Лябедзька: Трэба, каб кожны грамадзянін даў на перамены 5-10 тысяч рублёў

“Мы” распачынаем публікацыі ў межах рубрыкі “Грамадскі кантроль: палітыка павінна быць адказнай!” паводле пытанняў нашых чытачоў да палітыкаў. Першым на іх і на бліц-анкету, складзеную нашым сайтам, адказвае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, бо ён быў першым, да каго прыйшло пытанне. Гэта і абумовіла старт гэтым палітыкам.

- Ці будзеце балатавацца ў прэзідэнты?

- Ёсць пытанні, якія вырашае адзін чалавек, адна персона. А ёсць пытанні, якія павінны вырашацца калегіяльна, а не індывідуальна. Калі гэта тычыцца сям’і ці маіх уласных схільнасцяў, то тут я магу сам за сябе адказваць. А што тычыцца прэзідэнцкай кампаніі, то я перакананы прыхільнік таго, што на гэтыя выбары трэба ісці адной калонай, з адным кандыдатам. Аб’яднаная грамадзянская партыя прыняла рашэнне: мы будзем удзельнічаць у працэдуры вызначэння адзінага кандыдата ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. І, безумоўна, паспрабуем перамагчы. Што тычыцца вылучэння ад АГП, гэта будзе вырашаць партыя, але я лічу, што лагічна, каб гэтай кандыдатурай быў менавіта старшыня. У адваротным выпадку ён не лідэр партыі і павінен займацца нейкімі іншымі справамі.

- Як у партыі пакаралі альбо ўзнагародзілі Аляксандра Дабравольскага за тое, што ён “забыўся” перадаць у дзяржпрэсу праграму адзінага кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандра Мілінкевіча?

- Справа ў тым, што ў штабе адзінага кандыдата працавала пэўная колькасць людзей. Але пры гэтым яны на некаторы час паклалі ў сейф свае партыйныя білеты і падпарадкоўваліся правілам агульнай кампаніі. Таму можна сказаць, што на час выбарчай кампаніі мы аддалі ў арэнду адзінаму кандыдату нашых людзей. І пра тое, як хто там працаваў, трэба судзіць не па адным нейкім дзеянні. Мне падаецца, што ў штабе не хапіла дакладнага размеркавання абавязкаў: хто канкрэтна за што адказвае. Але на памылках вучацца.

- Ці дапамагае партыі беларускі бізнэс?

- Па-першае, беларускага бізнэсу, на мой погляд, зараз не існуе. Яго парэшткі можна сустрэць у нядзелю на чыгуначным вакзале, калі шматлікія беларусы едуць у Кіеў, Вільнюс, Варшаву ці Маскву, таму што ў іх там бізнес. А сюды яны прыязджаюць толькі на выхадныя, каб пабачыцца са сваякамі і сябрамі. А другая частка бізнэсу – гэта людзі, якія працуюць выключна пад “дахам” уладаў. Я не хачу сказаць, што гэта цалкам крымінальны бізнэс, але гэта той бізнес, які працуе не ў прававым полі, а “па паняццях”. Таму яго ў стэрыльным сэнсе таксама нельга назваць бізнэсам.

Індывідуальныя прадпрымальнікі – так, існуюць пакуль што. Сярэдні бізнэс – таксама. Але ўсё гэта знаходзіцца ў такім пачаткавым стане. І нейкай вялікай дапамогі ад іх чакаць не выпадае. Але я прыхільнік таго, каб у Беларусі разгарнуць нацыянальную кампанію па самафінансаванні апазіцыі. Каб мы маглі звярнуцца да грамадзянаў, незалежна ад таго бізнэсмен ён ці настаўнік, урач ці пенсіянер. Дай 5-10 тысячаў рублёў на перамены! І мы скажам табе, на што яны пайшлі. Вось на гэтую ўлётку, якую ты атрымаў супраць будаўніцтва атамнай станцыі, ці на незалежную газету, дзе гаворыцца, што насамрэч адбываецца з нашай эканомікай. І вось калі ў нас атрымаецца арганізаваць такую кампанію, то гэта можа стаць сур’ёзнай крыніцай фінансавання апазіцыі. Калі кожны грамадзянін выдаткуе на падтрымку дэмакратыі, то гэта будзе вельмі сур’ёзная сума. Па-другое, мы б разбурылі стэрэатып, які стварае афіцыйная прапаганда пра тое, што беларуская апазіцыя цалкам залежыць ад заходніх грантаў. Гэта вельмі важны псіхалагічны фактар.

- Ці не надыйшоў час змяніць у АГП лідэра? Бо атрымоўваецца, што калі Лукашэнка ідзе на трэці тэрмін, то гэта дрэнна, а калі партыйныя лідэры кіруюць не менш і нікуды сыходзіць не збіраюцца - гэта норма…

- Па-першае, зусім не карэктна параўноўваць лідэра любой дэмакратычнай беларускай партыі з Аляксандрам Лукашэнка. Кожны з іх, каб атрымаць пасаду, праходзіць праз працэдуру выбараў. У той час як Лукашэнка праходзіць праз працэдуру прызначэння. А па-другое, гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі палітычнай структуры. Калі мы часам ставім яго на парадак дня, то тым самым зневажаем людзей, якія працуюць у гэтай арганізацыі. Быццам бы яны другога гатунку і не могуць зрабіць асэнсаваны выбар.

У нас у партыі ёсць былы прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір, двойчы Герой Сацпрацы Васіль Старавойтаў, былы міністр працы Аляксандр Сасноў, экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч. Былыя парламентарыі – Дабравольскі, Данейка. І гэтак далей. І вось такая пастаноўка пытання зневажае іх. Мне падаецца, што ў іх хапае і розуму, і досведу, каб вызначыцца, які ім патрэбны лідэр у партыі.

Па-трэцяе, усё вымяраецца эфектыўнасцю працы. А эфектыўнасцю працы палітыка з’яўляецца вынік, які партыя паказвае падчас выбарчых кампаніяў. Прыкладам, Гельмут Коль ці Маргарэт Тэтчэр, яны па паўтара дзесятка гадоў узначальвалі свае партыі і кіравалі дзяржавамі. І гэта адбывалася да той пары, пакуль яны рабілі гэта эфектыўна. А што адбываецца ў Беларусі?

У нас няма сістэмы, якая б выразна вызначала, калі палітыку прыйшоў час сыходзіць на адпачынак. У цывілізаваным свеце ўсё зразумела: праваліла партыя выбары – значыць, прыйшоў час абнавіць кроў. А як ў Беларусі вызначыць тое, эфектыўна кіруе лідэр нейкай структуры ці не? Калі па афіцыйных звестках мы атрымоўваем па 15% галасоў выбаршчыкаў, а па іншых крыніцах, шмат у якіх рэгіёнах кандыдаты ад АГП павінны былі перамагчы ўжо у першым туры парламенцкіх выбараў.

Я згодзен з іншым - канкурэнцыя за лідэрства ў партыях вельмі слабая. Бо далёка не ўсе, нават вельмі здольныя людзі, маюць жаданне працаваць у такіх складаных умовах. Яны добра разумеюць, што кожны месяц у лідэра ёсць пэўныя абавязкі. Табе трэба падтрымліваць партыйную інфраструктуру, шукаць грошы ды яшчэ ўвесь час адчуваць ціск з боку ўладаў. Таму і атрымоўваецца, што канкурэнтнае асяроддзе ўнутры партый не вельмі моцнае. Гэта я прызнаю як факт.

- Ці жадаеце вы, каб ваш сын таксама пачаў займацца актыўнай палітычнай дзейнасцю ці нават стаў партыйным функцыянерам?

- Ну, ён дастаткова дарослы чалавек. Мы літаральна днямі адзначылі яго 23-годдзе. Ён сам павінен прымаць рашэнне. Ну, не цягне яго ў палітыку. Ён сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ён ходзіць на мітынгі. Але патрапіць у нейкую палітычную абойму – у яго такой мэты не стаіць. І я ніколі не спрабаваў быць садоўнікам, які штучна прышчапляе гэтую схільнасць. Ён мае добрую адукацыю – юрыст-міжнароднік. Але “дзякуючы” прозвішчу, знайсці добрую працу ў Беларусі пакуль не можа. І гэта насамрэч вялікая праблема. - Чым будзеце займацца пасля таго, як адыдзеце ад палітычных справаў?

- Я спадзяюся, што гэта здарыцца ўжо тады, калі можна будзе зрабіць сапраўдны выбар. Зараз выбар у мяне не вельмі вялікі. Акрамя таго, я займаюся справай, якая мне падабаецца, якая небяспечная, якая прыносіць мне шмат праблем. Але з іншага боку, гэтыя праблемы і загартоўваюць.

У мяне добрая адукацыя. Я б ў іншай сітуацыі мог бы, прыкладам, працаваць юрыстам. Стварыць юрыдычную кантору і аказваць дапамогу людзям, даваць ім кансультацыі. Я мог бы займацца бізнесам. Мог быць проста чыноўнікам. Галоўнае, каб дзеля гэткай самарэалізацыі былі створаныя адпаведныя магчымасці.

БЛІЦ-Анкета

- Марка машыны, мадэль, год выпуску?

- “Рэно Сцэнік”, 1998

- Колькі пакояў у вашай кватэры?

- Тры

- Кніга, якую прачыталі апошняй?

- Пачаў чытаць мемуары Джона Макейна.

- Улюбёныя творы літаратуры і пісьменнікі?

- Сімпатычны Караткевіч з беларускіх аўтараў. Ну, і люблю Акуніна. Прачытаў амаль усе яго раманы.

- Музыка, якая слухалася і спадабалася апошнім часам?

- Слухаю НРМ. А так люблю рэчы “Пінк Флойд”, “Скорпіёнз”, “Ролінг Стоунз”.

- Улюбёныя кампазітары і песні?

- Музыку люблю, але сябрам фан-клуба нейкага канкрэтнага кампазітара не з’яўляюся.

- Уражанні ад апошняга прагледжанага новага фільма?

- Спадабалася “Сістэма Пуціна”. І “Ліст да Ганны”. Гэта варта паглядзець. Актуальна для Беларусі і зроблена па-майстэрску.

- Любімыя фільмы і рэжысёры?

- Люблю дакументалістыку і фільмы з гістарычным кантэкстам, бо сам гісторык па адукацыі.

- Ці маеце хатніх жывёлаў?

- У нас ёсць кот Ціма, кававы брытанец – ён у нас паўнавартасны член сям’і.

- Як клічуць жонку, дзяцей, унукаў, дзе працуюць, вучацца?

- Сын Арцём, скончыў сёлета БДУ па спецыяльнасці “Міжнароднае права”. Спробы працаўладкавацца ў Беларусі не ўдаліся. Цяпер паступіў у магістратуру ЕГУ па той самай спецыяльнасці. Жонка Святлана выкладае англійскую мову ў школе.

- Вашыя хобі?

- З задавальненнем раблю ранішнія прабежкі, гуляю ў футбол. Люблю збіраць грыбы.

- Выбітныя палітыкі ў гісторыі і сучаснасці?

- Надта карыснымі і эфектыўнымі для сваіх краін былі Маргарэт Тэтчэр і Гельмут Коль. Калі казаць пра маральныя аўтарытэты, то, натуральна, Вацлаў Гавел.

- Любімы палітычны анекдот?

- Лепш распавяду пра факт з жыцця. Калі Лукашэнка быў першы і апошні раз з афіцыйным візітам у Еўропе – наведваў Францыю, у мяне напярэдадні паездкі адбылася дыскусія з паслом Францыі Клодам Жоліфам. Дыпламат, тлумачачы запрашэнне, сказаў, што Францыя сыходзіць з таго, што няма дрэнных вучняў, а ёсць недастаткова падрыхтаваныя настаўнікі. Добры педагог, маўляў, заўжды можа даць некалькі добрых урокаў – і вучань зменіцца ў лепшы бок. А я сказаў: давайце дачакаемся сканчэння візіту і зробім высновы. Лукашэнка вярнуўся і прама ў аэрапорце, адказваючы на пытанні журналістаў пра свае ўражанні, давёў, што пасля перамоваў з Жакам Шыракам, той сказаў, што Францыя можа шмат чаго пераняць у Беларусі. Для замежцаў гэтая гісторыя ўспрымаецца як анекдот. Але то нашыя рэаліі.

- Ваш дэвіз?

- Дарогу адужае той, хто ідзе.

- Любімыя алкагольныя напоі?

- Паважаю літоўскае піва. На свята магу выпіць добры віскі.

- Шкодныя звычкі?

- Пэўна ж, ёсць, але хай пра іх ведаюць я і мае блізкія.

- Любімыя віды спорту?

- Футбол. Баскетбол. Раней любіў хакей, але апошнім часам нешта разлюбіў.

- Краіна, у якой хацелі б жыць, апрача Беларусі?

- Я нідзе больш не хацеў бы жыць. Па іншых краінах хацеў бы толькі падарожнічаць. З задавальненнем паездзіў бы па Лацінскай Амерыцы і Сібіры.

- Якімі замежнымі мовамі валодаеце?

- Французская, руская.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)