Политика
Анастасія Зелянкова

Лявон Баршчэўскі расказаў “пра гэта”

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі патлумачыў у інтэрв’ю “Салідарнасці”, чаму не агучваў усіх прычын выключэння з партыі Алеся Міхалевіча.

Нагадаем, на мінулым тыдні сябры Партыі БНФ атрымалі ліст, падпісаны старшынёй Партыі БНФ Лявонам Баршчэўскім, у якім тлумачацца прычыны выключэння з партыі намесніка старшыні Алеся Міхалевіча. Сярод іх – тое, што Міхалевіч самаўхiлiўся “ад удзелу ў матэрыяльнай падтрымцы агульнай партыйнай дзейнасцi”, спрабаваў “фінансавымі падачкамі перакупіць актывістаў Фронту” і ўказваў, “каму пэўныя фундатары павiнны даваць падтрымку”.

Заўважым, што выкладзенае ў звароце зусім не адпавядае таму, што старшыня агучваў раней на Сойме і ў прэсе. Прынамсі, Лявон Баршчэўскі сцвярджаў, што падставай для выключэння Міхалевіча былі ягоныя абразлівыя выказванні ў прэсе на адрас былога і сённяшняга кіраўніцтва партыі.

На просьбу пракаментаваць ягоны ліст да сяброў партыі з тлумачэннямі іншых прычын выключэння, старшыня БНФ не адразу змог прыпомніць, што нават адпраўляў такі зварот.

— Я не ведаю, пра які ліст вы гавораце, — заявіў “Салідарнасці” Лявон Баршчэўскі. — Я адпраўляю шмат лістоў, у тым ліку і сябрам партыі. Да таго ж, не ўбачыўшы, я не магу сказаць, ці сапраўды гэты зварот пісаў я.

На заўвагу, што пад зваротам стаіць менавіта ягоны подпіс, старшыня пагадзіўся:

— Магчыма. Сярод прычын выключэння Міхалевіча былі і такія. Але ў нашай сённяшняй сітуацыі я не магу голасна ўсё гэта агучваць. Мы павінны быць асцярожнымі. У прыватных размовах з сябрамі партыі я тлумачу, што да чаго. Выязджаю таксама ў рэгіёны, сустракаюся з партыйцамі, размаўляю наконт сітуацыі. Заняўшы пасаду, Міхалевіч узяў на сябе пэўныя абавязацельствы, аднак яны так і не былі выкананы. Гэта я і спрабую давесці.

Што да выказванняў на адрас газет “Наша ніва”, “Салідарнасць”, “БелГазета” і іншай непартыйнай прэсы, якая, як адзначана ў звароце Баршчэўскага, “толькi й чакае сэнсацыяў, каб паведамiць пра рознагалосьсi ў найстарэйшай палiтычнай арганізацыi Беларусi”, старшыня папрасіў не лічыць гэтыя словы папрокам.

— Я меў на ўвазе тое, што любая газета любіць сенсацыі. І гэта нармальна. Канешне, выключэнне намесніка старшыні БНФ – гэта сенсацыя. Журналісты працуюць па сваёй схеме, а мы па сваёй. І гэта не папрок прэсе.

Да таго ж Баршчэўскі чарговы раз заўважыў, што дарога ў БНФ для Міхалевіча не закрытая. Зразумела, калі той “зробіць адпаведныя вывады”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)