Общество
Зміцер Лукашук, Марыя Вайтовіч, Маша Калеснікава, Еўрарадыё

Лявон Вольскі: Дзяржава не «прысабечыць» Дзень Волі

24 сакавіка ў сталічным клубе «Бруге» нечаканы вялікі сольны канцэрт з нагоды 100-годдзя БНР даў Лявон Вольскі (пасля яго музыка едзе ў Беласток). Як вядома, Дзень Волі Лявон адзначае разам з беларусамі Падляшша.

На канцэрце ля Опернага тэатра ён з'явіцца праз тэлемост. Аднак проста так з'ехаць у Беласток Лявон не змог: у гонар свята музыка з гуртом Volski бясплатна сыграў у Мінску для самых адданых шасціста фэнаў.

За некалькі хвілін да канцэрта Еўрарадыё паразмаўляла з музыкам пра жарсці вакол сёлетняга Дня Волі.

— Вы ўжо ўсім патлумачылі, чаму 25-га Вас не будзе ў Мінску, але сённяшні канцэрт, я так разумею...

— Адмазачны... Усе ўжо напісалі, што яго не варта лічаць святочным, маўляў, толькі 25-га можна выступаць... Толькі Зянон, толькі хард-кор! (смяецца)

— Толькі Лявон, толькі хард-кор! І ўсё ж сённяшні канцэрт адбываецца ў межах афіцыйнага святкавання 100-годдзя БНР?

 — Натуральна. І песня, якую мы днямі выпусцілі, таксама напісана да 100-годдзя БНР.

— Так званы бульбасрач разышоўся па інтэрнэце вакол пытання як можна святкаваць у турме? Як вы ставіцеся да такога фармату святкавання?

— Ну ў турме таксама трэба святкаваць. Наколькі я ведаю, тыя, хто сядзяць, па меры магчымасці святкуюць дні народзінаў. Але я хачу сваё меркаванне наконт усяго, што цяпер адбываецца, выказаць, калі ўсё пройдзе. Пасля 25-га. Я зычу, дарэчы, заўтрашняй імпрэзе вялікай колькасці людзей, добрага канцэрту, жадаю, каб гэта было запамінальна на ўсё жыццё і проста суперскі.

— Я зноў вяртаюся да спрэчак, маўляў, у заўтрашнім святкаванні няма палітычнага кантэксту, адно толькі фестываль і музыка. А такая падзея не можа быць без шэсця і транспарантаў...

— Хто як бачыць. На мой погляд, можа быць і шэсце, і канцэрт. Потым я б раіў пайсці гуляць па горадзе. Выключыць шэсце... Проста яно штогод збірае на тысячу менш чалавек. Летась дык сабралося нармальна, але там прысутнічалі больш антыдармаедскія настроі.

— Івонка Сурвіла ў размове з Еўрарадыё выказала меркаванне, што нягледзячы на тое, што многія актывісты патрапілі напярэдадні Дня Волі за краты, адмаўляцца ад святкавання, як некаторыя мяркуюць, не варта.

—  У тым, што іх зняволілі, ёсць пазіцыя дзяржавы, маўляў, ёсць мяжа.

— А вы не асцерагаецеся, што дзяржава прысабечыць гэтае святкаванне?

— Ды няхай сабе, але яна не прысабечыць. Гэтыя людзі, якія там сядзяць, даўным даўно склалі свае пазлы. Для іх гэта нешта такое ненармальнае, гэта ж не тое, дзе ёсць партызаны, бальшавікі, Ленін і Гамарнікі ўсе гэтыя.

— Неўзабаве вы выпраўляецеся ў тур па Беларусі.

— У нас распісаны ўвесь красавік і частка траўня. Я не ведаю, што можна чакаць ад гэтага тура, бо мы 10 гадоў нікуды не ездзілі.

— Як вы лічыце, песня «Героі» атрымалася?

— Мне падабаецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)