Лукашэнка можа паўтарыць лёс Мубарака

З такой заявай выступіла віцэ-сьпікер Савету Фэдэрацыі Расеі Сьвятлана Арлова.

У інтэрвію Інтэрфаксу спадарыня Арлова заявіла, што ў Савеце Фэдэрацыі не выключаюць далейшага пагаршэньня сытуацыі ў Беларусі, што можа прывесьці да зьвяржэньня прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі сваім народам.

"Калі Лукашэнка ня зьменіць сваю пазыцыю і не зразумее, што трэба займацца не папулісцкімі заявамі, а заняцца ўшчыльную, сур'ёзным чынам, развіцьцём рынкавай эканомікі і рынкавых адносін, то прагноз для яго будзе вельмі дрэнны", — заявіла Сьвятлана Арлова, аналізуючы сытуацыю ў Беларусі.

Паводле яе слоў, нават пры ўсёй моцы беларускай дзяржаўнай прапагандысцкай машыны, калі людзям ня будзе чаго есьці і на зарплату ня будзе чаго купіць, то "ніякае ваеннае становішча ня выратуе Лукашэнку".

"І яго лёс можа быць сумным. Дастаткова ўспомніць, што адбылося з Мубаракам у Эгіпце", — сказала яна.

На яе думку, адна з прычын крызісу ў Беларусі ў тым, што нацыянальная эканоміка тут не зазнала структурных зьмен:

"Крызіс у Беларусі, перш за ўсё, носіць сыстэмны характар. І, безумоўна, да яго падштурхнула папулісцкае рашэньне пра значнае падвышэньне заробкаў і пэнсій у канцы 2010 году", — сказала С. Арлова.

Па яе словах, бязь зьнешняга фінансаваньня ў выглядзе крэдытаў і даходаў ад прыватызацыі або інвэстыцый Беларусь будзе рухацца да эканамічнай стагнацыі і банкруцтва. "І колькі б крэдытаў Беларусі ні выдзяляла Расея, праблем гэта ня вырашыць, паколькі ўсе крэдыты вырашаюць толькі імгненныя задачы, але не вырашаюць задач стратэгічных, на пэрспэктыву", — сказала яна.

Пры гэтым Арлова падкрэсьліла, што ніхто і ніколі ня дасьць крэдытаў бясплатна. "Расейскі бок цалкам абгрунтавана ставіць пытаньне аб прадстаўленні крэдытаў у абмен на прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў", — падкрэсьліла яна. Пры гэтым яна назвала недапушчальнымі заявы А. Лукашэнкі на адрас расейскіх СМІ:

"З аднаго боку, Лукашэнка просіць крэдыты ў Расеі, а з другога — заяўляе пра тое, што расейскім СМІ будзе закрыты доступ у Беларусь".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)