Общество

Ловім прапагандыстаў на фэйках. «Калі б закон у краіне працаваў, то першымі пацярпелі б самі прапагандысты»

Сачыце за рукамі.

— Дзяржпрапаганда днямі цешылася, што ў Беларусі хочуць увесці дадатковую адказнасць для аўтараў фэйкаў. Калі б закон у краіне працаваў, то першымі ад яго пацярпелі б самі прапагандысты, — піша жарналіст Зміцер Гурневіч.

Возьмем гістарычную тэматыку, якую яны зрабілі ледзь не асноўнай у сваёй бруднай працы. І зразумела чаму. Ніякай пазітыўнай павесткі ў іх быць ужо не можа, акрамя як паўгода даганяць Ціханоўскую і даказваць, наколькі яна ім абыякавая. А па падзеях мінулага можна ляпаць, што заўгодна, бо і так ніхто не будзе правяраць. Але я праверыў.

1. Над лагерам у Трасцянцы вісеў бел-чырвона-белы сцяг. Галоўны аргумент прапаганды – нібыта кінахроніка ў фільме «Людзі з чорнымі душамі». Але не трэба быць спецыялістам, каб убачыць, што лагер, а потым сцяг, паказаныя рознымі кадрамі. Гэта чысцейшая маніпуляцыя мантажом. Заўважце, прапагандысты не цытуюць гісторыкаў, якія займаюцца гісторыяй лагеру, а спасылаюцца на савецкі агітпроп. Бо гісторыкі ведаюць – гэта фэйк.

2. Стваральнік чырвона-зялёнага сцяга, які цяпер дзяржаўны, Мікалай Гусеў, не маляваў у акупіраваным Мінску партрэты Гітлера. Прапаганда сцьвярджае, што аўтар сцяга быў Міхаіл, а не Мікалай. Маўляў, так напісана ў энцыклепедыі сцяга. Але знайшоўся аўтар той кнігі і прызнаў памылку ў імені, аўтара сцяга звалі ўсё ж Мікалай. І партрэты Гітлера ён маляваў. Гэта пацьвярджаюць у сваіх успамінах мастак Яўген Ціхановіч і ветэран вайны, партызан, Валянцін Тарас. Усё апублікавана ў Беларусі і кнігі прадаюцца ў мінскіх кнігарнях. За гэтыя партрэты, між іншым, Гусеў у СССР атрымаў кляймо калабаранта і адседзеў у турме.

3. Падчас сталінскіх рэпрэсій (ад 1921 да 1951) пацярпела 862 000. Гэта несусветная лухта з мэтай адмаўлення Вялікага тэрору. Толькі “камісія Паспелава”, якая працавала па заданні ЦК КПСС пасля смерці Сталіна, устанавіла, што ўсяго за 2 гады (1937 — 1938) па абвінавачванні ў антысавецкай дзейнасці  было арыштавана  1 548 366 чалавек, з іх расстраляна 681 692. Яшчэ да пачатку 1953 г. у ГУЛАГах знаходзілася амаль 2,5 млн зняволеных.

4. У польскім лагеры Бяроза-Картузская (1934-1939), на тэрыторыі Заходняй Беларусі, сядзелі і загінулі тысячы беларусаў.

Гэты лагер, бясспэрэчна, быў страшным, ганебным і пярэчыў нават самой польскай Канстытуцыі. Але за пяць год яго існавання беларусы склалі ў ім каля 6%, то бок прыблізна 150 чалавек. Загінуў у Бярозе адзін беларус – Ян Мазырка. Ахоўнікі засыпалі яго лісцямі і па чарзе хадзілі па ім. Пасля кінулі ў карцар. Увечары Мазырка захварэў на запаленне лёгкіх і праз некалькі дзён памёр у шпіталі ў Кобрыне. Усе дакументы лагера даўно раскрытыя. Проста ідзі і глядзі.

5. Немцы спалілі Хатынь пры дапамозе ўкраінскіх нацыяналістаў. Фэйк напалову. Немцы спалілі Хатынь пры дапамозе 118-га балальёну шуцманшафту, у склад якога ўваходзілі і савецкія салдаты, якія пайшлі на службу да немцаў. Але пра гэта прапаганда не ўзгадвае. Батальёнам фактычна кіраваў старэйшы летэнант Чырвонай арміі Грыгорый Васюра. У СССР, ужо пасля вайны, ён уступіў КПСС і быў прызнаны «ветэранам баявых дзеянняў». Яго судзілі толькі ў 1986 годзе. Суд быў закрытым. Навошта шуміха, калі судзяць члена КПСС.

6. «Пад бчб-сцягам адбываўся генацыд беларусаў» – заявіў у Хатыні патрон прапагандыстаў, Лукашэнка. І заклікаў «ісці і глядзець» у Хатынь і іншыя спаленыя вёскі.

«Ідзі і глядзі» гэта мастацкі фільм пра вайну, зняты па творах Алеся Адамовіча. Ці мог чалавек, які быў партызанам падчас вайны, а пасля яе напісаў такія глыбокія кніжкі пра вайну, падтрымліваць сцяг, пад якім нібыта быў генацыд беларусаў? Не. Але Адамовіч падтрымліваў бел-чырвона-белы сцяг. Гэтаксама яго падтрымліваў франтавік Васіль Быкаў, сын забітага нацыстамі партызана Рыгор Барадулін, ветэран вайны Артур Вольскі і многія-многія іншыя. Максім Танк, перакананы камуніст, які ў савецкі час быў і дэпутатам і старшынём Вярхоўнага савета БССР, быў пахаваны паб нацыянальным сцягам нават пасля лукашэнкаўскага рэферэндуму. І ён гэты сцяг падрымліваў. Бо не было пад ім ніякага генацыду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(87)