Общество
Марына Коктыш, «Народная воля»

Леанід Фармагей працаўладкаваўся

Як стала вядома «Народнай Волі», цяпер былы кіраўнік ГУУС Мінгарвыканкама працуе намеснікам начальніка Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў па страявой частцы. Да Фармагея гэтую пасаду займаў палкоўнік міліцыі Аляксандр Жыгуліч. Як кажуць у прыёмнай начальніка Акадэміі, Жыгуліч зараз у адпачынку.

Дарэчы, адпачывае цяпер і начальнік Акадэміі палкоўнік Уладзімір Бачыла. Хтосьці запусціў чутку, што Бачыла з адпачынку можа ўжо і не вярнуцца, а Фармагей узначаліць Акадэмію замест яго. Але перад сыходам на законны адпачынак Бачыла асабіста абверг гэтую плётку, заявіўшы, што кіраваць Акадэміяй і пасля водпуску будзе ён, а не Фармагей.

Варта заўважыць, што ў начальніка Акадэміі МУС да нядаўняга часу было шэсць намеснікаў, пяцёра – палкоўнікі, адзін – падпалкоўнік. А цяпер, калі экс-намесніку па страявой частцы прапануюць новую пасаду, сярод іх будзе і генерал...

Нагадаем, што Леанід Фармагей 27 чэрвеня быў вызвалены ад пасады начальніка ГУУС Мінгарвыканкама і залічаны ў распараджэнне міністра ўнутраных спраў. Па Беларускім тэлебачанні прагучала, што ён і начальнік УУС на транспарце МУС Вячаслаў Яўстаф'еў адпраўлены ў адстаўку з-за тэракта ў мінскім метро 11 красавіка, недаглядаў у расследаванні выбухаў у Віцебску, а таксама начнога пранікнення на станцыю метро «Маскоўская»: «Леанід Фармагей у свой час узначальваў УУС Віцебскага аблвыканкама, а таксама сталічную міліцыю. Ён не змог забяспечыць эфектыўнае расследаванне выбухаў у Віцебску і Мінску. Больш за тое, не атрымалася ў яго стварыць эфектыўныя ўмовы аховы мінскай падземкі. У сваю чаргу гэта стварыла ўмовы для здзяйснення тэракта на станцыі "Кастрычніцкая". Менавіта па гэтай прычыне ўжо пасля тэракта чужыя людзі праніклі ноччу і на станцыю метро «Маскоўская».

Прадстаўляў Фармагея на новай пасадзе не міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў, а адзін з яго намеснікаў.

Сам генерал-маёр інтэрв'ю з нагоды сваёй новай працы, як, зрэшты, і з нагоды адстаўкі з ранейшай пасады, не дае.

– Без каментарыяў, – сказаў Леанід Фармагей «Народнай Волі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)