Неабыякавыя

Марына Міхайлава

Лічбы, пра якія балюча і страшна казаць. Але трэба ведаць

«Пераслед не змяншаецца». Штомесяц у Беларусі каля 30 людзей становяцца новымі палітвязнямі. «Салідарнасць» пагутарыла з юрысткай праваабарончага цэнтру «Вясна» пра тое, чаму ўзровень палітычных рэпрэсій у сённяшняй Беларусі значна большы, чым многія ўяўляюць.

Малюнак: euvsdisinfo.eu

Спецпасланнік Трампа Джон Коўл заявіў пра магчымае вызваленне яшчэ каля 1000 чалавек з беларускіх вязніц у найбліжэйшыя месяцы. Паводле слоў прадстаўніка адміністрацыі ЗША, амерыканскі бок працуе над гэтым пытаннем.

Тое, што працэс вызвалення палітвязняў працягваецца — безумоўна, добрая навіна. Але гэтак жа выразна трэба помніць і разумець, што нават такое маштабнае вызваленне не спыніць рэпрэсіі ў Беларусі.

Бо проста зараз у краіне — тысячы людзей, якія пацярпелі і церпяць ад палітычнага пераследу. І яны не ўключаныя ў перамоўны трэк.

  • Гаворка не толькі пра тых беларусаў, каго праваабаронцы прызналі палітвязнямі — на сёння гэта 1109 чалавек.
  • І пра былых палітвязняў, якія ўжо адбылі тэрміны і выйшлі на волю.
  • Пра «хатніх хімікаў».
  • Пра людзей, якім былі вынесеныя палітычна матываваныя крымінальныя прысуды.
  • Пра беларусаў, якіх МУС і КДБ унеслі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».
  • Нарэшце, пра тых, каго запалохалі настолькі, што мы нічога яшчэ не ведаем пра пераслед, прысуды і тэрміны гэтых людзей.

Разам з юрысткай «Вясны» Святланай Галаўнёвай «Салідарнасць» нагадвае лічбы палітычнага пераследу ў Беларусі і разбірае, чаму вызваленне з вязніцы — гэта яшчэ не свабода.

Святлана Галаўнёва. Фота: ПЦ «Вясна»

— Разам з тымі, хто быў вызвалены і дэпартаваны з Беларусі 13 снежня, у нас ужо 4288 былых палітвязняў — сюды ўваходзяць і тыя, хто быў памілаваны, і хто адбыў пакаранне, каго вызвалілі пасля суда, бо прызначылі абмежаванне, а не пазбаўленне волі, і тыя, хто быў у СІЗА, але ім замянілі меру стрымання на больш мягкую. За кратамі застаецца 1109 палітвязняў, — прыводзіць актуальныя лічбы Святлана Галаўнёва.

Многія з палітвязняў — людзі ва ўразлівым стане, каля 20 з іх — наўпрост у крытычным. Сярод палітзняволеных, якія ўсё яшчэ за кратамі — праваабаронца Марфа Рабкова, якае мае сур’ёзныя праблемы са шчытападобнай залозай, актывіст Уладзімір Гундар, які мае інваліднасць 2 групы (у яго няма адной нагі), Мікіта Золатараў, хворы на эпілепсію… Вязні ва ўзросце 70+ пакутуюць ад хранічных хваробаў.

Даведка «Салідарнасці»

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», станам на снежань 2025 года сама меней 9233 чалавек у Беларусі сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах. У дачыненні да 7938 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя крымінальныя прысуды.

І кожны тыдзень, кожны месяц у спісе ахвяр рэпрэсій з’яўляюцца ўсё новыя імёны.

Юрыстка ўдакладняе, што палітвязнем чалавек можа быць прызнаны і да вынясення прысуду. Напрыклад, калі беларусаў затрымліваюць за данаты, то адразу відавочна, што пераслед палітычна матываваны. Тое самае, калі абвінавачваюць па дыфамацыйных артыкулах, кшталту «абраза міліцыянта», «паклёп» — за гэта чалавек наогул не мусіць пазбаўляцца волі.

На жаль, нават прыблізна складана вызначыць колькасць ахвяр рэпрэсій, пра якіх праваабаронцам наогул не вядома. Нават у групе палітвязняў, якія былі вызваленыя 13 снежня, ёсць некалькі такіх людзей. Таму заўсёды гучыць сціслая, але вельмі важная рэмарка: усе названыя лічбы — мінімум, пра які можна сказаць 100% упэўнена:

— А пра кагосьці мы можам даведацца толькі праз шмат год, бо людзі часта запужаныя і не лічаць бяспечным для сябе прызнанне палітвязнем.

Беларускія ўлады ўжо досыць даўно абмяжоўваюць інфармацыю пра рэпрэсіі, ад колькасці новых затрыманняў да раскладу судовых паседжанняў і вынесеных выракаў. Але і па ўскосных звестках, па пераследзе беларусаў за салідарнасць і дапамогу палітвязням, бачна, што рэпрэсіі не сцішыліся і тым больш не спынілся.

Даведка «Салідарнасці»

Напрыканцы снежня-2024 у спісе» асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце МУС РБ было 4808 пазіцый. На сярэдзіну снежня-2025 — 6084. Пералік «арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» паводле КДБ РБ, за год вырас больш чым на 200 радкоў, цяпер у ім 1540 пазіцый.

Асобна трэба сказаць пра беларусаў, якія знаходзяцца на «хатняй хіміі». Часта такое абмежаванне волі прызначаецца жанчынам, у тым ліку маці з дзецьмі.

— Натуральна, гэта стоадсоткава лепей, чым трапіць у калонію, а дзеці будуць расці без мамы, — зазначае юрыстка «Вясны», — але ўсё адно гэта вельмі цяжка. Ты маеш толькі дзве гадзіны на дзень, калі дазволена выходзіць з дому. А з дзецьмі трэба і ў краму, і пагуляць, і да ўрача і г.д. І выключэнняў для маці няма.

Нават пасля адбыцця тэрміну беларусы, якія зазналі пераслед па палітычных матывах, не становяцца цалкам вольнымі. Яны абмежаваныя ў перасоўванні, выездзе з краіны і нават горада, у многіх правах. «Палітычным» надзвычай складана ўладкавцца на працу, адкрыць на сваё імя банкаўскі рахунак і займець картку, яны мусяць штотыдзень адзначацца ў аддзяленні міліцыі.

Цэтлік «экстрэміста» або «тэрарыста» азначае не толькі забарону служыць у арміі, займаць дзяржаўную пасаду ці выдаваць кнігі, але і фінансавыя абмежаванні. Нельга здзяйсняць здзелкі з нерухомасцю ці каштоўнымі паперамі, у любы момант банкаўскі рахунак могуць заблакаваць.

Зняволеныя з такім статусам у СІЗА альбо калоніі не могуць атрымліваць грашовыя пераводы. Плюс вельмі пільны паўсядзённы нагляд з боку сілавікоў.

— Штомесяц каля 30 людзей становяцца новымі палітзняволенымі, — канстатуе Святлана Галаўнёва. — Мы ведаем, што працягваюцца затрыманні і прысуды па «справе Гаюна», пераслед за данаты, завочныя судовыя справы, нядаўна быў асуджаны ваяр палка Каліноўскага. Таму казаць, што рэпрэсіі пакрысе сціхаюць, нельга. Пераслед не змяншаецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)