«Літва пасварылася з ЗША, Нямеччынай, Польшчай. Затое абараняе Лукашэнку»

З 4 па 6 лютага ў Мюнхэне ў Нямеччыне праходзіла трохдзённая міжнародная канфэрэнцыя ў справе бясьпекі. Гэта традыцыйны штогадовы форум, які зьбірае на дыскусію найвышэйшых прадстаўнікоў сусьветнай палітыкі. Вынікі сёлетняй канфэрэнцыі абмяркоўваем з нашым аглядальнікам Віталем Цыганковым.

— Віталь, якія тэмы былі галоўныя на Мюнхэнскай канфэрэнцыі?

— Натуральна, што сёлета галоўнай тэмай стала сытуацыя ў Эгіпце, і шырэй кажучы, рэвалюцыі ў арабскім сьвеце.

Міністар абароны Нямеччыны Гутэнбэрг, які адкрыў канфэрэнцыю, адзначыў, што тое, што адбываецца ў арабскіх краінах і, у прыватнасьці, у Эгіпце павінна заахвоціць Эўропу і ЗША задумацца, ці дастаткова добра яны разумеюць падспудныя працэсы, якія праходзяць цяпер у сьвеце. Па словах Гутэнбэрг, Эўропе і ЗША варта зьмяніць сваё стаўленьне да краін з аўтарытарным кіраваньнем. Непрымальна, каб стваралася уражаньне, што Эўропе і ЗША больш прыемна мець адносіны з аўтарытарнымі рэжымамі, чым з уладай, выбранай волевыяўленьнем народа. Па словах Гутэнбэрга, патрабаваньні дэмакратыі і свабоды зьяўляюцца легітымнымі і павінны быць падтрыманы як Эўропай, так і ЗША.

У загалоўкі навінаў патрапіў і выступ прэм'ер-міністра Вялікай Брытаніі Дэвіда Камэрона, які заявіў пра крах мультыкультурнасьці ў Эўропе. Камерон сказаў тое, што многія даўно хацелі пачуць ад эўрапейскіх палітыкаў: "Для Эўропы прыйшоў час раз і назаўжды адмовіцца ад палітыкі мультыкультурнасьці і пачаць больш агрэсіўна прапагандаваць заходнія лібэральнасьці каштоўнасьці. "Нам трэба адмовіцца ад пасіўнай талерантнасьці апошніх гадоў на карысьць больш актыўнага і моцнага лібэралізму", — сказаў брытанскі прэм'ер і прапанаваў узмацніць палітыку да групаў, што прапагандуюць ісламскі тэрарызм.

— Ці гучала ў Мюнхэне беларуская тэма?

— Так, безумоўна, як бязь гэтага. Старшыня канфэрэнцыі Вольфганг Ішынгер паведаміў, што менавіта парушэньне фундамэнтальных прынцыпаў правоў чалавека вымусіла яго ў апошні час адмяніць запрашэньне на канфэрэнцыю міністру замежных справаў Беларусі Сяргею Мартынаву. Адначасова Вольфганг Ішынгер выказаў спадзяваньне, што на наступным форуму ён здолее вітаць і прадстаўнікоў Беларусі. Пра беларускую тэму гаварыў і ўплывовы амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн, якія заявіў, што вельмі хутка спадар Лукашэнка можа быць заменены ўсьлед за іншымі тыранамі сьвету. Нагадаем, што амэрыканская дэлегацыя перад прыбыцьцём у Мюнхэн 4 лютага наведала Вільню, дзе сустракалася са студэнтамі ЭГУ і з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Закранула беларускую тэму і прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце. Захад можа "дапамагчы сасьпець любому народу", але ня можа дыктаваць яму, якую сыстэму ды якую ўладу ён павінен абіраць. "Гэта тычыцца і Эгіпту, і Беларусі", – падсумавала літоўскі лідэр.

— Віталь, прэзыдэнт Літвы ўжо неаднаразова выступае з асаблівай пазыцыяй па беларускім пытаньні, якая адрозьніваецца ад пазыцыі іншых эўрапейскіх палітыкаў? Чым на вашую думку, гэта можна патлумачыць?

— Вядома, навідавоку ляжыць найбольш празрыстае тлумачэньне – пэўная эканамічная ўзаемазалежнасьць Беларусі і Літвы. Але, як мне здаецца, справа ня толькі ў гэтым. Літоўскія журналісты і аналітыкі выказваюць шмат вэрсіяў наконт паводзінаў прэзыдэнта Літвы. Прынамсі, напэўна можна сказаць, што на сёньня ў Літвы вельмі няшмат перамогаў на замежнапалітычным фронце. Грыбаўскайце ўмудрылася пасварыцца са Злучанымі Штатамі, справа дайшла да таго, што адзін з неназваных з амэрыканскіх чыноўнікаў заявіў літоўскай прэсе, што Грыбаўскайте "можа патрапіць ў Белы Дом толькі ў том выпадку, калі прыедзе туды з другімі турыстамі".

Што тычыцца Расеі, то Літва атрымлівае расейскі газ па сама высокай у Эўропе цане. Сапсаваліся адносіны і з Нямеччынай пасьля рашэньня Масквы і Бэрліна будаваць газаправод па дню Балтыйскага мора. Апошнія месяцы пагоршыліся і адносіны Літвы з Польшчай. Кіраўніцтва Літвы стала ўжо сумна вядома сваімі пагрозамі накладаць вета на некаторыя рашэньні Эўразьвязу, сваёй асобнай пазыцыяй па некаторых пытаньнях. Так што на гэтым фоне асобнае пазыцыя Літвы па Беларусі выглядае хутчэй правілам, чым выключэньнем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)