Общество

Лепшая журналістыка 2021 года. Сярод пераможцаў European Press Prize ёсць і беларусы

Беларускія журналісты адзначаныя за расследаванне міліцэйскага гвалту ў часе пратэстаў.

European Press Prize абвяшчае прызёраў і пераможцаў 2021 года. Пераможцы былі абраныя з самага вялікага ў гісторыі конкурса пула заявак, колькасць якіх у гэтым годзе перавысіла 1000 і якія былі дасланыя амаль з усіх краінаў Еўропы.

Сёлета журы ўзнагароджвае пераможцаў за наватарскае ўздзеянне на грамадскія дэбаты і інавацыйны падыход да прафесіі журналіста.

Традыцыя моцнага польскага сторытэлінгу была працягнута артыкулам «Каханне падчас халеры» Януша Швертнера. Гэта праца пра трансфобію і самагубствы дзяцей у Польшчы была ўзнагароджана прэміяй «За выбітны рэпартаж» (Distinguished Reporting Award).

Прэмію «За інавацыі» (Innovation Award) у гэтым годзе атрымала каманда Maldita.es, якая таксама намінавалася ў 2017 і 2018 гадах, за яе найноўшы праект: чат-бот для WhatsApp, які правярае інфармацыю.

Першым у гісторыі прэміі венгерскім лаўрэатам стаў Іван Жолт Надзь у катэгорыі «Меркаванне» (Opinion Award) за артыкул «Калі Трыянон баліць па-рознаму», дзе выказваецца асабісты погляд аўтара на драматычнае значэнне Трыянонскага мірнага дагавора.

Прэміяй «За журналісцкае расследванне» (Investigative Reporting Award) узнагароджаны Раман Анін за матэрыял «Кірыл і Каця: Каханне, афшоры і адміністрацыйны рэсурс. Як шлюб з дачкой Пуціна адкрыў неімаверныя магчымасці для Кірыла Шамалава».

У красавіку гэтага года расійская паліцыя ненадоўга затрымала і дапытала Аніна. Падазраюць, што такім чынам крамлёўская эліта спрабавала адпомсціць журналісту за яго раследванне.

У журы 2021 года ўвайшлі: былы галоўны рэдактар The Guardian Алан Расбрыджэр (старшыня), намесніца галоўнага рэдактара Süddeutsche Аляксандра Фёдэрль-Шмідт, намеснік дырэктара eldiario.es Хуан Луіс Санчэс, рэдактар Le Monde Сільві Каўфман, журналістка-фрылансерка і аглядальніца De Volkskrant Шэйла Сіталсінг.

Уважліва разгледзіўшы працы ўсіх 20 намінантаў у шорт-лісце, журы выбрала пяць пераможцаў: у чатырох агульных намінацыях «Журналісцкае расследванне», «Выбітны рэпартаж», «Меркаванне» і «Інавацыі», а таксама атрымальніка Спецыяльнай Прэміі, на якую маглі намінавацца журналісты, рэдактары і чытачы.

Адзін пераможца з Беларусі

Спецыяльнай прэміяй 2021 года ўзнагароджваюцца смелыя і незалежныя журналісты, якія працуюць у Беларусі. Іх прадстаўляе праект «Жорсткі Мінск: Як беларуская міліцыя збівае дэманстрантаў». Гэта раследванне міліцэйскага гвалту падчас антылукашэнкаўскіх дэманстрацый увайшло ў шорт-ліст сёлетняй прэміі.

Аўтарамі праекта з’яўляюцца Анастасія Бойка, Максім Літаўрын, Дэвід Фрэнкель, Ягор Скаварада, Марыя Талстова, Мікіта Шулаеў і Дзмітры Трэшчанін.

Дадзеная ўзнагарода набыла асаблівае значэнне ў святле апошніх падзей у Беларусі, а менавіта ў сувязі з арыштам журналіста Рамана Пратасевіча і яго партнёркі Сафіі Сапегі, пасля таго як самалёт Ryanair, якім яны ляцелі з Афін у Вільнюс, быў перанакіраваны і вымушаны прызямліцца ў Мінску.

Рэкордны год

Сёлета European Press Prize мела рэкордную колькасць удзельнікаў. На конкурс было пададзена больш за 1000 артыкулаў і журналісцкіх праектаў амаль з усіх 47 краін, якія ўваходзяць у Савет Еўропы. Гэта найбольшая колькасць заявак у гісторыі European Press Prize з моманту яе заснавання ў 2012 годзе.

— Мы рады бачыць, што пасля дзевяці гадоў напружанай працы European Press Prize разглядаецца журналістамі як адна з найважнейшых прафесійных узнагарод. Гэту цяжкую працу робім усе мы, але ў першую чаргу самі журналісты, якія падаюць свае працы на конкурс, і Падрыхтоўчы камітэт прэміі, які іх чытае, — сказаў Томас ван Нірбас (Thomas van Neerbos), дырэктар European Press Prize.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)