Комментарии
Мікола Бугай, «Наша Нiва»

Лукашэнкаўцы аднавілі гандаль паветрам

Правал ранейшай эканамічнай палітыкі змушае лукашэнкаўцаў шукаць грошы за мяжой. Ад 2006-га тое паўтараецца з года ў год. Для іх гэта пытанне калі не жыцця і смерці, то стабільнасці і камфорту. Без крэдыту МВФ прапагандыстам, у тым ліку і галоўнаму, прыйдзецца напружваць галасавыя звязкі, а новыя дамы на вуліцы Брыльянтавай будуць у меншым метражы.

У перыяд мінулай лібералізацыі лукашэнкаўца прадалі паветра — «грамадска-кансультатыўная рада» пры поўным сур’ёзнасці Макею і іншую такую лабуду. Зараз незалежнаму грамадству ўнутры Беларусі, а паралельна з ім Захаду варта праявіць цярплівасць.

Улады зноў звярнуліся да МВФ. Лукашэнка намякнуў на магчымасць вызвалення палітвязняў — у абразлівай форме. А не — вызваляйце з павагай, у тым ліку і Аўтуховіча, калі хочаце рэакцыі.

Мясніковіча паслалі да Багданкевіча з ні да чога не абавязваючай размовай. А не — няхай сыдуць такія, як Ткачоў, калі хочаце мяняць нешта ўсур’ёз.

Перамовы з МВФ будуць ісці сваім ходам. Яны датычаць уратавання плацежаздольнасці Беларусі і беларускіх банкаў у прыватнасці: сапраўдныя цяжкасці пачнуцца ў другой палове 2012 года, калі краіна павінна пачаць сплачваць або рэструктураваць асноўную масу фінансавых абавязацельстваў 2006–2008 гадоў. Гэта значыць, што краіна стаіць перад перспектывай доўгага перыяду эканоміі.

У палітычнай жа сферы няма ніякіх падставаў спыняць тактыку ігнаравання. Няма сэнсу весці размовы пра вызваленне палітвязняў. Людзі не павінны сядзець за палітыку, і кропка. Няма ніякага сэнсу весці размовы пра свабодную рэгістрацыю СМІ і іх свабодны распаўсюд — гэта нормы нацыянальнага права, якія проста павінны выконвацца.

Насамрэч, лукашэнкаўцам пакуль не патрабуецца супрацоўніцтва. Ані з уласным грамадствам, ані з Захадам. Ад грамадства ім трэба дысцыпліна, ад Захаду — крэдыты ў абмен на мір. І нічога болей.

Нават інвестыцый ці свабоднага бізнэсу ім не трэба — іначай бы яны змянілі палітычную сістэму краіны на такую, якая б забяспечвала гарантыі замежным інвестарам і свабоднага бізнэсу. Чаму нават у перыяд лібералізацыі 2007–2010 гадоў 80% замежных інвестыцый прыходзіла у краіну з Расіі або з расійскага капіталу ў афшорах? Таму што пры сённяшняй сістэме гарантыі мае толькі той, хто можа, у крайнім выпадку, і газ перакрыць.

Няма практычнага сэнсу бегаць з прапановамі дыялогу па-пад прэзідэнцкім палацам, пакуль там няма суб’ектаў для дыялогу. Калі такія суб’екты з’явяцца, калі ў іх будзе жаданне мяняць сістэму, тады дыялог распачнецца сам сабой.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)