«Лукашэнка сфармуляваў для сябе тыя саступкі для Расіі, на якія ён згодны пайсьці»

Аляксандр Фядута у эфіры Радыё Свабоды разважае пра тое, на што разлічваюць Лукашэнка і Пуцін, паглыбляючы канфлікт у двухбаковых адносінах. 

Прапануем вам урывак з перадачы «Экспертыза Свабоды»:

«На мой погляд, Лукашэнка можа разьлічваць толькі на адно — на тое, што ён вытрымае і ягоны рэжым таксама пэўны час, і што гэтага часу хопіць, каб атрымаць альбо грашовыя пазыкі з Захаду альбо падысьці да той мяжы, калі Расея скажа, ну ўсё, хопіць, нагуляліся, давайце працаваць, як працавалі раней. Такая надзея ў Аляксандра Лукашэнкі, з майго пункту гледжаньня, усё яшчэ ёсьць. І ён разьлічвае, што ў апошні момант нешта здарыцца, і лёс яму дапаможа, як дапамагаў увесь гэты час. Можна сказаць яшчэ, што Лукашэнка, напэўна, сфармуляваў для сябе тыя саступкі, на якія ён згодны пайсьці, каб адысьці ад канфлікту з Расеяй на пэўныя пазыцыі. Нешта ў яго напэўна ёсьць у запасе.

А Пуцін добра ведае, што Лукашэнка нікуды не падзенецца, у Пуціна няма пакуль што адносна канкрэтызаваных плянаў, што рабіць зь Беларусьсю. Ён разумее, што паўтарыць тое, што адбылося ва Ўкраіне, нельга, таму што гэта будзе канфлікт ужо не з адыходзячым Абамам, а з прыйшоўшым Трампам. Ня трэба ўскладняць і без таго складаныя адносіны з ЗША. Увогуле ціск на Беларусь будзе працягвацца, але гэта будзе звычайны эканамічны ціск, які будзе сканчацца ў кожным выпадку фармулёўкай «грошай няма, але плаціце».

Чым — гэта іншая справа, але плаціце. І вось такая прагматычная пазыцыя расейскага кіраўніцтва дазволіць пазьбегнуць абвінавачваньняў на сусьветнай палітычнай арэне ў тым, што ціск на Беларусь перарастае пэўныя межы».