Loreen і J:Морс выступяць на Дні Швецыі ў Мінску

Свята адбудзецца 1 чэрвеня ў Верхнім горадзе каля Ратушы.

Арганізатары Дня Швецыі — Пасольства Швецыі супольна з Мінскім гарвыканкамам і пры ўдзеле інфапартала аб Швецыі ru.sweden.se.

Хэдлайнерам свята стане шведская музычная зорка, перможца «Еўрабачання 2012» Ларын (Loreen), якая выступіць у вечаровай праграме. Падарункам для гасцей Дня Швецыі будзе таксама канцэрт вядомага беларускага гурта J:Морс.

Сёлета ў дзённай праграме галоўнай сцэны Дня Швецыі будзе шмат музыкі. Інфапартал аб Швецыі ru.sweden.se ўпершыню прывязе ў Беларусь папулярнага выканаўцу рамантычных баладаў Енса Лекмана. Перад мінчанамі і гасцямі сталіцы выступіць шведскі хор «Svart på vitt» супольна з ансамблем салістаў «Вытокі». 

Кавэр-бэнд Пятра Клюева выканае сусветна вядомыя хіты Roxette, Ace of Base, ABBA, Secret Service. На галоўнай сцэне вас таксама чакаюць цікавыя сустрэчы са шведскімі фуд-блогерамі, дэгустацыі, разнастайныя прэзентацыі, вясёлыя конкурсы і віктарыны.

Паколькі ў гэтым годзе свята пройдзе ў Міжнародны дзень абароны дзяцей, не толькі дзіцячая пляцоўка, але і ўся тэрыторыя свята запрацуе ў інклюзіўным фармаце.

Пасольства Швецыі супольна з партнёрамі падрыхтавала сёлета для гасцей свята сапраўдныя навінкі. Упершыню будзе арганізаваная экалагічная зона, дзе вы даведаецеся, што такое эка-фіка, наведаеце майстар-клас па сартаванні смецця і нават убачыце прадстаўленне эка-тэатра.

На свяце цягам дня будуць працаваць новыя пляцоўкі, а таксама тыя, што так палюбіліся гасцям у мінулыя гады.

На дзіцячай пляцоўцы ІКЕА (уваход у задні дворык гатэля «Манастырскі» з вуліцы Герцэна, 12.30 – 20.00) маленькіх наведнікаў будзе чакаць сапраўдны шведскі Цырк-пырк. Стакгольмскія і беларускія бальнічныя клоуны пакажуць шоу мыльных бурбалак, падрэсіруюць жывёлаў, арганізуюць аркестр «Абычаго», навучаць дарожнай бяспецы і зладзяць сапраўдны клоунскі парад.

На пляцоўцы таксама адбудуцца тэатралізаваныя чытанні «Суперкнігі пра Біла з Болаю» Гунілы Бэргстрэм, спектакль «Дарожныя прыгоды Віты», мюзікл «Пэтсан і Фіндус» і неверагодны канцэрт, арганізаваны Чалавекам Бумбурум-аркестрам.

Таксама запрацуе экамаркет, дзе кожны жадаючы зможа набыць фермерскую прадукцыю і выпечку. Для маленькіх гасцей будзе паказаны экалагічны спектакль «Немусорная история» (выступы а 12.30 i 15.00), а затым героі спектакля дапамогуць дзеткам распісаць экаторбу, якую тыя забяруць з сабой, каб больш не браць пластыкавыя пакеты ў крамах.

Аматараў актыўных гульняў запрашаюць на спартовую пляцоўку (перад рэстаранам «Рэнесанс», 12.00 – 18.00) паўдзельнічаць у майстар-класе па флорболе, узяць удзел у адкрытым чэмпіянаце па настольным хакеі, футболе і тэнісе, а таксама пазаймацца надзвычай папулярнай сёння скандынаўскай хадой.

Цягам свята на плошчы Свабоды будзе працаваць фудкорт са шведскімі традыцыйнымі стравамі. Для зніжэння колькасці пластыку можна будзе атрымаць на фудкорце напоі ва ўласныя кубкі. Не забудзьцеся прынесцi свой! Той, хто возьме ўдзел у конкурсах на пляцоўках, зможа выйграць кубачкі шведскага дызайну шматразовага выкарыстання.

Падчас Дня Швецыі для ўсіх зацікаўленых будзе арганізаваны конкурс «На Дзень Швецыі надзень Швецыю». За галоўны прыз паспаборнічаюць госці свята, якія прыйдуць у шведскіх касцюмах або ў шведскіх колерах і выкладуць свае фота ў Facebook, Вконтакте і/або Instagram пад хэштэгам #надзеньШвецыю. Пераможцы конкурса будуць запрошаныя ў госці да Пасла Швецыі.

Каб быць у курсе падзей, падпісвайцеся на акаунты: ў Фэйсбуку, Вкантакце і ў Інстаграм.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)