Лукашэнка апладзіраваў Рыгору Барадуліну на вокліч «Жыве Беларусь» (фота+відэа)

Унікальныя архіўныя кадры трапілі ў фільм «Эпоха Барадуліна» рэжысёра Віктара Корзуна.

У мінскай Кнігарні галерэі “Ў” прэзентавалі фільм рэжысёра Віктара Корзуна “Эпоха Барадуліна”. Ён выйшаў пры канцы лютага, акурат да 75-годдзя народнага паэта. Але тады Рыгор Барадулін быў у рэанімацыі, ладзіць прэзентацыю не было як. Цяпер фільм паказалі публіцы. У ім ёсць як архіўнае відэа, гэтак і сённяшнія кадры з удзелам паэта. Гаворыць рэжысёр Віктар Корзун:

Віктар Корзун: “Дзякуючы Алесю Камоцкаму атрымалася такая нагода і магчымасць быць у тых месцах, дзе любы чалавек так звонку, з вуліцы не патрапіць — уваходзіць у кабінет, хату дом, там дзе Рыгор Барадулін праводзіць свой час. Нам пашанцавала, што ўдалося там пабыць”.

Мы папрасілі спадара Віктара вось так з ходу назваць тры самыя моцныя моманты ў фільме.

Віктар Корзун: “Відаць, першае было — гэта Барадулін чытае верш-малітву “Ойча наш”. Другое — гэта Барадулін і Быкаў. Можа быць, увесь сюжэт, можа нейкія кадры… І трэцяе — Барадулін і маці. Бо гэта агульная тэма, але кадры раскіданыя па фільму — і хай глядач сам выбірае, што з гэтага можа быць”.

Прадзюсерам выступіла вядомая спявачка, і па сумяшчальніцтве жонка Віктара Корзуна Кася Камоцкая.

Кася Камоцкая: “Фільм называецца “Эпоха Барадуліна” — і мы вырашылі паказаць вачыма Барадуліна праз яго вершы час, у якім жыў паэт, кахаў, нараджаліся дзеці і гэтак далей”.

Цікава, што здымкі фільма адкрылі для самой Касі Камоцкай… паэзію Барадуліна. І падштурхнула да гэтага… адсутнасць сканера!..

Кася Камоцкая: “Шчыра кажучы, падчас працы над фільмам я для сябе адкрыла паэзію Барадуліна. Я заўжды лічыла, што Барадулін — не мой паэт, у мяне іншы тэмперамент, іншая лексіка. Але так атрымалася, што ў мяне не было сканера, а трэба было акцёру аддаць чытаць вершы. І мне давялося набіраць іх на камп’ютары, выдрукаваць. І калі я пачала набіраць , я пачала іх разумець. Бо я не набіраю хутка, таму ўчыталася – і пачала разумець і любіць”.

У фільме ёсць надзвычай кранальны эпізод, дзе Барадулін каля сваёй хаты ў Вушачах паказвае шпакоўню высока на дрэве. Шпакоўня не простая…

Кася Камоцкая: “Што ў фільме з’яўляецца нейкім сімвалам… Гэта ён павесіў шпакоўню — калі ён быў яшчэ маленькім хлопчыкам у школе. І паказана, як высока паднялося дрэва з гэтай шпакоўняй. Проста на некалькі дзясяткаў метраў, наверсе ўжо. Ён толькі нядаўна ўбачыў гэтую шпакоўню. Цалкам такі вобраз — дрэвы выраслі…”

З кінахронікі мілымі выглядаюць кадры, дзе Рыгор Барадулін чытае вершы на сцэне Купалаўскага тэатра, а ў канцы выступу гукае ў залу “Жыве Беларусь!” Спускаецца са сцэны, і тут камера паказвае буйным планам аднаго гледача, які дужа пляскае ў далоні і ўсміхаецца. У гледачы няцяжка пазнаць Аляксандра Лукашэнку ўзору пачатку 1990-х.

КАДРЫ З ФІЛЬМА "ЭПОХА БАРАДУЛІНА":

Кнігарня галерэі "Ў": падрыхтоўка да прэзентацыі

Рыгор Барадулін з мамаю, 1930-я гады

З жонкай Валянцінай, 1960-я

З мамай Акулінай Андрэеўнай, жонкай Валянцінай і дачкой Ілонай

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)