Леся Руднік: «Сесіі ў звыклым для беларусаў разуменні – двойчы ў год – няма»
Даследніца і паліталагіня Леся Руднік распавяла «Салiдарнасцi» пра тое, чаму толькі чырвонага дыплому мала для вучобы ў Швецыі і як прымяняць еўрапейскую адукацыю на карысць Беларусі.
Як бы ні запэўнівалі беларускія ўлады ў якасці айчыннай адукацыі, аднак выключэнне з Балонскага працэсу, істотнае падзенне ВНУ у сусветных рэйтынгах і цьмяныя, мякка кажучы, перспектывы абавязковай адпрацоўкі для ўсіх выпускнікоў даюць негатыўны плён. Колькасць беларусаў, якія жадаюць вучыцца за мяжой, істотна расце.
У нашым новым спецпраекце «Адукацыя без межаў» расказваем пра асаблівасці вучобы ў розных краінах — вачыма былых і цяперашніх навучэнцаў з Беларусі.
Гарадзенка Леся Руднік скончыла еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, пазней пераехала ў Швецыю, бо выйграла стыпендыю для навучання на магістратуры па паліталогіі, скончыла таксама магістратуру па журналістыцы.
У 2022-м атрымала прэстыжную шведскую прэмію «Еўрапеец года». Сёння Леся — дактарантка паліталогіі ва ўніверсітэце Карлстада, кіраўніца даследчыцкага Цэнтра новых ідэй і запрошаная выкладчыца ў ЕГУ.
— У Карлстадзе я раблю доктарскую (акрамя навуковай працы, выкладаю для бакалаўрскіх курсаў і атрымліваю заробак, як усе астатнія супрацоўнікі ўніверсітэта), а магістратуру рабіла ў Стакгольмскім і Сёдэрторнскім універсітэце (другі з іх знаходзіцца таксама ў Стакгольме, хвілін 15 ад цэнтра).
«Адных выдатных адзнак мала». Пра ўмовы для паступлення
Што патрэбна, каб трапіць на вучобу ва ўніверсітэты Швецыі, акрамя ведання англійскай мовы і матывацыі? Па-першае, падкрэслівае суразмоўца, ваша англійская мусіць быць вельмі добрай:
— У шведскіх універсітэтах ад цябе чакаецца даволі высокі ўзровень валодання англійскай, які нашмат перавышае бал міжнароднага іспыту (IELTS, TOEFL), прыймальны ўніверсітэтам. Таму англійская — вельмі важны складнік, але не адзіны неабходны.
Другая частка працэсу — грашовая. З 2015 года для беларусаў, як і для іншых грамадзян не-еўрапейскіх краін, у сэнсе, не з краін ЕС і ЕЭЗ, вучоба ў Швецыі стала платнай. І каб мець падтрымку, трэба знаходзіць стыпендыю.
Для нас адзіны варыянт — стыпендыя Шведскага інстытута, якую прызначаюць маладым людзям з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, з вопытам валанцёрства, актывізму ці нейкіх падобных рэчаў.
То бок, адных выдатных адзнак мала: я ведаю некалькіх людзей, якія з чырвоным дыпломам сканчалі беларускія навучальныя ўстановы, але пры тым не мелі вопыту працы ў НДА, не займаліся актывізмам, ні віртуальна, ні афлайн — і яны атрымлівалі адмову.
Такім чынам, майце на ўвазе, што актыўная грамадзянская пазіцыя, удзел у разнастайных грамадскіх праектах, журналістыка — гэта падвышае шансы.
Аднак канкурэнцыя сярод абітурыентаў з краін Усходняга партнёрства даволі высокая, дадае Леся Руднік:
— На год, калі я паступала, з тысячы з нечым заявак стыпендыі атрымалі 64 чалавекі, з іх усяго чацвёра беларусаў, дзве з гуманітарных навук, і дзве — з прыродазнаўчых.
Альтэрнатыва — нашмат прасцейшая, аднак дарагая. Да прыкладу, пару год таму мне распавядалі, што магістарская праграма абыдзецца ў 180 тысяч крон (90 тысяч крон на год), альбо каля €9000. Прынамсі ў 2015-17, калі я праходзіла сваю першую магістарскую, мае аднагрупнікі з краінаў па-за межамі ЕС, якія навучаліся платна, выдаткоўвалі прыкладна гэтую суму. Прычым зніжак за выдатную вучобу, як, скажам, у ЕГУ, тут няма.
«Тут ніхто не будзе за табой хадзіць і адсочваць наведванне». Пра (сама)адукацыю
З асаблівасцяў вучобы ва ўніверсітэтах Швецыі Леся Руднік вылучае некалькі важных рэчаў, да якіх таксама варта быць гатовым загадзя: аб’ём літаратуры і самаадукацыя.
— На магістарскай праграме паліталогіі часам здавалася, што ў нас літаратуразнаўчы факультэт, — напаўжартам зазначае беларуска. — Былі вельмі вялікія аб’ёмы літаратуры, прычым усё ў арыгінале, тэксты XVIII стагоддзя ў лепшым выпадку ў перакладзе пачатку ХХ стагоддзя, напісаныя ці перакладзеныя вельмі складанай мовай. І гэта моцная тэарэтычная загартоўка, з аб’ёмамі літаратуры для вывучэння ў тым жа ЕГУ проста непараўнальна.
Адметны такі, я сказала б, тэхнічны момант: у Швецыі ідзе курс за курсам, і паўтары месяцы ты вывучаеш толькі адзін курс, іншых прадметаў няма — пасля адразу здаеш іспыты, звычайна ў выглядзе пісьмовага эсэ, атрымліваеш адзнаку, і пачынаецца наступны курс.
То бок, няма такога, што ў дзень чатыры пары па розных курсах — усе па адным і тым жа прадмеце, і гэта, з аднаго боку, скарачае працягласць курса, а з другога, робіць яго больш інтэнсіўным, ты фіксуешся выключна на гэтым прадмеце.
Сесіі ў звыклым для беларусаў разуменні, двойчы ў год, няма, іспыты адбываюцца пасля кожнага курса: ты спачатку дома чытаеш, штосьці рыхтуеш для семінара, потым ідзеш на лекцыю — і ўсё гэта па адным і тым жа прадмеце. У такім падыходзе, на мой погляд, вялікі плюс шведскай адукацыі.
Другі важны момант — самастойнасць. Тут ніхто не будзе за табой хадзіць і адсочваць наведанне, ставіць адпрацоўкі прапушчаных заняткаў, цягнуць, каб здаў працу. Кантраляваць паспяховае выкананне задач — выключна твая адказнасць. І калі ты не здаеш фінальны іспыт, ёсць усяго адна магчымасць пераздачы — а потым толькі чакаць наступнага года і паспрабаваць яшчэ раз узяць той жа курс.
Пры гэтым, калі трэба, выкладчыкі гатовыя выдаткаваць час і патлумачыць студэнтам незразумелыя моманты — але дасылаць па сто электронных лістоў на тыдзень, скажам, падчас напісання дыплому, быць пастаянна на сувязі і мець фідбэк не атрымаецца. Калі ў правілах універсітэта прапісаныя тры-пяць сустрэч з навуковым кіраўніком за некалькі месяцаў напісання дыплому — іх дакладна столькі і будзе.
— Задача навуковага кіраўніка — не столькі дапамагчы напісаць якасную працу, колькі надзець акуляры студэнта, зразумець, што той хоча зрабіць, і дапамагчы сфармуляваць даследчую праблему і правесці даследаванне ў межах дыпломнай. Навязваць табе тэму дыплома і тым больш выдаваць нейкія спісы тэмаў курсавых — такога няма.
«У любой эміграцыі ёсць выклікі». Пра падводныя камяні
Выглядае на тое, што вучоба ў Швецыі — працэс інтэнсіўны і з немалой загрузкай. Ці застаецца час яшчэ на штосьці — сям’ю, падпрацоўку?
— Застаецца, — усміхаецца суразмоўца «Салiдарнасцi». — Канешне, гэта залежыць і ад культурнага асяродку, менталітэту краіны, з якой прыехаў студэнт, але калі прызвычаіўся шмат працаваць альбо разбіваеш падрыхтоўку да заняткаў на некалькі этапаў і рыхтуешся заранёў, часу хапае.
Асабіста за сябе магу сказаць, што вучобу сумяшчала з працай на выданне Belarus Digest, якое па-англійску распавядала пра сітуацыю ў Беларусі, пісала туды па чатыры аналітычныя артыкулы на месяц, і таксама падпрацоўвала ў Швецыі, праходзіла тут практыку.
Мне падаецца, такая сітуацыя была б і ў большасці беларусаў, і амаль усе замежнікі, каго я памятаю, сумяшчалі вучобу з працай, многія працавалі дыстанцыйна. Але большасць маіх аднагрупнікаў-шведаў займаліся выключна вучобай, у лепшым выпадку яшчэ сям’ёй.
Магістарскую праграму, распавядае Леся Руднік, можна прайсці альбо за 2 гады, альбо ў больш канцэнтраваным варыянце за 1 год, але тады студэнт менш паглыбляецца ў тэорыю і набірае менш крэдытаў (часу, адведзенага на вывучэнне кожнай дысцыпліны ў вучэбным плане).
— Магістратуру па журналістыцы я праходзіла ў такім скарочаным варыянце, ён таксама дае магістарскую ступень, але большы прыкладны досвед, у прыватнасці, звязаны з медыяаналізам.
Што яшчэ важна ведаць пра Швецыю загадзя, задоўга да пачатку вучобы? Напрыклад, тое, што паступленне на вучобу не гарантуе месца ў інтэрнаце — гэтым давядзецца займацца самастойна, устаючы ў спецыяльную чаргу, і лепш распытаць падрабязнасці ў студэнтаў, якія ўжо прайшлі такі шлях.
— Наогул, у любой эміграцыі ёсць пэўныя выклікі, — заўважае Леся Руднік. — У Швецыі, у адрозненне ад Літвы ці Польшчы, ты не чуеш нікога, хто размаўляе на зразумелай табе мове. Калі толькі прыязджаеш у краіну — сутыкаешся з тым, што ў прынцыпе ўсе збольшага могуць адказаць табе па-англійску, але паміж сабой гавораць па-шведску, і гэта іншы кантэкст, які цябе адразу мабілізуе.
Яшчэ тут вельмі дарагое жытло. Не настолькі, як у ЗША ці Вялікабрытаніі, але ўсё ж і кватэры, і студэнцкія інтэрнаты даволі дарагія. А калі шукаць больш танны варыянт, гэты пакой ці кватэра могуць знаходзіцца не ў самым лепшым раёне.
Студэнцкі інтэрнат у гэтым сэнсе лепш — таму, як толькі атрымаеце адказ, што вас прынялі на вучобу, варта адразу займацца жыллёвым пытаннем, у тым ліку запытаць ва ўніверсітэце ці ў знаёмых адпаведныя кантакты.
Таксама ёсць пэўныя нюансы, звязаныя з інтэграцыяй у шведскую сістэму бюракратыі: у Швецыі амаль нічога немагчыма зрабіць да атрымання падатковага нумару (адкрыць рахунак у банку, адпаведна, атрымаць першую стыпендыю, трапіць на прыём да доктара за пад’ёмны кошт), а бюракратычныя працэдуры тут даволі марудныя.
Але гэта ўжо дэталі, проста агулам трэба быць гатовым, што давядзецца патраціць нямала часу на легалізацыю.
«Перспектывы залежаць ад мэтаў»
Ці вартая вучоба такіх высілкаў? Тут кожны вырашае сам, але шведскія ўніверсітэты ў сусветным рэйтынгу знаходзяцца даволі высока: шэсць з іх уваходзяць у топ-200 паводле QS World University Rankings 2024 (для параўнання, з Беларусі толькі адзін універсітэт — БДУ — трапіў у топ-300, а БНТУ выпаў нават з першай тысячы).
— Перспектывы, натуральна, залежаць ад мэтаў — кім сябе чалавек бачыць. У мяне было зразумела ўжо ў 16 год, калі сказала бацькам, што хачу быць палітычным аналітыкам ці палітычным журналістам, а яны паглядзелі вялізнымі вачыма і адказалі, маўляў, яшчэ сто разоў перадумаеш. Прайшоў час, але я дагэтуль не перадумала і іду па падобнай сцежцы.
Мяркую, калі ў людзей ёсць канкрэтнае бачанне сябе ў будучыні, шведскай вышэйшай адукацыяй можна вельмі выгадна карыстацца.
У прыватнасці, распавядае беларуска, тыя выпускнікі, хто плануе працаваць ва ўніверсітэтах ці ў аналітычных цэнтрах, могуць загрузіць сваю дыпломную працу на нацыянальны партал — і гэта падвышае шансы быць заўважаным і ацэненым працадаўцамі Швецыі. Атрыманне ступені магістра паліталогіі дае магчымасці ісці далей непасрэдна ў палітыку ці ў палітычны кансалтынг, у дзяржаўныя ці міжнародныя структуры — спектр магчымасцяў даволі шырокі.
Доктарская ж праца, якую цяпер піша Леся Руднік, наўпрост звязаная з Беларуссю:
— Я пішу пра тэхналогіі і пратэсты ў аўтарытарных краінах, разглядаю розныя кейсы, але перадусім у маім персанальным фокусе, вядома ж, Беларусь. Гэта даволі маштабная праца, бо гаворка не толькі пра сацыяльныя сеткі і месенджары, а ў прынцыпе пра тое, якія магчымасці даюць тэхналогіі грамадзянам аўтарытарных краін, каб выказваць сваю палітычную думку, ствараць платформы для інфармавання, актывізму, кантактаў і г.д.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное