Наратывы ж беларускай прапаганды вядомыя: шляхам падтасовак і маніпуляцый малююцца «жахі», збольшага высмактаныя з пальца, жыцця на Захадзе, асабліва ў суседніх краінах Балтыі, Польшчы. Нібыта там людзі спрэс галадаюць, замярзаюць. Шмат гаворыцца пра дэманстрацыі пратэсту супраць улад — хоць, па-першае, іх маштабы ў беларускіх дзяржаўных медыях раздзімаюцца, а па-другое, тое, што людзі выходзяць і вылучаюць патрабаванні да свайго ўрада— гэта ж сведчанне дэмакратыі. Там могуць проста змяніць прэзідэнта, урад, калі яны не апраўдалі надзеі.
«Летам 2020-га мноства пажылых стаялі ў чэргах, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. Гэтыя настроі не змяніліся»
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі — пра «задаволенасць жыццём» беларускіх пенсіянераў.
Да Дня пажылых людзей, які адзначаецца ў Беларусі 1 кастрычніка, Інстытут сацыялогіі Акадэміі навук правёў тэлефоннае апытанне сярод пенсіянераў. Вынікі апублікаваныя ў матэрыяле пад назвай «Социальное самочувствие населения пенсионного возраста».
Паводле даследавання, 75% рэспандэнтаў задавальняе іх жыццё (прычым у сельскай мясцовасці гэты паказчык нават вышэйшы — 80,2%), а незадаволенасць выказалі ўсяго 16,3%. Больш за тое, 22,6% удзельнікаў апытання нібыта наогул заявілі, што не адчуваюць ніякіх праблем, у той час як іншыя пералічылі сярод жыццёвых цяжкасцяў праблемы са здароўем, матэрыяльныя патрэбы, недахват стасункаў з роднымі і г.д.
Наколькі можна давяраць у цяперашніх умовах гэтым лічбам, і ці азначае высокі ўзровень «агулам задаволеных», што базавы электарат Аляксандра Лукашэнкі сярод людзей сталага веку захаваўся і падтрымлівае існуючую «стабільнасць»? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім.
— У сённяшніх умовах цяжка давяраць афіцыйнай сацыялогіі, — адзначае суразмоўца, — хаця акадэмічны інстытут стараўся (раней, ва ўсякім разе) захоўваць рэпутацыю, і нават калі прапаганда раскручвала звесткі пра нібыта завоблачны рэйтынг, вельмі высокі давер да Лукашэнкі, то звычайна гэта рабілася пад іншымі брэндамі.
Але цяпер, мяркую, усе галіны жыцця, асабліва тыя, якія ўлада лічыць «ідэалагічнымі», падмятыя рэжымам, і ён у значнай ступені дыктуе там свае правілы. Многае ж залежыць ад таго, як сфармуляваць сам апытальнік — і ў мяне такое ўражанне, што ў гэтым выпадку пытання пра стаўленне людзей сталага веку да палітычнага курсу проста не было.
Бо сярод праблем, названых рэспандэнтамі, ёсць, напрыклад, дачыненні са сваякамі (2,7%) — няўжо нават на такім узроўні няма незадаволеных палітыкай цяперашніх улад? Напрошваецца выснова, што палітычных опцый у гэтым апытанні проста пазбеглі — ад граху падалей.
Пры гэтым, гаворыць аналітык, варта мець на ўвазе, што людзі старэйшага веку, як паказвае досвед і як тое фіксавалі ранейшыя незалежныя даследаванні, больш кансерватыўныя. Асабліва на вёсцы.
— Кідаецца ў вочы, што паводле гэтага апытання жыхары сельскай мясцовасці больш задаволены жыццём, нібыта меней іх клапоціць медычнае абслугоўванне — хаця мы ведаем, што менавіта на вёсцы з ім больш праблем, — звяртае ўвагу Аляксандр Класкоўскі. — Думаю, тут у пэўнай ступені працуе псіхалогія: сяляне бліжэйшыя да прыроды, вядуць болей гарманічны лад жыцця, у іх меней загазаванасці, шуму, транспарту і іншых раздражняльнікаў, якія могуць нерваваць пажылых людзей у горадзе.
Аглядальнік не выключае, зрэшты, што лічбы незадаволенасці медабслугоўваннем і матэрыяльным становішчам могуць быць не зусім адпаведныя рэальнасці. Бо ў гутарках сам-насам практычна ўсе пенсіянеры скардзяцца на тое і другое. Але ўлады не хочуць завастраць на гэтым увагу — таму, што не могуць назапашаныя праблемы вырашыць.
Калі раней перад кожнай электаральнай кампаніяй Аляксандр Лукашэнка стараўся «падлашчыцца» да пажылога электарату, то цяпер пенсіі і падвышаюцца значна радзей, і за інфляцыяй не паспяваюць. А каб ссунуць фокус з неабходнасці эканамічных рэформаў (тым болей што іх не правядзеш без змены палітычнага курсу), уключаюцца напоўніцу механізмы прапаганды.
— Можна дастаткова ўпэўнена казаць, што людзі старэйшага веку болей прывязаныя да тэлевізара і меней карыстаюцца інтэрнетам, куды вымушаныя былі сысці пасля «зачысткі» многія незалежныя медыі. А ў тэлевізары і газетных шапіках выбар невялікі, засталіся фактычна толькі праўладныя, дзяржаўныя выданні, — канстатуе Аляксандр Класкоўскі.
Але пра гэтыя моманты, мабыць, не ўсе пенсіянеры думаюць, яны болей даверлівыя і ў іх меней магчымасцяў пераправяраць інфармацыю, чым у маладзейшых. Таму карцінка, што заходні свет, Еўропа стаяць на парозе нейкага апакаліпсісу, прычым нібыта акурат праз тое, што ўвялі санкцыі супраць Масквы і Мінска, відаць, на пэўную частку беларусаў сталага веку ўздзейнічае.
Таксама як і іншы наратыў беларускай прапаганды — «абы не было вайны»: нібыта дзякуючы «мудраму кіраўніцтву» ў нас мірнае неба над галавой. Зноў жа, натуральна, гэта не так, рэжым ужо стаў саўдзельнікам агрэсіі, і ў сённяшняй сітуацыі вялікае пытанне, ці ўдасца Лукашэнку адкруціцца ад адпраўкі беларускіх войскаў на вайну. А калі не ўдасца, то можна чакаць і ўдараў у адказ.
Не кажучы ўжо пра перспектыву ядзернай вайны, якая становіцца усё болей пагрозлівай праз крамлёўскі шантаж. Тады без варыянтаў прыляціць і беларусам.
Увогуле ж аналізаваць настроі сярод беларускіх пенсіянераў складана і праз тое, заўважае эксперт, што няма лічбаў незалежных сацыялагічных даследаванняў, якія можна было б параўнаць са звесткамі апытанняў пад эгідай дзяржавы.
— Ёсць, канечне, «Беларуская ініцыятыва» Chatham House, Беларуская аналітычная майстэрня прафесара Вардамацкага, маецца свая сацыялогія ў межах праекта «Беларускі трэкер перамен». Але тое, што выносіцца на шырокую публіку, мае пераважна фрагментарны характар і прысвечана найперш гарачым тэмам, кшталту: як беларусы ставяцца да вайны ва Украіне. І звычайна няма раскладкі, як залежыць стаўленне да той ці іншай праблемы ад узросту рэспандэнтаў.
Незалежная сацыялогія — гэта ўвогуле асобная вялікая праблема для нашай краіны. Бастыён яе, НІСЭПД быў разгромлены яшчэ ў 2016 годзе. Гэта было лагічна з гледзішча ўлад, бо пасля кожных выбараў апытанні гэтай інстытуцыі паказвалі, што афіцыйныя лічбы Цэнтрвыбаркама не адпавядаюць рэчаіснасці. На жаль, сёння няма такіх незалежных цэнтраў, якія б паслядоўна, сістэмна, па розных узроставых катэгорыях зандавалі беларускае грамадства.
Нават калі б не было ціску на сацыёлагаў, то самі людзі запалоханыя. І каб у нас была больш-менш адэкватная сацыялогія, таксама патрэбныя палітычныя перамены ў краіне.
І ўсё ж, перакананы Аляксандр Класкоўскі, нават з улікам кансерватыўнасці пажылых людзей, іх даверу да дзяржСМІ — не варта лічыць «пенсійны электарат» такім ужо маналітным ды праўладным:
— Калі згадаць лета 2020 года, перыяд збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, то ў вялікіх чэргах як у Мінску, так і ў рэгіёнах было шмат пажылых людзей. Тады незалежныя медыі яшчэ адкрыта рабілі апытанні, і я памятаю, што рэфрэнам з вуснаў людзей сталага веку гучала: маўляў, хочам лепшага жыцця для сваіх дзяцей і ўнукаў, таму наважыліся падпісацца за Святлану Ціханоўскую ды іншых апанентаў Лукашэнкі.
Было бачна чыста эмпірычна, што вялікая частка людзей сталага веку таксама хоча перамен. Думаю, з таго часу гэтыя настроі, па вялікім рахунку, не змяніліся.
Так, цяпер беларусы баяцца выходзіць на пратэсты, а пажылыя людзі — тым болей. Калі цябе адлупяць дручкамі ды кінуць у вязніцу, то ўсталым узросце гэта асабліва пакутліва і небяспечна для здароўя. Але дручкамі ўсё адно не прымусіш любіць уладу.
У многіх людзей сталага веку таксама дзеці і ўнукі пацярпелі падчас пратэстаў, трапілі ў турму ці з’ехалі з краіны— таму што не бачаць для сябе перспектывы ці, зноў жа, каб не патрапіць пад рэпрэсіі. Таму, мяркую, клопат пра будучыя пакаленні і звязанае з гэтым жаданне пераменаў у пажылых беларусаў нікуды не падзеліся.
Читайте еще
Избранное