Каб ВУП быў каля нуля ці трохі рос і каб не губляць расійскі рынак, Галоўчанку зараз патрэбны курс дзесьці ў калідоры 3,4-3,5 беларускіх рублёў за даляр.
«Лукашэнка з Пуціным адказваюць на санкцыі схематозам. Але Захад гэта бачыць і пачынае размаўляць з трэцімі краінамі»
Эканаміст і кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін — пра тое, чаму ў Беларусі расце курс даляра і ці зможа Захад задушыць санкцыямі Беларусь.
— Беларускі рубель адначасова падвышаецца адносна расійскага і таннее адносна даляра і еўра. Так адбываецца, бо у Расіі ідзе даволі плынная дэвальвацыя, праз гэта і беларускі рубель падае да даляра.
Але ён яшчэ мае патэнцыял далейшага падзення, таму што беларускія тавары становяцца больш даражэйшымі на расійскім рынку. Гэта азначае, што трэба або дэвальваць беларускі рубель, або рабіць нейкую распрадажу і скідваць цэны. Інакш продаж беларускіх тавараў у Расіі спынецца, а імпарт адтуль у Беларусь павялічыцца, — кажа Кавалкін у эфіры Еўрарадыё.
То бок эканоміка ўсё роўна адрэгулюе гэтую сітуацыю або праз падзенне ВУП і рост імпарту з Расіі, альбо праз дэвальвацыю.
Калі так будзе, беларускі рубель патаннее адносна расійскага і цэны на беларускія тавары — ад МАЗаў да малочкі – снізяцца.
Што абяруць улады, Кавалкін прагназаваць не можа. Па-першае, вельмі вялікі складнік адміністрацыйнага рэгулявання ўсёй эканомікі. Па-другое, не зразумела, якую стратэгію будзе абіраць Галоўчанка, эканамічныя ўлады і Нацбанк.
Эксперт адзначае:
Сітуацыя такая, што абодва рашэнні цяжкія: альбо ты плаціш за гэту сітуацыю падзеннем ВУП і далей заробкаў, занятасці, альбо плаціш зніжэннем зарплат у даляравым эквіваленце, зніжэннем узроўня жыцця — і тое, чым ганарыліся, адкаціцца назад.
– Калі б я прымаў гэтыя рашэнні, то хутчэй за ўсё зрабіў дэвальвацыю да 3,4 руб. Гэта было б не папулярнае рашэнне, але людзі мелі б працу, ВУП не змяншаўся і мы б не гублялі сваю долю на расійскім рынку. Што будзе рабіць Галоўчанка і астатнія — не ведаю, у іх свае прыярытэты.
Расійскія аналітыкі лічаць, што расійскі рубель зойме калідор паміж 96-100 рублёў за даляр, пры такім калідоры беларускі рубель можа быць ад 3,1 да 3,5 рублёў за даляр. Гэта залежыць ад таго, ці хоча Галоўчанка і кампанія падвышаць экспарт у Расію і змагацца з расійскім імпартам ці не.
Эканаміст таксама адказаў на пытанне, колькі часу трэба Захаду, каб задушыць эканоміку Беларусі і Расіі.
— Дакладна ніхто не ведае. Гэта залежыць і ад прынцыповасці пазіцый Захаду і ад здольнасці Пуціна з Лукашэнкам прыдумваць нейкі схематоз, знаходзіць партнёраў у Кітаі і трэціх краінах.
Вядома, Захад душыць, а Лукашэнка з Пуціным адказваюць на гэта схематозам. Захад гэта бачыць і пачынае размаўляць з трэцімі краінамі, яны пачынаюць выкідваць Лукашэнку з Пуціным з усялякіх здзелак і пагадненняў.
Мы ўжо бачым, што Кітай менш закупае калію, расійскай нафты. Відавочна, што кіраўнікі Беларусі і Расіі будуць шукаць дзесьці яшчэ партнёраў, але зямны шар не бясконцы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное