Выборы-2020

«Лукашэнка дзейнічае ў той жа парадыгме, што і Януковіч аж да канца 2013 году»

Кіраўнік фонду «Украінская палітыка» Канстанцін Бандарэнка ў каментары для Радыё Свабода правёў паралель паміж сённяшнім днём і падзеямі сямігадовай даўніны.

Архіўнае фота, Reuters

Як выглядае беларуская выбарчая кампанія з Кіева? Ці не раздражняюцца ва Ўкраіне няспыннымі спасылкамі Лукашэнкі на «жахі» Майдану? Які вынік беларускіх выбараў будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Украіны?

З такімі пытаньнямі Радыё Свабода зьвярнулася да Канстанціна Бандарэнкі, кіраўніка фонду «Ўкраінская палітыка».

— На ваш погляд, ці ўсё перадвызначана на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі? Аляксандар Лукашэнка так ці інакш пераможа, будзе абвешчаны пераабраным, а пратэсты калі і будуць, то іх здушаць? Ці магчымыя іншыя сцэнары?

— Сёньня, за два месяцы перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі, нішто не праракуе радыкальных пераменаў. Хочацца верыць, што народ Беларусі будзе разумнейшым і мудрэйшым за ўкраінцаў і ня стане падрываць асновы ўласнай дзяржавы Майданам і рэвалюцыямі.

Але заўсёды павінен заставацца пэўны адсотак імавернасьці таго, што ў апошні момант будуць залучаныя радыкальныя тэхналёгіі, якія дазволяць зьмяніць сытуацыю і расстаноўку палітычных сілаў. Талеб называе гэта фактарам «чорных лебедзяў».

Да апошняга моманту галоўнай інтрыгай выбараў будзе ня тое, ці пераможа Лукашэнка, а тое, ці не прыляціць «чорны лебедзь».

— Беларуская перадвыбарчая сытуацыя, напэўна, выглядае даволі дзіўна, калі глядзець на яе ўкраінскімі вачыма. Аляксандар Лукашэнка, архітэктар сыстэмы саюзаў з Расеяй, высылае карэспандэнтаў расейскага «Першага каналу», купляе амэрыканскую нафту з падачы дзяржаўнага сакратара ЗША Майка Пампэо, вінаваціць сваіх апанэнтаў у прарасейскасьці. Галоўны ягоны канкурэнт — яшчэ месяц таму шматгадовы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка. Хто на беларускіх выбарах 2020 году «рука Масквы», хто чый спойлер — як гэта бачыцца з Кіева?

— Лукашэнка дзейнічае роўна ў той жа парадыгме, што і Януковіч аж да канца 2013 году: яго знаходжаньне ва ўладзе — гэта безупыннае пікіраваньне з Пуціным, пастаянная палітыка паводле прынцыпу «крок наперад — два крокі назад». Але ўкраінцам даводзілі: Януковіч — ня самы прарасейскі палітык.

Вось ёсьць Медзьвядчук — ён па-сапраўднаму прарасейскі. А яшчэ ёсьць камуністы... А Януковіч — ён проста прагматык. Тая ж сытуацыя і цяпер: Маскву задаволіць Лукашэнка, які для Крамля зразумелы і прагназавальны. Пры гэтым ён выступае з пазыцыі нацыянальных інтарэсаў Беларусі, а ўсю «прарасейскасць» закамутаваў на сябе Бабарыка.

— На сёлетніх выбарах усе асноўныя супернікі Лукашэнкі — і былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Бабарыка, і былы буйны чыноўнік Валер Цапкала, і лідэр пратэсту Сяргей Ціханоўскі — гавораць па-расейску. Размаўляць па-беларуску яны ці ня хочуць, ці проста ня ўмеюць. На ваш погляд, ці вынікае з гэтага, што ўсе яны — «руский мир» у Беларусі?

— Мова не заўсёды ёсьць вызначальным фактарам прыналежнасьці да той ці іншай сьветапогляднай сыстэмы. Маршал Манэргейм вельмі дрэнна гаварыў па-фінску, аддаючы перавагу швэдзкай, нямецкай і нават расейскай мовам.

Гетман Скарападзкі вывучыў украінскую мову ўжо ў эміграцыі. Але ніводнага зь іх нельга западозрыць у адсутнасьці патрыятызму. Мае асабістыя назіраньні: беларуская мова паступова адраджаецца, у палітыку прыходзяць новыя пакаленьні, і на наступных прэзыдэнцкіх выбарах кандыдаты ў прэзыдэнты будуць больш актыўна выкарыстоўваць беларускую.

Адзінае — ня варта паўтараць тую пасьпешлівасьць у беларусізацыі, якую праявілі мы пры «ўкраінізацыі з кавалерыйскага наскоку».

— Аляксандар Лукашэнка ад пачатку кампаніі паўтарае — мы не дапусьцім Майдану, я не дапушчу да ўлады «майданутых». Наколькі імаверным Вам уяўляецца беларускі Майдан (Плошча) сёлета? І наколькі імаверны яго посьпех, калі ён будзе?

— Досьвед шматлікіх украінскіх пратэставых акцыяў паказаў: Майдан пасьпяховы толькі тады, калі існуе надзейнае фінансавае і арганізацыйнае падсілкоўваньне звонку. Я б ня стаў казаць, што Майдан так ужо немагчымы ў Беларусі — занадта важную стратэгічную ролю адыгрывае Беларусь у цяперашнім глябальным супрацьстаяньні паміж ЗША і Расеяй.

Занадта вялікая спакуса асобных палітыкаў зьнішчыць апошні калідор паміж Расеяй і Эўразьвязам. Таму ня буду варажыць — магчымы або немагчымы Майдан у Беларусі. Адкажу словамі Юліюса Фучыка: «Людзі, будзьце пільныя!»

— Ці выклікаюць ва Ўкраіне раздражненьне гэтыя апэляцыі Лукашэнкі да ўкраінскага палітычнага досьведу?

— Магчыма, хтосьці адчувае сябе пакрыўджаным. Мяне гэтыя словы не зачапілі. Але я не магу расьпісвацца за ўсю Украіну — я вялікі праціўнік «Майдану» і «імпарту/экспарту дэмакратыі» і мая думка не заўсёды можа быць аб’ектыўнаю. Я асабіста ня чуў масавага абурэньня словамі беларускага лідэра.

— У мінулым годзе аўтарытар Лукашэнка даволі нечакана прагназаваў перамогу на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Ён даваў зразумець, што гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі, як ён іх разумее. А які вынік выбараў прэзыдэнта Беларусі сёлета адпавядаў бы нацыянальным інтарэсам Украіны, як іх разумееце Вы?

— Скажу больш: нават у Расеі рабілі стаўку на перамогу Пятра Парашэнкі. Прынамсі, да сакавіка 2019 году. Таму Лукашэнка быў не самотны ў сваіх прагнозах. Ён спадзяваўся, што ва Ўкраіне будзе захаваная прагназаванасьць дзеяньняў улады, без асаблівых узрушэньняў.

 У Кіеве таксама спадзяюцца, што пасьля жніўня 2020 году ў Беларусі захаваецца прагназаванасьць і стабільнасьць. Зяленскі ж павінен ведаць, зь кім яму сустракацца ў кастрычніку, пагатоў ён так адкрыта капіюе раньняга Аляксандра Рыгоравіча.

— А чаго, на Вашу думку, чакае ад выбараў у Беларусі Масква, за каго «заўзее» яна?

— Масква чакае, што Беларусь застанецца надзейным партнэрам і не «сплыве» на Захад.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.9(34)