«Лукашэнка адсвяткаваў 70-годдзе з мінай, якая цікае пад сталом»

Яго ўяўленне, што ён «памазаннік божы», разбілася ў 2020-м, але цяпер ужо каляіна бязлітасна вядзе яго – піша Мікола Бугай на Нашай Ніве.

Лукашэнка на Валааме, лета 2024-га. Фота: kremlin.ru

Ад чалавека з доступам да Цела я годзе ў 2012-м пачуў: «У яго (чалавек жэстам паказаў вусы) з гадамі, пад уплывам удач, сфарміравалася адчуванне, што ён Богам абраны, каб кіраваць. Ён бачыць сябе новым Карлам Вялікім, Рурыкам, Гедымінам, Кім Ір Сэнам — звышчалавекам, з ад прыроды унікальнымі здольнасцямі і прызначэннем»

«Калі нараджаліся Віктар і Дзмітрый, ён яшчэ пра гэта не ведаў, але калі нарадзіўся трэці, то ён атрымаў імя, якое папераменна з Аляксандрамі атрымлівалі расійскія цары з дынастыі Раманавых», працягваў мой суразмоўца.

Павел Якубовіч у бытнасць рэдактарам «Советской Белоруссіі» любіў параўноўваць Лукашэнку з Іванам Калітой, князем Маскоўскім часоў мангольскага ярма. Тонкая алюзія: расіяне счытвалі ў ёй іх любімую тэму пра збіранне зямель.

А для беларусаў сэнс быў іншым: так, Лукашэнка ездзіць па ярлык у Арду, як Каліта, і знішчае апазіцыю, як Каліта — вальналюбных цверакоў, але гэта таму, што час неспрыяльны, манголы яшчэ занадта моцныя, затое Каліта пакінуў наступніку каліту з золатам, шкуркі куніц і якое-ніякое гаспадарства.

І вось Лукашэнку споўнілася 70. Усюды яго суправаджае Мікалай. Колю 20. Лукашэнка сцвярджае, што яны нарадзіліся ў адзін дзень. (Як тут не паверыш у сваю богаабранасць, калі ў цябе ў 50 гадоў у адзін дзень з табою нараджаецца наследнік?)

Пры гэтым для расіян Лукашэнка, у ідэале, ніякі не Кім, і не Каліта, а новы Багдан Хмяльніцкі. Які можа і не па сваёй волі, а пад ціскам абставін, але дарогі назад не будзе, каляіна сама выведзе — прывядзе свой народ пад расійскі скіпетр.

А каб народ заставаўся пад скіпетрам расійскім, яму не тое што непатрэбная, яму проціпаказана мець сваю дынастыю. Помніка дастаткова. Помнік во нават подламу Прыгожыну паставілі — пасля таго як самалёт упаў.

Парадоксы гісторыі: у 1918 і 1991 гадах Беларусь наўрад ці абвясціла незалежнасць, калі б Украіна не зрабіла таго першай. У 2022-м Беларусь захавала дзяржаўнасць, таму што Украіна выстаяла, хоць рускія пёрлі на Кіеў з беларускай зямлі.

Лукашэнка плявузгае на адрас Захаду, але ж «Захаду», як і ўсім тым, хто на поўдзень, існаванне Беларусі — у крэўных іх інтарэсах. Ніхто з буржуяў не хоча мяняць межы. Не тое Масква.

Пуцін лічыць рашэнне Леніна і Сталіна стварыць асобныя ўкраінскую, беларускую ды іншыя рэспублікі найбольшай памылкай расійскай гісторыі.

Калі яны маюць сваю тэрыторыю і суверэнітэт, яны рана ці позна фарміруюцца ў самастойныя ўтварэнні. Адсюль і прыём захопленых зямель у склад Расіі абласцямі. Ніякай больш дзяржаўнасці, яны больш не паўтораць гэтай памылкі.

Калі б Расія мела поспех ва Украіне ў 2022 годзе, Беларусі як дзяржавы ўжо не было б.Заходняй Украіны цурубалку пакінулі б, але не Беларусь. Пуцін амаль не прыхоўваў гэтых сваіх намераў у праграмных сваіх выступах. Птушачка па зернетку дзяўбе, сказаў урэшце Пуцін, калі стала ясна, што ні Адэсы, ні Кіева гэтым разам ім не ўзяць.

Лукашэнка працягвае расіянам падыгрываць. «Как некоторые говорят, мы русские люди. Чем мы отличаемся — белорусы от русских? Ничем», — заявіў Лукашэнка нядаўна. Калі беларусы нічым не адрозніваюцца ад рускіх, то няма і прычын для існавання дзяржавы Беларусь.

Да 2022 года лічылася, што галоўная гарантыя незалежнасці Беларусі — у тым, што Лукашэнка па сваім псіхатыпе не пагодзіцца ні на якую ўладу над сабой, не здольны ўладай падзяліцца.

Але гэта хісткі падмурак. Сёння ты памазаннік божы, а заўтра цябе няма. Дый нават пакуль жывы — у 2022 годзе хто пытаў Лукашэнку, пагодзіцца ён ці не.

Такі стан — гэта міна запаволенага дзеяння пад беларускую дзяржаўнасць. Некалі яна ўзарвецца, пры Лукашэнку ці ўжо без яго.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(28)