Политика
Генадзь Косараў, Уладзіслаў Пратаскін, «Заўтра тваёй краіны»

Лукашэнку выгадна не ехаць у Прагу

Падаецца, “мядовы месяц” у дачыненнях паміж Мінскам і Бруселем скончыўся вялікім скандалам: Аляксандр Лукашэнка нечакана з’ехаў у Ерэван, а еўракамісарка Беніта Ферэра-Вальднер не менш раптоўна змяніла свае планы і на месяц перанесла візіт у Беларусь.

Як адаб’еццае гэты форс-мажор на магчымым ўдзеле Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі ў праграме “Усходняга партнёрства”, лёс якога будзе вырашацца 7 траўня?

-- Я б тут не стаў казаць пра разрыў ці курс беларускіх уладаў на разрыў дачыненняў з Еўропай. Менавіта зараз пасля многіх гадоў афіцыйны Мінск дабіўся фактычна таго, што справы на еўрапейскім кірунку пайшлі па ягоным сцэнары прагматычных дачыненняў, -- канстатуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Візіт у Ерэван – каб не раздражняць Маскву

Еўрачыноўнікі не ўтойваюць, што ў дачыненні да Беларусі як краіны, якая знаходзіцца паміж двух блокаў: Расіяй і Еўразвязам -- і ўсё ніяк не вызначыцца з арыентацыяй, будуць выкарыстоўваць тактыку “мяккай сілы”.

-- Мы не настойваем на тым, каб беларускае кіраўніцтва тэрмінова прымала рашэнне. Бо ў сітуацыі, калі існуць настолькі моцныя сувязі з Расіяй, сёння Аляксандр Лукашэнка адказаў бы на такі ціск: “Мы застаемся з Расіяй”, -- патлумачыў “Заўтра тваёй краіны” добра дасведчаны прадстаўнік Германіі, які пажадаў застацца ананімным. -- Але калі цвяроза ацаніць, дык Еўразвяз можа даць Беларусі больш, чымсьці ўсходні сусед. Наша тактыка: крок за крокам збліжэнне ў гандлі, візавых пытаннях, паступовая арыентацыя на карысць ЕЗ.

У Маскве таксама зразумелі, што працэс нармалізацыі стасункаў з Захадам можа зайсці вельмі далёка. На думку Аляксандра Класкоўскага, візіт у Ерэван адбыўся найперш не дзеля таго, каб насаліць Бруселю, а каб не раздражняць Маскву, якая ледзве пракаўтнула папярэднюю пілюлю, калі ў Мінск прылятаў спадар Салана, а візіт еўракамісаркі Ферэры-Вальднер – увогуле апафеоз ідылічнага збліжэння.

-- Я думаю, было вырашана зрабіць такі ход, які здымае градус напружання ў дачыненнях паміж Мінскам і Масквой і, разам з тым, не перашкаджае Еўропе пакрысе рэалізоўваць свой план ангажавання Беларусі ў новую праграму “Усходняга партнёрства”.

Мае кулуарныя размовы з прадстаўнікамі еўрапейскага палітычнага істэблішмента паказваюць, што дэ-факта гэтае рашэнне ўжо прынята, -- падкрэслівае эксперт “Заўтра тваёй краіны”.

Атрымліваецца, “Усходняе партнёрства” у Аляксандра Лукашэнкі ўжо ў кішэні, незалежна ад таго, што афіцыйны Мінск не зрабіў ніякіх сістэмных крокаў у руху да дэмакратыі і правоў чалавека?

-- Тут далёка не ўсё так гладка, як хацелася б паказаць некаторым па абодва бакі – што ў афіцыйным Мінску, што ў Бруселі, -- лічыць першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка. -- Я мяркую, што частка еўрапейскіх палітыкаў, найперш тых, хто памятае, што Еўропа – гэта каштоўнасная прастора, не хацелі б зрабіць памылкі, даўшы Лукашэнку вечную індульгенцыю ўзамен на цмяныя абяцанні можа калі-небудзь перастаць быць прарасійскім (а ён не збіраецца пераставаць быць прарасійскім) і скасаваць некаторыя адыёзныя рысы сваёй дыктатуры. Ні першага, ні другога пакуль не адбываецца.

Працяг матэрыялу чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)