Политика
Арцём Гарбацэвіч, «Наша Ніва»

«Лукашэнка шукае збліжэння з Захадам, хутчэй, праз расійскую пагрозу»

Еўрапейцы каментуюць словы Лукашэнкі пра наладжванне кантактаў з ЕС для ўмацавання незалежнасці і бяспекі.

Пра тое, што Лукашэнка хоча цалкам нармалізаваць адносіны ЕС і Беларусі, ён заявіў у аўторак на нарадзе па пытаннях беларуска-еўрапейскіх адносін. »Важна працягнуць лінію на поўную нармалізацыю адносін і паглыбленне супрацоўніцтва з ЕС у кантэксце нашых нацыянальных інтарэсаў»,— заявіў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што гаворка ідзе пра ўмацаванне дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці, а таксама бяспекі Беларусі.

Кіраўнік краіны таксама адзначыў, што ў апошні час назіраецца пазітыўная дынаміка ў развіцці адносін паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю. Лукашэнка падкрэсліў, што для яго рускія – «браты», таму ён не хоча выбіраць паміж Захадам ці Усходам, але хоча развіваць адносіны з усімі. Таксама Лукашэнка канстатаваў, што ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС існуе шэраг так званых нявырашаных праблем. «Іх, вядома, трэба вырашаць і рухацца наперад», — сказаў ён.

Гэта ўжо не першая спроба Лукашэнкі зблізіцца з Еўропай. Папярэдняя, праўда, захлынулася на Плошчы 2010 года.

Пры якіх умовах можа адбыцца збліжэнне Беларусі з ЕС?

«Наша Ніва» пагутарыла з двума еўрапейскімі палітолагамі, што спецыялізуюцца на адносінах Еўропы з Беларуссю.

Абодва яны лічаць, што словы Лукашэнкі — гэта толькі дэкларацыя намераў, якія наўрад ці будуць рэалізаваныя. Але калі што, маўляў, то спіс патрабаванняў ЕС да Беларусі вядомы. Так, напрыклад, кажа Каміль Клысінскі, спецыяліст па беларускіх пытаннях польскага аналітычнага Цэнтра ўсходніх даследаванняў.

«Вядома, цяжка ўявіць, каб Лукашэнка пайшоў на нейкую дэмакратызацыю, — мяркуе Клысінскі. — Але сёння ў яго на шалях, з аднаго боку, захаванне ўстойлівасці існага рэжыму, а з іншага — развіццё краіны і сродкі з тэхналогіямі, якія ёсць на Захадзе. І ўсё залежыць ад таго, што пераважыць».

«Шмат хто з еўрапейскіх палітыкаў і экспертаў думае, што Лукашэнка шукае збліжэння з Захадам, хутчэй, праз расійскую пагрозу. Далібог, трэба быць сляпым, каб не бачыць расійскай палітыкі ў рэгіёне, бачаць гэта і беларускія ўлады. Але трэба разумець, што недастаткова проста прыйсці і сказаць: «Хлопцы, нам пагражае Расія, давайце сябраваць», для Еўропы гэтага мала. Трэба прытрымлівацца еўрапейскіх каштоўнасцяў ва ўнутранай і замежнай палітыцы.

Ніхто не чакае, што дэмакратызацыя ў Беларусі адбудзецца за адну ноч. І ці гатовы Лукашэнка на гэта пайсці, стане зразумела пасля парламенцкіх выбараў», — сказаў Клысінскі і дадаў, што гаворка не ідзе пра тое, што дэпутатамі мусяць стаць нейкія асобы, якія задавальняюць кагосьці з еўрапейскіх палітыкаў.

«Пытанне ў тым, каб падлік галасоў быў празрыстым, а гэта слабое месца беларускай выбарчай сістэмы.

І калі хтосьці з апазіцыі здольны перамагчы і ўвайсці ў парламент, то так і павінна быць. Без гэтага зрухаў у адносінах з ЕС не будзе. Таксама неўзабаве маюць адбыцца кансультацыі па правах чалавека паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Пасля іх шмат што стане зразумелым», — перакананы Клысінскі.

Эксперт таксама адзначыў, што самая важная прычына пошуку кантакту з ЕС — гэта патрэба ў грошах і інвестыцыях. А для гэтага, маўляў, Беларусі трэба рэфармаваць эканоміку, супраць чаго рашуча выступае кіраўнік Беларусі. Такім чынам, не зразумела, як без рэформаў можна імкнуцца атрымаць еўрапейскія грошы.

Віціс Юрконіс, літоўскі палітолаг, лічыць, што Лукашэнка проста хоча атрымаць еўрапейскія грошы, не прыкладаючы для гэтага намаганняў.

«Для сённяшняга пацяплення адносінаў з ЕС Беларусь не зрабіла нічога і проста карыстаецца сітуацыяй у рэгіёне, бо Еўропу вельмі хвалюе Украіна, цяпер вось яшчэ і Азербайджан. У такіх умовах Беларусі можна рухацца наперад у сваёй еўрадыпламатыі, не прыкладаючы дадатковых высілкаў. Да таго ж пакуль не відаць чагосьці новага: гаворка ідзе толькі пра гандаль, а ЕС гандляваў з Беларуссю нават падчас санкцый», — сказаў Юрконіс.

На думку палітолага, «нармалізацыя адносінаў з ЕС» — гэта старая песня.

«Такое мы ўжо чулі раней. За 20 гадоў кіравання Лукашэнкі наступалі перыяды адлігі, якія ён называе «шматвектарнай палітыкай». Але ў чым шматвектарнасць? Яна вызначаецца толькі пошукам крэдытаў у розных кірунках. Яшчэ ён кажа, што хоча наладзіць кантакт з ЕС і для ўмацавання дзяржаўнасці. А што вы зрабілі самі? Вы баіцеся Крамля? Але расійскія ваенныя аб’екты як былі ў Беларусі, тамака ж і засталіся. Як праводзіліся сумесныя ваенныя вучэнні з рускімі, так і праводзяцца. Як вы тады збіраецеся ўмацоўваць дзяржаўнасць?

Супрацьстаяць рускаму імперыялізму касметычнай беларусізацыяй? Беларусь у сваёй Канстытуцыі піша, што імкнецца да суверэнітэту, але калі вы насамрэч хочаце быць паўночнай Швейцарыяй, то здымайце пытанне вайсковага саюзу з Расіяй – такія крокі павінны бачыць еўрапейскія палітыкі, калі вы сур’ёзна кажаце пра ўмацаванне суверэнітэту», — сказаў Юрконіс і дадаў, што вызвалення палітвязняў недастаткова для сапраўднага дыялогу з Еўропай.

«Сістэмных крокаў зроблена не было, рэформаў няма. Калі беларуская дэлегацыя абмяркоўвае з еўрапейскай правы чалавека, то беларусы просяць «не палітызаваць». Але правы чалавека — гэта не палітызацыя.

Што зроблена, каб выцягнуць грамадзянскую супольнасць з падполля, каб дэкрыміналізаваць фондавую падтрымку? Ці перасталі журналісты атрымліваць вялізарныя штрафы за фрыланс-працу? Паглядзім, што будзе. Але я не веру, што Лукашэнка здольны пайсці на дэмакратызацыю нейкіх працэсаў унутры краіны. А без гэтага дыялог з Еўропай немагчымы, і словы застануцца словамі», — падсумаваў літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)