Выборы-2020

Лукашэнка «даў сыгнал зь Ціханоўскім». Ці гэта законна?

«Так, я даў сыгнал зь Ціханоўскім. Я нешта ня так зрабіў?» — гэтак Аляксандар Лукашэнка згадаў справу блогера Сяргея Ціханоўскага. Ці можа кіраўнік дзяржавы такім чынам «даваць сыгналы»? Радыё Свабода разьбіралася з экспэртамі.

Кіраўнік аддзелу грамадзкіх сувязяў КДБ Андрэй Яраш на просьбу пракамэнтаваць, які менавіта сыгнал паступіў ад Аляксандра Лукашэнкі, адказаў: «Без камэнтароў, не камэнтую слоў прэзыдэнта, гэта не ў маёй кампэтэнцыі».

Прэсавы сакратар Генэральнай пракуратуры Анжэла Курчак сказала, што ня мае інфармацыі пра сыгнал Аляксандра Лукашэнкі ў справах Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі.

Ці законна, што з адвакатаў узялі падпіскі пра невыдаваньне сутнасьці абвінавачаньня?

Былы сьледчы Фрунзэнскай пракуратуры Менску Алег Воўчак называе такую сытуацыю абсурднай і цалкам незаконнай.

«Такога няма ні ў аднай цывілізаванай краіне (нават у Расеі, дзе таксама перасьледуюць апанэнтаў улады), каб выставілі абвінавачаньне і забаранілі казаць, у чым вінавацяць», — гаворыць Алег Воўчак. Ён больш за 4 гады працаваў сьледчым пракуратуры і сам не сутыкаўся з такой практыкай і ня чуў, каб гэтак рабілі іншыя сьледчыя.

«Справа не пераведзена ў разрад сакрэтных, дык у чым прычына ўтойваньня абвінавачаньня? Законнай прычыны няма. Паводле закону грамадзянін мае права ведаць, у чым яго абвінавачваюць, і грамадзтва мае права гэта ведаць, у гэтым сэнс крымінальнага перасьледу ад імя дзяржавы. Але ў нас пра гэта можна спытаць толькі Лукашэнку», — кажа Алег Воўчак.

Былы сьледчы перакананы, што Аляксандар Лукашэнка перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы, калі сапраўды ўмяшаўся ў справу Сяргея Ціханоўскага.

«Прызнаньне Лукашэнкі, што справа Ціханоўскага пачалася пасьля ягонага сыгналу, ёсьць пацьверджаньне, што гэта чыста палітычная справа. Тое самае і наконт справы Бабарыкі — таксама ўсе прыкметы перасьледу з палітычных прычын. Падставай для завядзеньня крымінальнай справы могуць быць толькі распрацоўкі апэратыўных органаў і пракуратуры. А сам Лукашэнка ня можа паводле закону даваць даручэньні завесьці крымінальную справу на грамадзяніна. Па вялікі рахунку, Лукашэнка проста падстаўляе Сьледчы камітэт і пракуратуру, паказвае, што яны несамастойныя ў сваіх дзеяньнях і ня могуць прытрымлівацца закону, а мусяць падпарадкоўвацца незаконным загадам», — лічыць Алег Воўчак.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка ў дзеяньнях адносна Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі парушыў адразу некалькі артыкулаў Канстытуцыі 1996 году, якую сам жа і прапанаваў для прыняцьця.

«Паводле Канстытуцыі 1994 году прэзыдэнт ня меў права ствараць пры сабе органы дзяржаўнай улады, але гэта зьявілася. У выніку сваім указам Лукашэнка стварыў Сьледчы камітэт, Камітэт дзяржкантролю ды іншыя органы. Аднак нават паводле гэтай Канстытуцыі ён ня мае права наўпрост загадваць іхным кіраўнікам, што рабіць. Безумоўна, гэта ўмяшаньне ў справы іншых дзяржаўных органаў. Прыкладам, грубае ўмяшаньне ў справы сьледзтва (якое мусіць быць самастойным і незалежным), што парушае прынцыпы дзяржаўнага кіраваньня. А ўрэшце гэта злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі», — лічыць Міхаіл Пастухоў.

Юрыст спаслаўся на пункт 5 артыкулу 84 Канстытуцыі, дзе вядзецца пра ўтварэньне прэзыдэнтам органаў дзяржаўнага кіраваньня.

Міхаіл Пастухоў кажа, што яшчэ ў гэтай сытуацыі парушаны прынцып падзелу ўлады.

«Артыкул 6-ы Канстытуцыі кажа: „Дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыцьцяўляецца на аснове падзелу яе на заканадаўчую, выканаўчую і судовую“. І далей: „Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя, узаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго“. Але гэтага ў нас няма — ні самастойнасьці, ні ўраўнаважаньня», — мяркуе Міхаіл Пастухоў.

Дмитриев подал документы в ЦИК: «Выборы закончились. В стране – абсолютное беззаконие»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(33)