіне.

Вясною Лявон Вольскі выпусціў альбом «Грамадазнаўства» (паслухаць яго можна тут). А 11 кастрычніка нарэшце прэзентуе яго ў Вільні, дзе таксама зграе хіты N.R.M., «Мроі», Zet (як трапіць на кэнцэрт апісана тут). Напярэдадні выступу музыка даў інтэрв’ю «Салідарнасці».

– Чаму канцэрт у Вільні, а не ў Менску?

– Бо канцэрты ў Менску заўсёды знаходзяцца пад пагрозай зрыву ў апошні момант. Таму мы вырашылі ў Менску глабальныя акцыі не праводзіць, толькі дробныя, акустычныя, максімум для 300 чалавек.

У нас жа любяць не загадзя забараняць, а за два, за адзін дзень да канцэрту. Не хочацца чарговым разам абломваць і расчароўваць людзей, якія набылі квіткі. Я разумею, што ім і так не проста: стасункі з амбасадай, пераезды. Але калі пройдзеш гэтыя пякельныя колы і апынешся ў Вільні, то атрымаеш цэлы комплекс: і канцэрт, і славутыя віленскія рэстарацыі і кавярні, і добры для вока краявід з архітэктурай. І можна гэтым разам не ў «Акропаліс» пайсці, а да Вострай Брамы, прайсціся па беларускіх месцах. 

– У загалоўнай песні новага альбому, вы спяваеце: «дзяўчыны выглядаюць як прастытуткі, хлопцы выглядаюць як міліцыянты». З якой крытыкай з боку народных мас сутыкнуліся па гэтай прычыне?

– Я сутыкнуўся з простым непрыняццем. «Ай, не падабаецца песня і ўсё». А чаму? «Ну навошта вы пра гэта наогул».

Людзей можна зразумець: калі яны кожны дзень бачаць гэта на вуліцы, а іх яшчэ і тыкаюць туды носам... Людзі заплюшчваюць вочы і хочуць жыць у камфортнай абстаноўцы. Па грошах яны наблізіліся да камфорту (маю на ўвазе сярэдні зрэз), дома ў іх у прынцыпе нармальна, на лецішчы таксама па-еўрапейску. А што адбываецца навокал, яны намагаюцца проста не бачыць. 

А з крытыкай я не сутыкаўся, бо што тут крытыкаваць? Гэта ж менская рэчаіснасць. Узяць хлапцоў з раёна: усё роўна гэта будзе сіні ніз і чорны верх (джынсы і чорная куртка), кароткая фрызура (калі не лысая галава). А дзяўчыны будуць з выклікам расфарбаваныя, у міні-спадніцах, панчохах у сетачку.  

– Вы выпусцілі бескампрамісны альбом...

– ...Ай, не люблю я гэтыя ярлыкі.

– А на якія кампрамісы вы свядома ідзеце з грамадствам і дзяржавай?

– Я ішоў на вельмі шмат кампрамісаў, і лічу, што ўсе яны былі непатрэбнымі. Нічога ў лепшы бок яны не змянілі.

Напрыклад, яшчэ пры познім саўку мы хадзілі да нейкіх дзеячоў аддзела культуры Мінгарвыканкама, і Юра Цыбін казаў ім: гэта таленавітыя музыканты, ім трэба репетыцыйная база, а яе ў іх няма. Цёці з Мінгарвыканкама адказалі: ну-ну, можа быць, што-небудзь. І адразу было зразумела, што нічога не зменіцца. «Ну вы як-небудзь потым зайдзіце, ці мы вас знойдзем па тэлефоне». Ніколі нічога не было.

Потым быў кампраміс, калі гурты «Мроя» і «Новае неба», дзе я тады граў, уладкаваліся ў філармонію, у Рэспубліканскую дырэкцыю эстрадна-цыркавога мастацтва. Пры беларусізацыі ім патрабаваўся нейкі адсотак беларускамоўных выканаўцаў. Мы прайшлі адбор, хаця на той момант былі ўжо сталымі музыкамі. Ярмоленка тады на адборы сказаў: во, дык хлопцы сур’ёзныя. Мы тады гралі хард-рок, а я спяваў смешным фальцэтам.

Шмат гадоў мы там сядзелі і рэпетавалі, але ніводнага канцэрту ад іх так і не адыгралі. Толькі аднойчы ўжо пры Лукашэнку ў Мазыры пад фанеру. Гэты быў проста абсурд, што рабілася на тым свяце горада. Кожнаму з музыкаў выдалі пакуначак з бутэлькай каньяка, яблыкам і нейкімі прадуктамі, каб ён у нумары «уедзініўся» і гэта рэалізаваў.

Вельмі непрыемным быў кампраміс, калі мы разам з іншымі музыкамі хадзілі да аднаго дзяржаўнага дзеяча.

– Алега Праляскоўскага, на той момант намесніка кіраўніка Адміністрацыі па ідэалогіі.

– Мне тады падавалася, што гэта пазітыўны працэс, бо тры гады забароны нічога не зрушвалася. Народ прыняў гэтую сітуацыю. Увогуле наш народ хутка звыкаецца з абставінамі: «нармальна ў прынцыпе». Аднаго павесілі, дык ён прызвычаіўся, нават вяроўка на шыі не муляла (усміхаецца).    

Але калі пасля сустрэчы з Праляскоўскім мы пачалі рабіць канцэрты, то не пакідала адчуванне, што адбылося нешта не тое, што ты нешта прадаў. Я браў паўзу, не іграў у канцэртах, якія інспіравала ўлада, тыпу «Bela Music». Адразу ўсе раней забароненыя музыкі павінны былі граць на дзяржаўным мерапрыемстве, каб паказаць замежным дзеячам, што ў нас свабода і рок не тое што не дазволены, а вітаюцца.

А потым нас забаранілі ў другі раз, і так, што мы нават у кавярні не маглі сыграць. Ужо дабраліся і да «Графіці», і да «Гасцей» – дзе мы толькі не спрабавалі. Так што гэты кампраміс прывёў яшчэ да горшай сітуацыі.

Да таго ж закрылі «Аўтарадыё» – адзінае прагрэсіўнае радыё на той момант. Страшна сказаць, сёння «Крамбамбулю» можна, відаць, пачуць толькі на «Сталіцы» уначы. Я FM не слухаю, але чытаю ў інтэрнэце, што пішуць людзі. Падпольна ўначы нехта паставіў песню «Госці» – страшная дыверсія!

Тое, што мы пасля сустрэчы з Праляскоўскім два гады парыпаліся, нешта паігралі... Цяпер насамрэч зразумела, што пры гэтай уладзе незалежная музыка ніяк не будзе развівацца. Яна будзе развівацца толькі насуперак, на іншых тэрыторыях.

– У снежні 2013-га вы выступілі на Майдане ў Кіеве. Якія высновы зрабілі для сябе, гледзячы на далейшыя падзеі ва Украіне і рэакцыю беларусаў на іх?

– Высновы вельмі несуцяшальныя. Анэксія нашай тэрыторыі можа здарыцца вельмі-вельмі лёгка. Нават без уводу войск. Гэта можна проста распіярыць па тэлеканалах. Хутчэй за ўсё не абсалютная большасць, але ўсёткі большасць гатовая будзе галасаваць за далучэнне. Тым больш, калі пачнуць паказваць, як там шмат зарабляюць людзі, як класна адпачываюць.     

Я нядаўна быў на курорце на Балканах. І што мяне здзівіла. У інтэрнэце ідзе такая грызня. А на пляжы нармальна суседзяць украінцы (украінскамоўныя!) і расійцы. У інтэрнэце пад псеўданімамі ўсе такія смелыя, лёгка пішуць праклёны, што ўсіх заб’юць. На курорце я наогул не заўважыў такой агрэсіі ў расійскім народзе, хаця рыхтаваўся да гэтага. 

– Многія расійскія творцы зараз не толькі адмяжоўваюцца ад Андрэя Макарэвіча, але і абвінавачваюць яго ў здрадзе. А з якой рэакцыяй калег вы сутыкнуліся, калі ў 2000-я трапілі ў чорны спіс?

– Ні з якой. Наогул ніякай рэакцыі не было. Я яе і не чакаў. У нас ёсць тры асноўныя катэгорыі артыстаў. Першая: дзяржаўныя, якія прымаюць усе правілы гульні і ўсе ласкі ўладаў. Яны граюць на дзяржаўных канцэртах, прафкамы выкупляюць каля 40% квіткоў на іх выступе дзе-небудзь у Салігорску. Яны маюць добрыя кватэры, машыны.

Другая катэгорыя сёння ўжо маленькая. Раней была цэлая абойма апазіцыйна настроеных гуртоў, якія выступалі адным фронтам. Шмат хто пакінуў гэтае поле пасля ўсіх забаронаў.

Трэцяя, найбольшая кагорта, актыўна прамаўляе, што не спявае пра палітыку і не займаецца ёю, і спадзяецца, што ўлады будуць ім дазваляць граць так, як хаця б на пачатку 2000-х. Хаця гэтага ніколі не будзе. Рэакцыя гэтай катэгорыі на забароны іншых маўклівая, можа быць, крышачку спачувальная – могуць патэлефанаваць.

А большасць маладых музыкаў ніколі і не збіралася спяваць пра жыццёвыя праблемы, ім здаецца, што такі падыход правільны: «Дык а што яны лезлі, хадзілі на нейкія мітынгі?». Гэтыя людзі выраслі за Лукашэнкам і ім здаецца, што гэта нармальна.

Я застаюся ўсё яшчэ ў той радыкальнай групе, якая некалі выступала на мітынгах. Зараз такой мажлівасці няма, бо ніхто з апаратчыкаў не згодзіцца ставіць на акцыі тэхніку. Бо ясна, што за гэта будуць рэпрэсіі. На фірму прыйдзе праверка. Як прыходзіць у клуб ці рэстарацыю. Звычайна выстаўляюць штраф – напрыклад, 10 млн. Намякаюць, што трэба нармальных артыстаў запрашаць, а не тых, каго вы запрашаеце. І ўсё.

Ламаюцца нават вельмі ўпэўненыя ў сабе людзі. Бо гэта іх бізнэс. Тое самае з аппаратчыкамі.

– Вы ўзгадвалі паход да Алега Праляскоўскага. А пазней здараліся ў вас жывыя размовы з чыноўнікамі?

– Не. Я больш ніколі нікуды не пайду размаўляць. Я ўсё зразумеў. У мяне ёсць досвед. Зараз прыгадаў: калі ўжо забаранілі «Крамбамбулю», я, дурань, запісаўся на прыём да намесніка міністра культуры Рылаткі. Гэта быў 2005-2006 год. Забарона «Крамбамбулі» была поўным абсурдам, бо гурт не выступаў на мітынгах. Забаранілі яе зусім праз іншыя схемы, праз Гюнэш гэта здарылася.

Я тады да дзіўнага наіўны быў. Запісаўся на прыём, а калі ты запісаўся, то яны абавязаныя цябе прымаць. Мне патэлефанавалі і папрасілі падысці.

На прыёме я сутыкнуўся з вялікім майстрам дыпламатычнай гульні. Мы размаўлялі з Рылаткам хвілін 20-30, але я не атрымаў адказу ні на адно пытанне. У рэшце гэты чалавек мне сказаў, што я атрымаю адказ, мне патэлефануюць з ніжэйшага звяна і ўсё растлумачаць.

Мне патэлефанавалі і сказалі падыйсці ў нейкі кабінет. Там знаходзіўся досыць цынічны, досыць разняволены клерк, на той час маладаваты для гэтай установы. Спадар Анціповіч мне жвава і спачувальна распавёў, што сам ён за нас, што нядаўна на яго стале яшчэ стаяў бел-чырвона-белы сцяжок, але прыйшоў начальнік і сказаў «ты што?!» і давялося прыбраць. Але такая справа, сказаў ён, што мы тут нічога не вырашаем, трэба ісці ў адміністрацыю прэзідэнта. Там ёсць адна цёця – яна неадэкватная, а ёсць адзін дзядзя – ён больш адэкватны, вось лепш да яго ісці і высвятляць.

У гэты момант я зразумеў: калі ўсё вырашаецца там, то няма чаго лавіць. Вырашыў, што ў адміністрацыю не пайду, хаця потым паводле іроніі лёсу у кампаніі з іншымі схадзіў да Праляскоўскага. І я быў дурны, што пайшоў на гэты і іншыя кампрамісы, таму каюся.

А потым гэтага беднага спадара Анціповіча прызначалі ў гастрольны аддзел Мінгарвыканкама і ён некалькі гадоў заварочваў людзей, якія прыходзілі туды з просьбай дазволіць канцэрты таго ці іншага забароненага гурта. Ён цынічны і вясёлы, вучыўся у «кульку» разам з Хаменкам, калісьці быў вакалістам дэт-метал гурту. Анціповіч казаў: «Рабяты, ну а што я зраблю? Вось спіс. Ну што вы, а?». Наколькі я ведаю, лёс яго не вельмі добра склаўся.

– Вы сказалі, што «Крамбамбулю» забаранілі праз Гюнэш. Якім чынам?

– Я ўжо дакладна ня памятаю, ці то Гюнэш папрасіла, ці мы разам вырашылі зграць канцэрт у Тэатры эстрады, дзе яна працавала ў Раінчыка. Мы згралі. Гюнэш пасля гэтага паставілі перад дылемай: альбо ехаць на «Славянскі базар», альбо граць канцэрт з «Крамбамбуляй». Ясна, што яна выбрала базар (усміхаецца).

А паколькі «Крамбамбуля» зайшла на тэрыторыю экстрадных артыстаў, шмат каму з магнатаў гэтага жанра не падабалася, што мы адбіраем у іх аудыторыю. І нас хуценька прытушылі.

Цяпер мы не здзіўляемся, а тады я абураўся: як гэта так?! «Крамбамбуля» у прынцыпе апалітычная каманда і створаная зусім для іншых мэтаў. Для таго, каб беларускі народ слухаў іранічную дурную музыку на роднай мове тыпу «Госці» і праз такія хіты даходзіў да таго, што існуе беларуская культура.

– Як бы вы назвалі цяперашні перыяд свайго жыцця?  

– Задуменны. Трэба думаць, як далей жыць. Мы ўсё ж такі маем факт, што тут граць не атрымаецца. Вось я і думаю, як далей працягваць. Ці выносіць усё на іншую тэрыторыю, і калі выносіць, то як?

Цяпер у мяне шмат жыццёвага досведу. Апошнія гады былі насычаныя падзеямі, ламаліся шаблоны і стэрэатыпы. Шмат якія людзі выявіліся з нечаканага боку, адбыліся розныя незваротныя змены. Я ведаю, хто мой сябар, а хто – не. Ведаю, што ня трэба шмат мітусіцца, каб дасягнуць патрэбнага выніку. Я ведаю, што ў нейкія ўладныя кабінеты варта ісці толькі калі ад гэтага будзе залежыць чыёсці здароўе ці жыццё.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)