«Лукашэнка спрабуе размаўляць, і Захад чуе гэтыя спробы, але не адхіляецца ад выстаўленых у 2020 годзе ўмоваў»
Палітычны аналітык Кацярына Глод — пра тое, як успрымаюць еўрапейскія палітыкі сігналы беларускага правіцеля.
Днямі на сустрэчы з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў, якія жывуць у Беларусі, Аляксандр Лукашэнка зноў загаварыў пра Польшчу. Паводле яго слоў, Мінск «хоць заўтра» гатовы нармалізаваць стасункі, але тая нібыта прадпрымае супрацьлеглыя дзеянні.
Акрамя таго, Лукашэнка зноў абвінаваціў Польшчу ў прэтэнзіях на Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, а кіраўніцтва краіны-суседкі назваў «марыянеткамі ЗША». Пры гэтым правіцель упэўнены, што 99% палякаў «разумеюць і падтрымліваюць» ягоную палітыку, а дзеянні ўласных уладаў іх злуюць.
Беларускі ж бок, запэўніў правадыр рэжыму, наадварот, робіць крокі насустрач: напрыклад, «просіць» мігрантаў не ісці на беларуска-польскую мяжу. Хоць арганізаванай плыні мігрантаў, паводле Лукашэнкі, няма — як няма і палітзняволеных у Беларусі, і рэпрэсій каталіцкіх святароў, і парушэнняў правоў чалавека… Нават на абмен Анджэя Пачобута, па сцвярджэнні Лукашэнкі, Мінск быў згодны, а Варшава, маўляў, не захацела.
Атрымаўся цэлы клубок супярэчлівых заяваў, з якога зусім не відавочна, ці жадае беларускі рэжым дээскалацыі, ці лічыць, што зрабіў дастаткова, і наступны крок за Польшчай. Аб тым, на каго было разлічана гэтае выступленне і які плён будзе мець, а таксама якія бачацца сцэнары далейшага развіцця падзей, Филин пагутарыў з палітычным аналітыкам, эксперткай Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі Кацярынай Глод.
— Падаецца, што сітуацыя ў тупіку: Варшава агучыла свае патрабаванні і чакае, пакуль яны будуць выкананыя, а Мінск робіць выгляд, што «гатовы да перамоваў» — і, уласна, нічога далей не робіць.
— Не думаю, што гэта тупік — мяркую, перамовы ўсё ж ідуць. Калі б гэта быў тупік, то Лукашэнка сказаў бы, што не хоча з Польшчай размаўляць. Таму хутчэй гэта ягоная рыторыка, якую мы добра ведаем: ва ўсім абвінаваціць іншы бок і сказаць, што там не ідуць на яго ўмовы.
Кацярына Глод адзначае некалькі важных момантаў у цяперашніх стасунках Беларусі і Польшчы:
— Перадусім, у Польшчы палітыка стаўлення да Лукашэнкі вельмі цвёрдая: у іх ёсць вялікі вопыт камунікацыі і стасункаў з ім, таму, думаю, яны стаяць на сваім і праводзяць паслядоўную лінію. Прыкладам, Брусэль заняў бы больш мяккую пазіцыю ў нейкіх перамовах.
Але ў Польшчы на гэты конт палітычны кансенсус, і партыя, што цяпер стаіць на чале — гэта людзі, якія з Лукашэнкам працавалі вельмі даўно і разумеюць, што з ім мусіць быць «цвёрдая рука».
І другі момант вынікае з першага: яны не будуць ісці на тыя ўмовы, якія прапануе Лукашэнка.
Цалкам верагодна, што сапраўды той прасіў (дакладней, патрабаваў) Латушку замест Пачобута — бо гэта для Лукашэнкі была б вельмі добрая карта. У яго разуменні гэта больш важная фігура, чым Ціханоўская, бо тая ўсё ж жанчына.
А ён лічыць, што калі пазбавіць беларускую апазіцыю «галавы» ў выглядзе Латушкі, то можна будзе казаць, што ён і агулам рэжым узяў верх над палітычнымі праціўнікамі. Аднак, канешне, на такія ўмовы польскі бок не пойдзе.
Можна дадаць яшчэ і трэці момант. Мы не можам ведаць, ці дакладна так было, але з той інфармацыі, якая даходзіла, можна меркаваць: Анджэй Пачобут насамрэч не хацеў падпісваць прашэнне аб памілаванні. А ягоную пазіцыю польскі бок таксама будзе адстойваць, не будзе ісці на кампраміс па гэтым пытанні.
Таму, на маю думку, перамовы ідуць, але ідуць яны вельмі марудна, бо кожны бок стаіць на сваім. І ўсё ж працэс працягваецца.
— І вось дыялог непублічна працягваецца, а тут гучаць прамовы Лукашэнкі, дзе той бэсціць і адкрыта зневажае польскае кіраўніцтва. Як гэта адбіваецца на працэсе — яшчэ больш ускладняе і замаруджвае, ці ўжо ўсе звыкліся, што ў Лукашэнкі такая рыторыка, і не зважаюць на яе?
— Вядома, гэта непрыемна слухаць польскаму кіраўніцтву. Але policy, палітыка, дзе прымаюцца рашэнні, — яны прымаюцца не на эмацыйным узроўні, а на ментальным, рацыянальным.
Таму абразам на адрас польскага кіраўніцтва яны ўжо не здзіўляюцца. Апроч таго, у іх ёсць мэта: вызваліць Анджэя Пачобута — і дзеля яе дасягнення, я лічу, удзельнікі перамоваў заплюшчаць вочы на рыторыку Лукашэнкі.
— Аналітык Арцём Шрайбман лічыць, што словы пра Пачобута, а таксама заявы аб мігрантах, калі ачысціць іх ад шалупіння, трэба разглядаць як прыкметы спробаў пачаць перамовы з Захадам: «Я ў гэтыя пытанні ўцягнуты, я гатовы аб іх размаўляць, але мяне не задавальняюць вашы прапановы». Але ці будуць на Захадзе здымаць шалупінне, ці акурат яго заўважаць, а сам сігнал не пачуюць?
— Згодная ў тым, што гэта шалупінне. Зноў-такі, мы ідзём да рыторыкі: трэба адрозніваць рыторыку і працэс, які ідзе. Тое, што Лукашэнка кажа нейкія крыўдныя словы, не перашкаджае гэтаму працэсу, і мы гэта бачым не толькі на прыкладзе Польшчы.
З розных каналаў на Захадзе ідзе інфармацыя аб тым, што рэжым спрабуе калі не ісці на перамовы, то дае знакі аб гатоўнасці Лукашэнкі пачаць іх.
У першую чаргу, натуральна, гэта звязана з наступнымі так званымі «выбарамі прэзідэнта» ў 2025 годзе. Беларускі рэжым спадзяецца на нейкае паляпшэнне ў стасунках з Еўразвязам і Захадам увогуле — яно зможа прыдаць легітымнасці, якую рэжым згубіў у вачах і беларускага народа, і ва ўспрыманні заходніх палітыкаў і інстытуцый. Таму гэта спроба пачаць усё з новага аркуша, перагарнуць старонку і забыцца пра выбары 2020 года.
Кацярына Глод адзначае, што на сігналы, якія дасылае Лукашэнка, заходнія палітыкі ўвагу звяртаюць — але разам з тым стаяць на сваіх пазіцыях. Еўразвяз, у прыватнасці, выразна выказаў іх у Заключэннях Рады ЕС ад кастрычніка-2020. Сярод галоўных умоваў — вызваленне ўсіх палітвязняў, агульнанацыянальны дыялог, а таксама правядзенне новых справядлівых выбараў.
Калі адна з гэтых умоў была б выкананая Лукашэнкам насамрэч — я маю на ўвазе не толькі некалькі хваляў вызвалення палітвязняў, бо гэта не 1500 чалавек, якія сядзяць сёння ў беларускіх турмах, — а калі б было больш людзей вызвалена, у тым ліку палітыкі (такія, як Сяргей Ціханоўскі, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка), канешне, Еўразвяз пачаў бы перамовы з Лукашэнкам. Але, мабыць, ёсць усяго 1%, што ён пойдзе на такі крок.
Таму Лукашэнка спрабуе размаўляць, і Захад чуе гэтыя спробы, але не адхіляецца ад выстаўленых у 2020 годзе ўмоваў.
— То бок, мы ўсё ж вяртаемся да таго, з чаго пачыналі: тупік? Рэжым разумее, што адных словаў недастаткова, патрэбныя дзеянні — але іх якраз рабіць не хоча. Ці ўсё ж будзе вымушаны?
— Прагназаваць вельмі цяжка. Але я не казала б, што гэта тупік. Проста працэс вельмі доўгі, марудны нават. Лукашэнка ніколі не ідзе на ўмовы, якіх патрабуе ад яго Еўразвяз, ён адчувае сваю пэўную моц і будзе на нейкія саступкі ісці вельмі марудна.
Тым не менш, хачу падкрэсліць: пазітыўны зрух ёсць. Лукашэнка вызваліў некалькі разоў палітвязняў — можна казаць, што гэтага мала, і што ў асноўным гэта людзі з цяжкімі хваробамі, ці што сярод іх няма вялікіх палітычных фігур. Але ўсё ж гэта нейкія зрухі.
Мы не ведаем, як будуць развівацца падзеі цягам гэтага года і ў наступным, да «выбараў» у 2025-м, як будзе разгортвацца палітычная сітуацыя: што будзе ва Украіне, што будзе нават са здароўем самога Лукашэнкі. У палітыцы некаторыя рэчы могуць здарацца вельмі хутка. Паглядзім, што далей — а пакуль працэс пайшоў, і гэта галоўнае.
«Филин» на понятном языке поясняет сложные вещи. Подписывайтесь на наш телеграм-канал оперативной аналитики и публицистики.