Общество
Іна Студзінская, Радыё Свабода

Ляўрэатамі прэміяў ПЭН-цэнтру сталі Арлоў, Марозава, Лісейчыкаў і Лапатка

Беларускі ПЭН-цэнтар уганараваў трыма літаратурнымі прэміямі: імя Алеся Адамовіча, Францішка Багушэвіча і Карласа Шэрмана. Ляўрэатамі адпаведна сталі Уладзімер Арлоў; Сьвятлана Марозава і Дзяніс Лісейчыкаў; Якуб Лапатка.

Прэмія імя Карласа Шэрмана ўручаецца за найлепшы пераклад літаратурнага твору на беларускую мову. Заснавалі яе толькі сёлета, і сёньня, у дзень народзінаў Карласа Шэрмана, стаў вядомы першы ляўрэат — Якуб Лапатка, які пераклаў зь фінскай мовы эпас «Калевалу» (выдавец Зьміцер Колас).

У доўгім сьпісе намінантаў было 15 кніг, перакладзеных з 6 моваў 23 перакладчыкамі. У шорт-ліст трапілі яшчэ два прэтэндэнты:

Павал Касьцюкевіч — пераклаў з ангельскай мовы «Аўтаспынам па галяктыцы» Дугласа Адамса (выдавецтва «Логвінаў»);

Францішак Корзун — пераклаў з ангельскай «Лісты Круцяля» Клайва Стэйплза Льюіса (выдавецтва «Галіяфы»);

Прэмію імя Алеся Адамовіча (за найлепшы публіцыстычны твор, прысьвечаны актуальным праблемам сучаснасьці) атрымаў Ўладзімер Арлоў за кнігу «Імёны Свабоды».

Прэмія заснаваная ў 1995 годзе. Раней было 4 намінацыі: літаратурная публіцыстыка, газэтная журналістыка, кінажурналістыка, радыёжурналістыка. Цяпер намінацыяў менш.

Сярод ляўрэатаў прэміі імя Алеся Адамовіча розных гадоў — шмат свабодаўцаў: Валянцін Жданко, Віталь Цыганкоў, Ганна Соўсь, Сяргей Дубавец, Віталь Тарас, Сяргей Шупа, Міхась Скобла, Сяргей Навумчык.

Прэмія Францішка Багушэвіча сёлета прысуджаная Святлане Марозавай за кнігу "Сваёй веры ламаць ня будзем...": супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780 - 1839 гады)" і Дзянісу Лісейчыкаву за працу "Сьвятар у беларускім соцыюме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства (1596 - 1839).

Прэмія была заснаваная ў 1994 годзе і ўручаецца за выдатную гістарычную прозу, якая спрыяе абуджэньню гістарычнай сьвядомасьці чытачоў.

У ліку ляўрэатаў мінулых гадоў — свабодавец Аляксандар Лукашук, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Катлярчук, Вольга Бабкова, Людміла Рублеўская, Дзьмітры Матвейчык, Анатоль Трафімчык.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)