Літва і ліцвіны — хто і адкуль?

Выдавецтва «Тэхналогія» выпусціла асобным выданнем працу Язэпа Лёсіка «Літва-Беларусь. Гістарычныя выведы».

Акадэмік Язэп Лёсік вядомы як славуты мовазнавец, аўтар шматлікіх падруч­ні­каў беларускай мовы, адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе бе­ларускага правапісу 1926 года. Але мала хто ведае, што ён яшчэ і аўтар шэрагу пу­блі­кацый з гісторыі Беларусі. Адзін з такіх артыкулаў Я. Лёсіка — «Літва-Бе­ла­русь». Упершыню ён быў надрукаваны ў 1921 годзе.

Язэп Лёсік (1883—1940).

Чым выкліканая неабходнасць выдання яго асобнай кніжкай? Як піша ў прад­мове ўкладальнік Зьміцер Санько, «пачатковая гісторыя Вялікага Княства Лі­тоў­скага, этнічная прыналежнасць старажытных ліцьвіноў, паходжанне самога най­мен­ня «Літва» цікавяць апошнім часам не толькі даследнікаў, але і вялікае кола аматараў айчыннай гісторыі. Гэта падштурхнула нас даць шырэйшай аўды­то­рыі магчымасць азнаёміцца з гэтай даўняй публікацыяй, што наўпрост датычыць акрэ­сленай тэмы».

Хоць захавалася толькі першая частка Лёсікавай працы (другая не пабачыла свет — яе «зарэзала» бальшавіцкая цэнзура), але і ў такім выглядзе тэкст уяў­ляе бясспрэчную цікавасць.

Бо гэта адна з першых у беларускай гістарыяграфіі спро­баў узняць пытанне паходжання наймення «Літва», звязаўшы яго з пытаннем характару Вя­лі­кага Княства Літоўскага.

Абапіраючыся на даследаванні Ёзэфа Шафарыка і Яўстаха Тышкевіча, Язэп Лёсік паказвае на шэраг тапонімаў на беларускай этнічнай тэрыторыі з асноваю — Вільк-, Велет-, Волат-, на якія звярнулі ўвагу гэтыя даследнікі. Услед за імі ён звязвае паходжанне тых тапонімаў з заходнеславянскім племенем вількаў (вільцаў), ці велетаў, іначай званых люцічамі, што заснавалі Вільню і Вількамір.

У часы каля Нараджэння Хрыстовага, піша Язэп Лёсік, гэтае племя асялілася на тэрыторыі Віленшчыны, а ў часы перасялення народаў перамясцілася на захад і апанавала ў ІІ ст. узбярэжжа Балтыйскага мора аж да вусця Одры. Ад наймення гэтага племені, якое ўвайшло «ў склад цяперашняга беларускага народу», і атрымала назоў дзяржава Літва. «Літва, Лютва, Люцічы — іменьні славянскага племя».

Да публікацыі, якая прапануецца ўвазе зацікаўленых чытачоў, гісторык-медыявіст Алесь Жлутка напісаў пасляслоўе, дзе каротка, але змястоўна абмаляваў спектр поглядаў — ад сярэднявечных да сучасных — на паходжанне этноніма літва.

У прыватнасці, ён згадвае даследаванне гомельскага прафесара Раісы Казловай, якая пераканаўча, на аснове багатага анамастычнага матэрыялу з розных славянскіх краін, у тым ліку з Беларусі, давяла, што найменне Літва паходзіць ад славянскай асновы *l’ut-, праз дэлабіялізацыю «анлаўтнага лю > лі». Гэтае грунтоўнае да­сле­да­ван­не дазволіла ёй сцвердзіць, што «правамерна аднесці этнонім Літва да перша­па­чатковага Лютва... Думаецца, што Літва — гэта славяне заходніх ускраін Славіі (лю­ці­чы, люты, юты, одрычы і іншыя плямёны), якія з сярэдзіны VI ст. н. э., гэта значыць з пе­рыяду германскай хрысціянізацыі славянскіх плямён, не вытрым­лі­ва­ючы жорст­ка­га ваеннага націску, сталі рухацца на ўсход з мэтай захавання свайго ве­ра­вы­знан­ня і сваёй культуры». Паводле меркавання даследніцы, мова ста­ра­жыт­ных ліцьві­ноў — гэта «сплаў мовы мясцовага ўсходнеславянскага насельніцтва і моў славян заходне­славянскіх ускраін».

У якасці дадатку да кнігі змешчаны цікавы палемічны артыкул Я. Лю­ці­ча-Воўка (псеўданім Янкі Філістовіча) «Наш адказ» — своеасаблівы працяг тэмы.

Ён упершыню апублікаваны ў 1949 годзе у парыжскім часопісе «Моладзь», які быў друкаваным органам Беларускай незалежніцкай арганізацыі моладзі ў Францыі.

Вокладку кнігі ўпрыгожвае партрэт караля Міндоўга, выкананы вядомым беларускім мастаком Паўлам Татарнікавым.

Выданне прызначанае для ўсіх, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)