Филин

Юлія Кот

Лаўрухін: «Убачылі жахлiвую карцiну – знаходзяцца з моладдзю ў розных сусветах»

Што беларускія ідэолагі маюць супраць «Мазгабойні»? Эксперт — пра перспектывы «патрыятычнага выхавання» студэнтаў.

Днямі ў лукашэнкаўскай адміністрацыі адбылася калегія, прысвечаная эфектыўнасці выхаваўчай і ідэалагічнай працы ў беларускіх ВНУ. Кіраўнік адміністрацыі Ігар Сергеенка і ягоны намеснік, экс-міністр інфармацыі Ігар Луцкі, спаслаўшыся на комплексны аналіз, праведзены пры ўдзеле Акадэміі навук і «зацікаўленых дзяржорганаў»,  раскрытыкавалі якасць гэтай працы.

Акрамя таго, чыноўнікі негатыўна выказаліся пра каштоўнасці сучаснай моладзі: і вучыцца частка маладых беларусаў імкнецца за мяжой, і замежныя, «заходнія» святы ў студэнцкім асяроддзі больш папулярныя, чым традыцыйныя праваслаўныя, і матывацыя служыць у арміі нізкая, і БРСМ як галоўную моладзевую структуру не ўспрымаюць… Ды яшчэ ў «Мазгабойню» гуляюць.

— Якія там пытанні задаюць? Што на іх адказваюць нашы дзеці? А яны актыўна прымаюць у гэтым удзел… — заявіў Ігар Луцкі, заклікаючы кіраўніцтва універсітэтаў звярнуць на гэта ўвагу.

Што адбываецца: прадстаўнікі рэжыму разумеюць, што згубілі уплыў на моладзь? Якія метады выхавання маюць улады, акрамя рэпрэсіўных? Нарэшце, чым чыноўнікаў напалохала «Мазгабойня»? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з экспертам у галіне адукацыі, старшым аналітыкам BISS Андрэем Лаўрухіным.

— Калі даследаванне, на якое спасылаюцца чыноўнікі, сапраўды было праведзенае некалькімі афіцыйнымі аналітычнымі цэнтрамі, — я лічу, што была атрыманая больш рэлевантная карцінка на рэспубліканскім узроўні. Ці, як мінімум, па Менску, дзе засяроджана пераважная большасць беларускіх універсітэтаў і дзе патэнцыйна можа сфармавацца грамадзянскі рух моладзі, якая ўсведамляе свой светапогляд, — зазначае эксперт. — І, відаць, па звестках усіх гэтых сацыялагічных службаў улады разумеюць, што гэты светапогляд — падмурак для пратэстаў, як гэта было і ў 2020 годзе.

Наколькі я магу меркаваць па рыторыцы і паводзінах чыноўнікаў, карціна атрымалася для іх жахлівая: яны ўбачылі, што знаходзяцца з моладдзю ў розных сусветах. І моладзь адышла ад іх так далёка, што ці магчыма яе будзе вярнуць, невядома.

Эксперт спасылаецца на адно з якасных даследаванняў, якое яны ладзілі разам з калегамі: у глыбінным інтэрв'ю ўжо сталы, добра адукаваны чалавек, ідэйны «ябацька», з горыччу і трагізмам канстатаваў: «Мы страцілі моладзь…».

— То-бок, яны ўсведамляюць гіганцкі разрыў, што гучыць амаль як дыягназ, — гаворыць Андрэй Лаўрухін. — Але разам з тым на калегіі яны абмяркоўвалі і тое, як вярнуць у стойла гэтую моладзь, як паўплываць на яе. Разам з крытыкай, маўляў, дрэнна працуем, ішла гаворка пра работу над памылкамі, фактычна, што трэба яшчэ больш закручваць гайкі.

Не выключаю, што ВНУ будуць пераведзеныя ў рэжым існавання амаль да турэмнага («пакаянныя відэа», як мы бачылі, некаторыя ўніверсітэты ўжо выкарыстоўваюць — Ф.): нагляд за ўсімі, гвалтоўны «выхаваўчы працэс» з выкарыстаннем інструментаў ціску, пагрозы адлічэння, высялення з інтэрнатаў, завядзення крымінальных спраў, звальнення выкладчыкаў па палітычных матывах і г.д.

Можна не сумнявацца, што ўсё гэта будзе працягвацца. Акадэмічная прастора, дзе нібыта яшчэ можна было знайсці нішу свабоднага мыслення, звужаецца, як шагрэневая скура, і мы можам страціць яе цалкам.

А гэтая калегія, на мой погляд — анонс, заклік да рэктараў ВНУ дзейнічаць жорстка. Улады мэтанакіравана ціснуць на сістэму адукацыі, яна пад прыцэлам ідэалагічнай і рэпрэсіўнай машыны, у якой, акрамя тэрору, больш нічога няма.

Эксперт праводзіць паралелі з савецкім перыядам, калі дзяржаўная ідэалогія была звязаная са светапоглядам грамадства і з усімі сферамі жыцця — эканомікай, альтэрнатыўнай капіталістычнаму ладу; маральным кодэксам; паўсядзённымі практыкамі, ад дзяцінства да сталасці. І ўсё разам стварала цэласную карціну свету, таму ў большасці людзей была пазітыўная матывацыя падтрымліваць гэту сістэму, рухаць механізм і самому рухацца на сацыяльным ліфце.

Цяперашнія ж беларускія ўлады, падкрэслівае суразмоўца, ідэалогіі не маюць. І хоць спрабуюць яе выбудаваць, тое не вельмі атрымліваецца:

— Бо ў нас гібрыдная эканоміка — дзяржаўная з элементамі капіталістычнай. Дзяржава спрабуе падмяць пад сябе ўсё, але не можа сабе гэта дазволіць, таму вымушаная шукаць нейкі кампраміс. Тое самае і ў іншых сферах. І гэтая мазаіка не складваецца ў фігуру, як кавалачкі шкла ў калейдаскопе, наогул ні ў ва што не складваецца.

Пад ідэалогіяй маецца на ўвазе тое, што гаворыць Лукашэнка ў дадзены момант. Прычым заўтра ён можа заявіць нешта адваротнае — і трэба сачыць, што кажа правадыр, адаптавацца да сітуацыі.

У такіх умовах, калі словы і справы разыходзяцца занадта моцна, ні ідэалогіі, ні ідэалагічна едных грамадзян не будзе, гаворыць Андрэй Лаўрухін, — толькі паслухмяныя ахвяры гвалту. Зрэшты, знойдуцца і лаяльныя каты, якіх удасца падкупіць абяцаннем сацыяльных выгод, кар'ернага росту. Але ніякіх агульных каштоўнасцей, разумення Радзімы, патрыятызму як любові да дзяржавы, на што разлічвае рэжым, на выхадзе не атрымаецца.

— Умоўна кажучы, хто з БРСМ першым паспее ўхапіць нейкія прывілеі, грошы, пасады, той зможа падняцца бліжэй да вярхушкі, як у фінансавых пірамідах 90-х. Але ніякага дачынення да стабільнасці і новых сацыяльных структур гэта не мае. А рухнуць такая піраміда можа ў любы момант, бо вялікіх грошай на фінансаванне таго ж БРСМ у рэжыму няма.

Што да «Мазгабойні», якая выклікала такое напружанне ў ідэолагаў — не факт, што вертыкаль Лукашэнкі наогул ведае, што гэты фармат паб-квізаў заснавалі якраз маладыя беларусы, тыя самыя «нашы дзеці». Здавалася б, што такога небяспечнага ў інтэлектуальнай гульні?

— Гэта ж спрыяе развіццю крытычнага мыслення, самастойнага мыслення, якое ёсць ворагам існага рэжыму, бо для іх святое — шаблоны, аднолькавыя думкі, загнаныя ў стойла, —гаворыць эксперт. — А прапанаваць чагосьці наўзамен «Мазгабойні» чыноўнікі не могуць, — у іх няма ні ідэй, ні годных альтэрнатыў.

Сёння, на жаль, так склаліся ўсе фактары і людзі вакол улады, што яны могуць дзейнічаць толькі негатыўна: знішчаць, забараняць, заганяць.

Не трэба Хэлоўін, святкуйце царкоўныя святы. Не трэба квізаў, ідзіце на суботнік у Хатынь. Яны карыстаюцца шаблонамі, якім ужо 40-50 гадоў.

Але я не стаў бы спадзявацца на безумоўную перамогу прагрэсу, што ён сам па сабе прыйдзе і выцягне беларусаў з бездані, і што ніхто яго не зможа спыніць. Яшчэ год 10 таму я сумна жартаваў, што Беларусь у нечым нагадвае еўрапейскую Паўночную Карэю — а сёння гэта выглядае, як самаздзяйсняльнае прароцтва.

Прыклад Паўночнай Карэі паказвае, што можна замарозіць прагрэс у асобна ўзятай краіне (і яна такая не адна), і людзі будуць вымушаныя працягваць жыць у такіх умовах. Таму надзяваць ружовыя акуляры штучнага аптымізму нам не трэба, неабходна ўсведамляць праблемы і шукаць шляхі іх вырашэння.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)