Лекарку зь Берасьця звольнілі пасьля мітынгу супраць акумулятарнага заводу
Урача-нэўроляга Тацяну Фесікаву, якая актыўна змагаецца супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ТАА «АйПаўэр», звольнілі з цэнтральнай гарадзкой бальніцы Берасьця.
Паводле адміністрацыі лякарні, загад аб звальненьні падпісаны 4 траўня «у сувязі з прыняцьцем на працу асноўнага работніка».
Тацяна Фесікава мяркуе, што прычынай стаў яе выступ на мітынгу «Берасьцейкі супраць сьвінцу», які адбыўся ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў 29 красавіка. Пра гэта яна распавяла ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды.
Падчас мітынгу «Берасьцейцы супраць сьвінцу»
«Нам тут жыць». 2000 берасьцейцаў выйшлі на мітынг супраць будаўніцтва заводу
«Я ў бальніцы працавала цягам 16 гадоў»
— Я ў бальніцы працавала цягам 16 гадоў: з 2002 па 2008 год на поўную стаўку, а з 2008-га на паўстаўкі як сумяшчальніца. Брала дзяжурствы, бо маё асноўнае месца працы з мэдыцынай практычна не зьвязана, але я хацела падтрымліваць сваю кваліфікацыю, катэгорыю. Таму за капейкі, якія там плацяць, я дзяжурыла, каб не згубіць свой дыплём і стаж.
У нядзелю адбыўся гэты мітынг, на якім я выступіла. А ў панядзелак 30 красавіка мне патэлефанавалі, што я магу на працу не выходзіць. 2 траўня я сустрэлася з галоўным урачом, які сказаў, што прыходзіць асноўны работнік і ў маіх паслугах больш няма патрэбы.
— То бок вы зьвязваеце сваё звальненьне з вашай актыўнасьцю супраць будаўніцтва акумулятарнага завода?
— Я так мяркую, бо стаўкі ў аддзяленьні ёсьць і не было неабходнасьці мяне звальняць, каб прыняць новага чалавека.
— Ці будзеце вы абскарджваць сваё звальненьне?
— Я зьвярнулася за дапамогай да адвакатаў, яны рыхтуюць запыты ў бальніцу. Буду дамагацца свайго аднаўленьня.
«Сказалі ў кулюарах, калі б не лезла на ражон»
Тацяна Фесікава
— Як адрэагавалі вашы калегі?
— Падтрымкі мэдычных работнікаў, на жаль, не адчуваю. Мне нават сказалі кулюарна, што я, маўляў, сама вінаватая і калі б не лезла на ражон, то нічога гэтага не здарылася. І што мне ня знойдзецца месца ні ў воднай дзяржаўнай установе Берасьця, бо выступаю супраць завода і чыноўнікаў.
Адразу мы мелі надзею, што будаўніцтва можна прыпыніць. Але цяпер бачым, што ніякія нашы ўказаньні на недахопы, фальсыфікацыі нікому не цікавыя.
Таму мы сталі зьвяртацца да чыноўнікаў больш жорстка і выказваць сваю незадаволенасьць і недавер да таго, што яны робяць. Я думаю, з гэтым зьвязанае і маё звальненьне. І гэта ж не адзіны выпадак. Некаторых калегаў па ініцыятыўнай групе папярэджвалі на працы, аднаму працягнулі кантракт, але толькі на адзін месяц.
Людзей, якія зьбіралі подпісы супраць будаўніцтва, і мяне таксама запрашалі ў пастарунак. 10 траўня зноў людзей выклікаюць за збор подпісаў за адстаўку чыноўнікаў. Але ж мы дзейнічаем законна, нічога не парушаем, мы выказваем сваё меркаваньне.
— Чаму вы выступаеце супраць будаўніцтва акумулятарнага завода?
— Я адстойваю свае інтарэсы і інтарэсы іншых грамадзянаў, якія будуць жыць непасрэдна каля яго. Я жыву ў чатырох кілямэтрах ад гэтага злашчаснага прадпрыемства. Там у мяне дом, у які ўкладзеныя сродкі, сілы, час і аддадзена палова жыцьця. Таму я заўзята абараняю свой дом і буду працягваць гэта рабіць, бо там жыве мая сям’я. У мяне зваротнай дарогі няма.
«Ад сьвінцу цярпіць рэпрадуктыўная сыстэма»
— Пра што вы казалі ў сваім выступе на мітынгу «Берасьцейскі супраць сьвінцу»?
— Я зьвярталася да чыноўнікаў з просьбай спыніцца і адумацца, што нельга разьмяшчаць такое прадпрыемства ў непасрэднай блізкасьці да горада, які паводле генпляну будзе разьвівацца ў тым кірунку. І гэты завод апынецца ў цэнтры, то бок шматкватэрныя дамы, грамадзка-культурны цэнтар будуць яго акружаць.
Я таксама распавяла пра шкоду сьвінцу для здароўя, пра тое што ад яго цярпіць рэпрадуктыўная сыстэма. І што трэба абараніць наш горад ад гэтага завода.
«Гэта будзе сур’ёзная пагроза»
— У чым, на ваш погляд, асноўная небясьпека акумулятарнага прадпрыемства?
— Актывісты знайшлі шматлікія парушэньні, нестыкоўкі ў дакумэнтах. І ніхто не дае ніякіх тлумачэньняў. Мы накіравалі каля дзевяноста запытаў у розныя інстанцыі, але адказы адусюль аднолькавыя: парушэньняў не выяўлена, усё ў парадку.
Мы падавалі ў суд, але прайгралі. Цяпер рыхтуем яшчэ адзін пазоў.
Там праблема ў тым, што ўсе разьлікі зробленыя па незразумелых даведках, якія былі атрыманыя нібыта ад аналягічнага завода ў Італіі. Італьянская даведка пра выкіды чамусьці падпісана дырэктарам Пінскага завода, які ўваходзіць у групу кампаній «ПАК». А на падставе гэтай даведкі робяцца ўсе разьлікі, што небясьпекі няма. Але мы мяркуем, што небясьпека будзе, бо маркі фільтраў у праектнай дакумэнтацыі не ўказаны, незразумелая даведка па расьсейваньні выкідаў.
У тым, што зьявіцца сур’ёзная пагроза, нас пераконвае вопыт аналягічных прадпрыемстваў у іншых краінах і ў Беларусі.
Прадпрыемства «БІТ-сплаў» ў Белазёрску, якое таксама ўваходзіць у склад 1AK-GROUP, складуе адкіды цягам трох гадоў каля пасёлку Зялёны Бор. Але ніякага руху зь імі няма. Побач у 800 мэтрах знаходзіцца дзіцячы садок, школа і стадыён.
У гэту групу кампаній уваходзіць і наш завод пад Берасьцем, які таксама будзе ствараць у даволі вялікай колькасьці адкіды першай і другой клясы небясьпекі. Куды яны будуць накіроўвацца, бо ў Беларусі няма прадпрыемстваў па іх перапрацоўцы?
Намесьніца міністра прыродных рэсрусаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ія Малкіна, калі прыяжджала да нас, сказала, што гэта пытаньне вырашаецца і завод ня будзе ўведзены ў эксплюатацыю, пакуль ня вызначаць месцы разьмяшчэньня адходаў. А завод тым часам будуецца, і нам кажуць, што ўсё, маўляў, у парадку.
«Ідзе вялікі ціск на людзей»
Камэнтуючы сытуацыю, праваабаронца Раман Кісьляк сказаў Свабодзе, што для звальненьня Тацяны Фесікавай знайшлі фармальную нагоду, хаця яна шмат гадоў адпрацавала ў лякарні і ніколі не было пытаньняў.
— Тое, што Тацяна працавала ў прыватнай фірме і на паўстаўкі ў лякарні, нікому не перашкаджала. Але тое, што яе звольнілі адразу пасьля мітынгу — відавочны ціск. Гэта адзіны лекар, які асьмеліўся выступіць. Ідзе вялікі ціск на людзей, якія працуюць у дзяржаўных установах, каб яны не ставілі свае подпісы і не выступалі на акцыях, — кажа Кісьляк.
Паводле Рамана Кісьляка, грамадзкая кампанія супраць будаўніцтва заводу працягваецца, хоць улады ігнаруюць довады берасьцейцаў.
— Таксама мы выступаем супраць іншых парушэньняў, якія дапускае група кампаній «ПАК», яе прадпрыемствы. Гэта захаваньне і складаваньне сьвінцовых адкідаў у розных месцах Берасьцейскай вобласьці. Цяпер працягваецца збор подпісаў за адстаўку мясцовага кіраўніцтва, таксама распаўсюджваецца інфармацыя пра шкоду сьвінцу, яго злучэньняў, пра небясьпеку завода.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.
Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).
Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
27 сакавіка суд Маскоўскага раёну Берасьця адмовіў заяўнікам пазову грамадзян і грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» супраць ТАА «АйПаўэр» і Берасьцейскага аблвыканкаму.
Заяўнікі прасілі спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу да правядзеньня паўторнага грамадзкага абмеркаваньня актуальнай справаздачы па ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное