Политика
Руслан Гарбачоў

Ляўковіч абвінаваціў Краўчанку ў спробе купіць партыю

Скандал у Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Старшыня партыі Анатоль Ляўковіч абвінаваціў экс-міністра замежных спраў Пятра Краўчанку ў спробе купіць яго паплечнікаў і ўзначаліць структуру, каб пасля выставіць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах.

22 кастрычніка Анатоль Ляўковіч выступіў з адкрытым лістом да сяброў партыі. Старшыня БСДП заявіў, што экс-міністр замежных справаў Пятро Краўчанка, карыстаючыся цяжкім фінансавым становішчам партыі, хоча захапіць кіраўніцтва ў ёй. Адзначым, што на днях сацыял-дэмакраты пазбавіліся офіса ў Мінску.

У інтэрв’ю «Нашай Ніве» старшыня БСДП (Грамада) адзначыў, што «апошні ЦК партыі праходзіў з канкрэтным парушэннем статутных нормаў, калі беспартыйны сп.Краўчанка аплачваў квіткі сябрам ЦК». Па словах Ляўковіча, за пару тыдняў да пасяджэння ЦК ён запытаўся ў Краўчанкі: «Пятро, кажуць, што ты збіраешся стаць старшынём БСДП і кандыдатам у прэзідэнты, ці праўда гэта?». Але адказы на гэтыя пытанні не пачуў. Тым не менш, Ляўковіч абвінавачвае Краўчанку і сваіх паплечнікаў у тым, што яны хочуць ініцыятаваць пазачарговы з’езд партыі.

Тым часам намеснік старшыня БСДП (Грамада) Анатоль Сідарэвіч раскрытыкаваў свайго кіраўніка ў часопісе ARCHE) за выступ на старонках «Советской Белоруссии». У артыкуле Сідарэвіч сярод іншага адзначыў, што «кандыдат філасофскіх навук Анатоль Ляўковіч – малапісьменны чалавек. Ён піша з памылкамі і па-беларуску, і па-расейску (іншых моваў не ведае)», а таксама, што «логіка ўчынкаў Ляўковіча простая: калі не палепшыцца матэрыяльнае становішча партыі, дык мо палешыцца маё асабістае становішча?».

З просьбай пракаментаваць скандал у партыі, што ўваходзіць у склад Аб’яднаных дэмакратычных сіл, «Салідарнасць» звярнулася да старшыні аргкамітэта БСДП (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча, якога некалі, як і цяпер Ляўковіча, спрабавалі змясціць з пасады кіраўніка.

– У 2004 годзе была спроба купіць партыю, адзін малады палітык уклаў да 100 тыс. долараў, – сказаў ён.

Спроба гэта, па яго словах правалілася. Але ў пачатку 2005 года яго былыя паплечнікі, сярод якіх быў і Ляўковіч, звярнуліся ў Мінюст. У выніку рэарганізаваную структуру БСДП (Грамада) праз хуткі час узначаліў Аляксандр Казулін, а Статкевіч стаў старшынёй аргкамітэта БСДП (Народная Грамада).

Адрозненне цяперашняй сітуацыі ад падзей чатырохгадовай даўніны Статкевіч бачыць у тым, што «Казулін спачатку заплаціў грошы, аб усім дамовіўся. А Краўчанка Ляўковічу не заплаціў».

– Статус-кво ў партыі захаваецца, – робіць выснову палітык. – Краўчанка можа ўзначаліць БСДП альбо пры кансенсусе ўнутры партыі, альбо пры жаданні Лукашэнкі, што малаверагодна.

У адваротным выпадку, лічыць Статкевіч, Ляўковіч, які ўжо заяўляў у «Советской Белоруссии» пра падтрымку Лукашэнкі, напіша скаргу ў Мінюст, які прыме яго пазіцыю.

– У БСДП (Грамада) чакалі выбараў, збіраліся каму-небудзь прадацца. А ніхто не хоча купляць, партыю проста хочуць забраць «на халяву». Вось яны і лямантуюць, – адзначыў ён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)