Общество
Сямён Печанко

«Лукашэнку паложана дварцы будаваць, бо ён цар»

У часе кароткага адпачынку на Прыпяці карэспандэнт «Салідарнасці» даведаўся, што палешукі думаюць пра ўладу і крызіс.

Напрыканцы жніўня сябры прапанавалі з’ездзіць пад Тураў на Прыпяць. Адзін з ініцыятараў вандроўкі, Сяржук Бахун, вырас у вёсцы Верасніца. Туды мы і накіраваліся.

Мне хацелася хоць на кароткі час абстрагавацца ад штодзённых праблемаў. Але журналісту схавацца цяжка. І ў першую чаргу ад сябе — прафесійны інтарэс часам такі бярэ верх над жаданнем нічога не чуць і не бачыць. Пачутым і ўбачаным на Палессі я і хачу з вамі падзяліцца.

Старажытны Тураў, якому сёлета спаўняецца 1035 год, у перадапошнія жнівеньскія выходныя відавочна не пакутаваў ад натоўпаў турыстаў. За некалькі гадзін, праведеных тут у суботу і нядзелю, мы не пабачылі ніводнага турыстычнага аўтобуса.

На першы начлег мы спыняліся ў аграсядзібе «Коло Струменя». Яе гаспадыня Ірына Сяргейчык расказала, што колькасць гасцей заўважна скарацілася.

— І так не толькі ў мяне. У гатэлі мясцовым тое самае.

Па словах жанчыны, праблемы пачаліся яшчэ зімой. Фактычна, праваліліся і вясновы, і летні сезоны. Крызіс.

У 2004 годзе ў Тураве адзначалі Дзень беларускага пісьменства. Сёння тут усё менш беларускай мовы. Шыльды каля мясцовага замчышча і музея аформленыя выключна па-руску. Тая самая карціна на Барыса-Глебскіх могілках, дзе знаходзіцца адна з мясцовых славутасцяў — крыжы, што растуць з зямлі.

Тое, што сёлета праходзіць ці не самая панылая прэзідэнцкая кампанія за ўсю гісторыю незалежнай краіны, у глыбінцы адчуваеш вастрэй. Пра хуткія ўжо выбары на Тураўшчыне амаль нічога не гаворыць.

Некалькі паўпрыкметных плакацікаў на дзвярах крамаў, адзін-два тэматычныя транспаранты над дарогай, налепка за байкот на прыпынку па дарозе з Жыткавічаў — вось, бадай, і ўсё заўважанае за два дні.

Да нашага намёта на беразе Прыпяці прыйшоў дзядуля-пастух. Ён, напэўна, засумаваў каля кароў і вырашыў пагутарыць з прыезджымі.

Размова пачалася з таго, што даўней у вёсцы кароў было больш за сотню, а зараз добра калі дзясятак назбіраецца.

Потым дзед паскардзіўся на масавае знішчэнне свіней — людзі гадавалі іх гадамі, а пасля нехта «прыдумаў гэтую чуму». Па версіі старога, віна ляжыць на фермерах, якія такім чынам хочуць пазбавіцца ад канкурэнцыі з боку простых людзей.

Перавялі размову на заробкі. Гутарка адразу перайшла на палітыку.

— Лукашэнка ўсё павышае тыя зарплаты, павышае, каб людзі жыць маглі, а начальнікі на месцах грошы сабе забіраюць. А пасля яшчэ людзям зарплаты зразаюць. Во што робіцца! — заявіў дзед.

Аргументы пра тое, што Лукашэнка і пра сябе не забывае — нарабіў сабе рэзідэнцый па ўсёй краіне, у Мінску цэлы палац выбудаваў, — пастуха ніколькі не пераканалі.

— Дык ён цар, яму палац будаваць паложана! — адрэзаў дзед.

Пераконваць яго было бессэнсоўна. Показка пра кепскіх баяраў і добрага цара ў чарговы раз перамагла логіку і факты.

Апошні раз Сяржук Бахун быў на Прыпяці пад Верасніцай у чэрвені. Убачанае напрыканцы лета яго шакавала — рака так абмялела, што, здаецца, месцамі яе можна перайсці ўброд:

— Я тут вырас і першы раз такое бачу.

Падплыў човен, у ім дзядзька ў камуфляжы. Разгаварыліся.

— Змялела зусім рака. Дагуляліся з гэтай меліярацыяй, накапалі канаваў. Раней было як: вада вясной прыйшла, потым пайшла, але рака заставалася ў берагах. А цяпер во як абмялела. Яшчэ калі дзесяць год так будзе і нічога не рабіць, то скончыца ўсё катастрофай, — папярэдзіў дзядзька.

У гэты момант каровы выйшлі на вясковы пляж, памясілі капытамі белы пясок і пайшлі да вады. Яшчэ два месяцы таму вады ў гэтым месцы росламу чалавеку было з галавой.

Сумнае ўражанне ад выгляду перасохлай ракі падмацавала карціна, убачаная ў кустоў і каля пляжа: бераг літаральна завалены смеццем.

Настрой узняла нечакная навіна пра вызваленне палітвязняў. А замацавалі поспех фантастычны закат над Прыпяццю ды начлег пад поўным зорак небам.

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)