Общество

«Лекаў перадаём Сяргею ўсё больш»

Пра палітвязняў паведамляе Народная Воля.

Жонка Сяргея Сацука: «У мужа ішэмічная хвароба сэрца, а ў СІЗА сітуацыя толькі пагоршылася»

Журналіст Сяргей Сацук быў затрыманы 8 снежня 2021 года, у яго прайшоў ператрус і адбыўся допыт у Следчым камітэце. Пасля допыту па старой справе паводле артыкула 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару) яго ўзялі пад варту, і зараз ён знаходзіцца ў следчым ізалятары.

25 сакавіка 2020 года Сяргея ўжо затрымлівалі па гэтай жа справе. 26 сакавіка яму была абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, а ў рэдакцыі і ў доме Сацука прайшлі ператрусы. 4 красавіка генеральны пракурор Беларусі адмяніў рашэнне аб узяцці яго пад варту.

– Са здароўем у Сяргея па-ранейшаму праблемы, – распавяла «Народнай Волі» Жанна Сацук, жонка журналіста. – Таму ўсё больш купляем лекаў і перадаём іх у ізалятар. У мужа ішэмічная хвароба сэрца, а ў СІЗА сітуацыя толькі пагоршылася. Патрэбна дыета, адсутнасць стрэсаў, а ў тых умовах, у якіх ён знаходзіцца, на жаль, гэта немагчыма.

Паводле слоў Жанны Сацук, перадачы мужу яна робіць кожны тыдзень. Па панядзелках можна перадаваць лекі, хаця да Сяргея яны даходзяць толькі праз некалькі дзён.

– Калі стала горш з сэрцам, мы перадалі Сяргею балончык з нітрагліцэрынам, які патрэбны, каб купіраваць ішэмічныя прыступы, – кажа жанчына. – Таксама падчас сустрэчы з начальнікам медыцынскай часці СІЗА папрасілі, каб дазволілі мужу адпачынак днём на ложку, бо гэта для вязняў забаронена.

Нас запэўнілі, што турэмныя лекары ў курсе праблем са здароўем у Сяргея, абяцалі, што як быццам праблем з тым, каб выканаць нашу просьбу, не будзе. А праз тыдзень муж паведаміў, што да яго прыходзіў урач, паслухаў і заявіў, што няма неабходнасці прадастаўляць яму адпачынак на ложку. І адмовіў у гэтым. Сяргей яшчэ раз упэўніўся, як словы некаторых разыходзяцца са справамі.

Таксама Жанна Сацук паведаміла, што лісты ад мужа часам прыходзяць з затрымкамі, а нярэдка іх і наогул вяртаюць назад.

Жонка Алеся Пушкіна: «Муж прысніў, што не можа ісці»

Суд над мастаком пачнецца 10 сакавіка і пройдзе ў Мінскім гарадскім судзе.

Алесь Пушкін знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021 года. Паводле версіі Генпракуратуры, мастак «здзейсніў дзеянні, накіраваныя на прапаганду нацызму і дзейнасці беларускіх калабарацыянісцкіх арганізацый». Маецца на ўвазе размяшчэнне на выставе ў Гродне партрэта ўдзельніка пасляваеннага беларускага антысавецкага руху Яўгена Жыхара.

Таксама склад злачынства сілавікі ўбачылі і ў іншых творах і акцыях мастака.

– За апошнія чатыры месяцы атрымала ад Алеся толькі адзін ліст, – распавяла «Народнай Волі» Яніна, жонка мастака. – Прыходзілі толькі невялікія паштоўкі, у якіх было літаральна некалькі слоў. Да таго ж стала вядома, што мужу вярнулі і яго шматлікія лісты, якія ён пісаў сябрам і знаёмым на волю.

А вось у тым адзіным лісце, які дайшоў да мяне, Алесь напісаў мне пра сон, які прысніў. Ён даволі незвычайны. Маўляў, муж працаваў на рэстаўрацыі касцёла і знайшоў скарб – вельмі шмат залатых манет. Алесь іх напіхаў у штаны, а яны спусціліся ўніз такім цяжарам, што не мог ісці. Так гэты сон і скончыўся. Не ведаю, што ён азначае, але цяжар зараз і насамрэч на нагах мужа.

Яніна дадае, што не можа спрагназаваць, чым закончыцца працэс над Алесем, але з гэтай нагоды таксама ўбачыла сон:

– Прысніла, што па адным артыкуле мужу далі тры гады зняволення, па другім – тры, а затым і яшчэ адна тройка намалявалася ўва сне. Атрымалася – дзевяць…

Ігар Лосік сустрэўся ў СІЗА з жонкай

Палітзняволены журналіст Ігар Лосік быў асуджаны на 15 гадоў зняволення ў снежні мінулага года. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў», а таксама ў «распальванні сацыяльнай варожасці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненых групай асоб».

Пакуль не адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі, Ігар Лосік па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА Гомеля. Днямі ён сустрэўся ў ізалятары з жонкай Дар’яй.

– Ігар ужо паправіўся ад каранавіруса, усё добра, – распавяла яна. – У мяне была магчымасць расказаць яму, што адбываецца ва Украіне. Быў вельмі здзіўлены, бо ў тых газетах, якія можна туды выпісваць, пішуць абсалютна супрацьлеглае. У дадатак вельмі моцна блакіруюць перапіску. Я думаю, што гэта было звязана і з рэферэндумам, і з вайной ва Украіне.

Паводле слоў Дар’і, цяпер да Ігара даходзяць лісты толькі ад родных. Ён вельмі просіць пісаць яму больш, «каб прарваць гэтую блакаду».

Валянцін Стэфановіч сваю віну не прызнае

Праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Уладзімір Лабковіч знаходзяцца ў СІЗА з 14 ліпеня 2021 года. Днямі Валянцін даслаў ліст на волю, у якім адзначае, што асаблівых навін у яго няма. 14 сакавіка праваабаронца чакае працягнення тэрміну ўтрымання пад вартай.

Паводле яго слоў, ніякіх следчых дзеянняў з ім не праводзіцца, бо паказанняў ён не дае, а віну не прызнае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(7)