“Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб абмежавана лібералізаваць эканоміку”

На міжнароднай канферэнцыі “Беларусь: да новага бачання”, якую ладзіў у Кіеве Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS), эканаміст Аляксандр Чубрык прааналізаваў тры сцэнары наступстваў эканамічнага шоку, які адчула на сабе Беларусь у звязку з падвышэннем коштаў на газ, пераходам на новую сістэму гандлю нафтай і нафтапрадуктамі і пагаршэннем адносінаў з Расіяй.

Базавы — прадугледжвае частковую сярэднемаштабную прыватызацыю і захаванне спрыяльнай знешнеэканамічнай кан’юнктуры (асабліва на расійскім рынку). Негатыўны — узмацненне рэгулявання эканомікі, нязначную прыватызацыю і негатыўную знешнеэканамічную кан’юнктуру. Станоўчы — інтэнсіўную сярэднемаштабную і часткова буйную прыватызацыю, спрыяльныя знешнеэканамічныя умовы, у тым ліку і на рынках краін Еўропы. Верагоднасць гэтых сцэнараў адпаведна ацэньваецца як: 60, 15 и 25 адсоткаў.

Што змянілася ў эканоміцы пасля шокаў? Падвысіліся кошты газу і нафты, з’явіліся перашкоды з расійскага боку на экспарт беларускага цукру і мяса ў Расію — і гэта ўсё негатыўныя рэчы. Але ж, як высвятляецца, тое пагадненне, якое на пачатку года мы падпісалі з Расіяй, мела даволі-такі пазітыўны ўплыў на беларускую эканоміку. Дзякуючы гэтаму мы даволі істотна павялічылі экспарт нашай прадукцыі машынабудавання ў Расію.

Мы бачым таксама, што ў гэтым годзе вельмі спрыяльным было вонкавае асяроддзе. Мы бачым тое самае, што было ў 2004 годзе: падвышэнне цэнаў на некаштоўныя металы — гэта адна з нашых вельмі істотных крыніцаў экспарту, на калійныя угнаенні і на іншую сыравіну — на нашыя галоўныя экспартныя тавары. Такім чынам, мы бачым, што калі б не газ з нафтай, дык наогул жылося б вельмі добра, таму што год вельмі спрыяльны для Беларусі.

Як адрэагавала ўлада на нафтагазавыя шокі? Першы і вельмі просты крок быў — падвышэнне коштаў на газ, цепла— і электраэнергію. Прычым, падвысіліся гэтыя кошты перш за ўсё для прадпрыемстваў. Прычым, як для прамысловых, так і для сельскагаспадарчых. З’явіліся субсідыі для пастаўшчыкоў нафты. Вельмі істотная, на мой погляд, тэндэнцыя — гэта з’яўленне Беларускай нафтавай кампаніі. Далей — пошук новых нафтагазавых партнёраў — Венесуэла, Іран.

Рэакцыя ўладаў — гэта і даволі супярэчлівая манетарная палітыка. У той час, калі Нацыянальны банк спрабуе праводзіць даволі жорсткую палітыку, падвышаць адсоткавыя стаўкі, даваць банкам больш волі ў некаторых пытаннях, урад усяляк стымулюе інвестыцыйнае крэдытаванне. У нас доля інвестыцыйных крэдытаў у гэтым годзе падвысілася з 50 да 70 адсоткаў. Большасць гэтых крэдытаў выдавался менавіта згодна з загадамі ўладаў.

І галоўным інструментам уладаў стала прыцягненне вонкавых пазыкаў. Толькі за першы квартал гэтага года вонкавая запазыка павялічылася больш як на 1 млрд. долараў. Тым часам за ўвесь мінулы год яна вырасла на 1,7 млрд. долараў. Мы за першы квартал набралі амаль столькі пазыкаў, як за ўвесь мінулы год. А мы ведаем, што асноўныя пазыкі прыйшліся на другі квартал і яны працягваюцца брацца.

Такім чынам, мы бачым, што галоўнай рэакцыяй уладаў на гэтыя праблемы стала тое, што яны проста цэнтралізавалі галоўныя фінансавыя патокі і яны пачалі спрабаваць дзесьці знайсці больш грошай, не дзеля таго, каб прафінансаваць бягучы дэфіцыт вокавага гандлю, а проста каб падтрымаць беларускі рубель, стабільнасць якога з’яўляецца галоўнай канцэпцыяй эканамічнай палітыкі.

Рэакцыя эканомікі — гэта запавольванне росту валавога унутранага прадукту. У гэтым годзе прыкладна на 1,5-2 адсоткі зменшыліся тэмпы росту. Шмат праблемаў харчовай прамысловасці звязана з тым, што яна мае цяжкасці з экспартам цукру і мяса ў Расію. На пачатку года адбылося павелічэнне попыту на замежную валюту, назіралася тэндэнцыя паскарэння росту валютных ашчаджэнняў і запавольванне росту рублёвых ашчаджэнняў. Адбылося тое, чаго не было ўжо вельмі даўно — тэмпы росту валютных ашчаджэнняў первасілі тэмпы росту рублёвых ашчаджэнняў — даволі трывожная тэндэнцыя. І змяненне структуры экспарту-імпарту. Скажам, доля нафты і нафтапрадуктаў у гэтым годзе знізілася амаль на 10 адсоткаў.

Я хацеў бы спыніцца з усіх нашых прагнозаў толькі на адным — гэта сярэдні заробак у эканоміцы. Калі б адбыўся базавы ці станоўчы сцэнар, то на падставе нашай макрамадэлі мы можам прагназаваць у 2010 годзе сярэдні заробак дзесьці блізу 500 долараў. Такім чынам 500 долараў — гэта даволі рэалістычная лічба. І гэта якраз тое, што і абяцаў Лукашэнка.

Але ж калі мае адбыцца адмоўны сцэнар, то атрымаецца, што прэзідэнт не выканае гэтыя свае абяцанні, таму што проста ён не зможа падтрымаць курс беларускага рубля. І гэта значыць, што неабходнасць рэалізацыі станоўчага сцэнару падвышаецца, што Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб абмежавана лібералізаваць эканоміку. З пункту гледжання “здравого смысла”, станоўчы сцэнар становіцца даволі верагодным.

Цалкам тэкст чытайце тут

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)