Филин

Юлія Кот

Лаўрухін: «Рэжым засявае новыя дзялянкі, шчодра палівае ідэалогіяй і нястомна праполвае, праполвае і праполвае нязручных, нязгодных, нелаяльных»

Што не так з «пракурорскім класам» для школьнікаў. Эксперт у сферы адукацыі — пра выбар паміж адпаведнасцю сістэме і чалавечымі каштоўнасцямі.

Плакат савецкага часу

У школе №2 Магілёва стварылі профільны клас «Юны пракурор» — гэта сумесная ініцыятыва пракуратур вобласці і горада, а таксама ўпраўлення па адукацыі гарвыканкама. У яго залічваюцца вучні пасля 9 класса, якія маюць сярэдні бал атэстата не ніжэй за «сямёрку», і такія ж адзнакі па англійскай мове і грамадазнаўству.

Навучальная праграма, паведамляе прэс-служба ведамства, уключае наведванні органаў пракуратуры, выязных судовых пасяджэнняў па крымінальных і грамадзянскіх справах, залы гісторыі пракуратуры вобласці, урачыстых цырымоній прынясення прысягі і іншых мерапрыемстваў.

Акрамя таго, школьнікі атрымаюць права насіць форму, падобную да пракурорскай.

Ці ёсць у профільным класе не толькі ідэалагічнае, а і рацыянальнае зерне (а калі так, то чаму «Юны пракурор», а не, напрыклад, «Юны адвакат»), і ці атрымаецца падобным чынам «выхаваць ген патрыятызму», пра які расказвалі чыноўнікі? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з экспертам у сферы адукацыі, навукі і інавацый Андрэем Лаўрухіным.

— З фармальнага пункту гледжання, гэта цалкам натуральная справа, калі ў старэйшых класах юрыдычнага профілю ёсць магчымасць атрымаць практычны досвед, як адбываюцца судовыя паседжанні, папрысутнічаць на іх, — зазначае эксперт. — Але ж мы разумеем, што гэты досвед датычыцца толькі пракурорскай працы, якая ў сённяшніх умовах відавочна выступае як орган легітымацыі ўсіх рэпрэсій супраць іншадумцаў. Тады гэта выглядае як чарговы крок да стварэння яшчэ больш жорсткай дзяржаўнай ідэнтычнасці моладзі.

Такім чынам, гаворыць Андрэй Лаўрухін, рэжым падае сігнал маладым людзям: хто жадае стварыць кар’еру і стаць тым, хто ўваходзіць у эліты — вам дарога сюды.

— Дарэчы, спрацоўвае: моладзь можа адгукацца на падобныя захады вельмі пазітыўна. Большасць ведае, што ў пракуратуры высокія заробкі, што ёсць магчымасці ўлады і сувязяў, якія вырашаюць шэраг практычных пытанняў, звязаных з дабрабытам. А значыць, трэба імкнуцца сюды патрапіць.

Дзяржава мэтанакіравана рэалізуе палітыку па ўцягванні моладзі ў сістэму. Гэта адбываецца ўжо не першы год, але зараз стала відавочна для большасці беларусаў.

Ёсць нагода задумацца, які шлях прапануюць старшакласнікам. Супрацоўнікі пракуратуры — вінцікі рэпрэсіўнага апарату, людзі, якія легалізуюць і будуць легалізаваць пераслед, катаванні, забойствы і гэтак далей па спісе.

І ў тым палягае адмысловая шызафрэнія: вы адпавядаеце і ў законным, і ў кар’ерным, і ў прагматычным і каштоўнасным плане існай сістэме, але адначасова выконваеце дзеянні, якія трактуюцца як злачынныя ў дэмакратычным свеце.

Як гэта ўкладваецца ў душах, у галовах маладых людзей і іхных бацькоў, якія ўсё ж больш разумеюць, што адбываецца — ці ўлагоджваецца, ці стварае кагнітыўны дысананс — мне падаецца, асабістае пытанне да кожнай сям’і.

Ці трапляе гэта зерне ў адпаведную глебу, ці з яго вырастае новая ідэнтычнасць, якая плявала на ўсе прававыя нормы і чалавечыя каштоўнасці дзеля добрага заробка і кар’еры — пытанне часу, прычым не вельмі працяглага.

— Здаецца, трывожны званочак ужо прагучаў: сёлета, у адрозненне ад мінулага года, быў вялікі конкурс на будучых следчых і крымінальных міліцыянтаў у Акадэмію МУС, а вось набор у педагагічны ўніверсітэт амаль на ўсе спецыяльнасці правальны.

— Так, і гэта стала заўважна менавіта ў часе. Згадаем, пасля падзей 2020 году ў грамадстве быў вельмі вялікі кагнітыўны дысананс, крытычны момант для ўсіх інстытутаў, у тым ліку адукацыі. Але вось прайшло тры гады — і ўсё ўваходзіць у каляіну.

Канешне, нельга сказаць, што цалкам і ва ўсіх, і немалы працэнт тых, хто не перагарнуў старонку. Але разам з тым вялікая колькасць людзей, як я бачу, успрымае тое, што адбываецца, як новую нармальнасць. Так, ціск, звальненні, ідэалагізацыя, якой раней не было — але ж нічога.

І «пракурорскі клас» ці факультатыў тут яшчэ не самае горшае. Мы бачылі, як у беларускія школы прыйшлі 2 тысячы выкладчыкаў «патрыятычнага выхавання» — хто гэта былі? Рэкрутаваныя падпалкоўнікі, і нават не ўсе афіцэрскага саставу, проста людзі ў пагонах, якія не мелі ні адпаведнай педагагічнай адукацыі, ні досведу працы менавіта з дзецьмі.

І чамусьці ніхто не запытаў, што адбываецца і на якой падставе гэтыя «кадры» трапілі ў школы.

Таму тое, што цяпер адбываецца — на жаль, цалкам лагічна. Дзяржава рухаецца па сваёй схеме, пытанне, хутчэй, да таго, чаму грамадзяне гэта ўспрымаюць як норму. Але трэба ўсведамляць, што зараз — толькі чарговы этап, і ўсе маўклівыя пагадненні з рэжымам будуць прабіваць дно яшчэ далей і глыбей.

Тое, што Беларусь можа апынуцца ва ўмовах Паўночнай Карэі — ужо не метафара, а рэчаіснасць, якая насоўваецца, і толькі пытанне часу, як хутка яна ўсталюецца.

Андрэй Лаўрухін падкрэслівае, што трэба адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць і не спадзявацца, быццам усё само сабой усталюецца:

— Многія жывуць у ружовых марах, што вось нешта такое здарыцца — і сітуацыя ў Беларусі зменіцца, і вось тады можна будзе будаваць будучыню. А рэжым тым часам працягвае сваю планамерную працу: засявае новыя дзялянкі, шчодра палівае ідэалогіяй і, калі працягваць гэта сельскагаспадарчае параўнанне — нястомна праполвае, праполвае і праполвае нязручных, нязгодных, нелаяльных.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(28)