Филин

Ірына Марозава

Лаўрухін: «Дзеці, якія зараз вучацца ў школах, ва ўніверсітэтах, рэжымам разглядаюцца як чалавечы матэрыял»

Чаго хочуць дасягнуць улады, скасоўваючы дамовы аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі з еўрапейскімі краінамі. І што, хутчэй за ўсё, атрымаюць.

Беларусь прыпыніла супрацоўніцтва ў галіне адукацыі яшчэ з дзвюма еўрапейскімі краінамі — Францыяй і Польшчай. Адпаведныя законы аб скасаванні міжурадавых пагадненняў, падпісаныя Аляксандрам Лукашэнкам, апублікаваныя на інтэрнет-партале pravo.by.

Пагадненне з Польшчай, якое дзейнічала з 2016 года і прадугледжвала прамыя кантакты ўстаноў адукацыі, абмен студэнтамі і выкладчыкамі, павышэнне кваліфікацыі, паводле слоў міністра адукацыі РБ Андрэя Іванца, вырашана было прыпыніць з-за «шэрагу недружалюбных крокаў з боку Польшчы». Ціск беларускіх уладаў на ўдзельнікаў Саюза палякаў і закрыццё польскіх школ пры гэтым, відаць, «недружалюбнымі крокамі» не лічацца.

Міжурадавае пагадненне з Францыяй было падпісана яшчэ ў 2010-м і распаўсюджвалася таксама на сферы культуры, навукі і тэхнікі, СМІ. Аднак, як заявіў  міністр культуры Анатоль Маркевіч, у апошнія некалькі год з боку Францыі «адсутнічаў інтарэс да двухбаковых кантактаў», а таму далейшая супраца немэтазгодная.

Адначасова беларускія ўлады пашыраюць адукацыйнае супрацоўніцтва ў іншых накірунках — напрыклад, сёлета быў падпісаны мемарандум аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі з Зімбабве (у беларускіх ВНУ навучаюцца 11 грамадзян гэтай краіны), днямі аналагічнае міжурадавае пагадненне заключана з Кубай.

Наколькі істотным стане для беларусаў разрыў супрацы з еўрапейскімі краінамі, ці дапамогуць такія рашэнні, як спадзяюцца ўлады, спыніць адток навучэнцаў і студэнтаў з Беларусі, і якія наогул перспектывы ў сферы, якая ўсё больш пра ідэалогію і ўсё менш пра адукацыю? Гэтыя пытанні Филин задаў старшаму аналітыку BISS, research director Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы (IDSM) Андрэю Лаўрухіну.

Андрэй Лаўрухін

— Калі прымаецца на афіцыйным узроўні фактычна забарона на супрацоўніцтва з гэтымі краінамі, гэта значыць, што пачынаючы са школ, дзе была франкафанія, мы страчваем магчымасць узаемнага абмену досведам, навучальнымі праграмамі і г.д., — тлумачыць эксперт у галіне адукацыі.

Андрэй Лаўрухін праводзіць аналогію: летам 2021-га па патрабаванні МЗС Гётэ-Інстытут і DAAD у Мінску прыпынілі сваю дзейнасць, — і тыя беларускія школьнікі, якія раней з дыпломам Інстытута па нямецкай мове маглі паступаць у нямецкія ВНУ па спрошчанай схеме, страцілі такую магчымасць.

— Як бацька школьніцы я ведаю гэтую сітуацыю знутры: магчымасці абрубіліся цалкам, хоць нават яшчэ не было афіцыйнага разрыву культурных і адукацыйных сувязяў паміж краінамі, — гаворыць Андрэй Лаўрухін. — І цяперашняе спыненне супрацоўніцтва, на мой погляд, прывядзе да праблем на ўзроўні выдачы дыпломаў і паступлення ў французскія ВНУ, калі французскі бок паставіцца да гэтага сіметрычна.

Пакуль такога не адбываецца, мы бачым, што і з французскага, і з польскага боку няма падобных рашэнняў і, спадзяюся, не будзе. Але рух ідзе менавіта ў гэтым напрамку.

Гэта будзе адчувальна на ўсіх узроўнях, але больш за ўсё для ВНУ, якія страцяць магчымасць абменаў. І калі з Францыяй гэты абмен насамрэч не надта вялікі, то ў польскім напрамку колькасць беларусаў, якія навучаюцца там ва ўніверсітэтах, вельмі значная.

Але, што істотна, на афіцыйным узроўні гэта робяць адзінкі.

У Беларусі няма грошай і няма стратэгіі, каб пасылаць вучыцца сваіх студэнтаў у Польшчу праз афіцыйныя каналы. Пераважная большасць з тых 11 тысяч беларусаў, хто навучаецца ў ВНУ Польшчы — людзі, якія сваім ходам, не пытаючыся дзяржаву, ехалі і паступалі: хто па праграме Каліноўскага, хто пасля курсаў польскай мовы.

Гэта значыць, што афіцыйная забарона — міма. Людзі як ездзілі, так і будуць ехаць. Галоўнае — як да гэтага будуць ставіцца ў гэтых дзвюх краінах міністэрствы адукацыі. Да гэтага часу да беларускіх студэнтаў ставіліся добра. Ці будзе цяперашні, цалкам варожы, крок беларускіх уладаў успрыняты з разуменнем, з развагай ва ўмовах вайны — пытанне адкрытае.

На думку эксперта, ёсць спадзеў, што ў Польшчы і Францыі адасобліваюць беларускі народ і рэжым, а таму паставяцца да чарговага дэманстрацыйнага скасавання ранейшых дамоў як да спробы шалёнага сабакі ўкусіць:

— Ёсць такі сабака, вы ж не будзеце яго кусаць у адказ — варта проста трымацца падалей. А ёсць людзі, таленавітыя студэнты, моладзь, і калі яна будзе навучацца і прыносіць свой чалавечы капітал у гэтыя краіны, ім ад гэтага толькі добра. У гэтым сэнсе, я амаль што ўпэўнены, беларускім студэнтам не будуць адмаўляць у навучанні у Еўропе.

— Ці магчыма, што скасаванне дамоў будзе мець адваротны эфект, і замест прадухілення адтоку беларускіх школьнікаў за мяжу, пра што казалі чыноўнікі, той, наадварот, узмоцніцца: не разлічваючы больш на дзяржаву, людзі самі будуць дзейнічаць больш актыўна?

— І да гэтага большасць так рабіла. Але зараз, тут я з вамі згодны, дзяржава цалкам адштурхоўвае грамадзян ад сябе і паказвае: вы як сабе хочаце, а наша пазіцыя вось такая.

Гэты падыход, як са сцежкамі: можна рабіць іх там, дзе людзі пралажылі, дзе ім зручна і добра хадзіць, а можна як у савецкія часы: пракласці плітку «дзе трэба», а па ёй ніхто не ходзіць. І ў нашым выпадку дзяржава яшчэ больш зацэментавала сваю пустую прастору.

Далейшыя перспектывы беларускай адукацыі, заўважае Андрэй Лаўрухін, маларадасныя, бо гаворка ідзе нават не пра самаізаляцыю, а, як і ў многіх іншых сферах, усё больш моцны дрэйф беларускай ільдзіны ў бок Расеі.

— Працягваецца паступовая русіфікацыя. Так, мы бачым, што былі анансаваныя абмены з азіяцкімі краінамі — Туркменістанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам… Дарэчы, Кітая ў гэтым пераліку няма, хаця англамоўных курсаў там непараўнальна больш, чым ва Узбекістане ці Кыргызстане, не кажучы ўжо пра Туркменістан, дзе вялікія праблемы нават з расейскамоўнай адукацыяй.

Можна прагназаваць з амаль стоадсоткавай упэўненасцю, што ў сістэме адукацыі па-за межамі Беларусі пераважная большасць людзей можа знайсці сябе ў Расіі. Так, яны не паедуць на Захад. Так, сістэма адукацыі ў РФ больш моцная, чым у Беларусі, гэта трэба прызнаць.

Але і там пачынаюцца тыя самыя працэсы, што ў Беларусі, «самаізаляцыя» ад развітога свету набірае абароты, то бок, гэта проста адкладзены прагляд таго ж серыяла, што ідзе ў нас.

Сённяшняя адукацыя — гэта глабальная сістэма. І спробы стварыць цуд у межах адной ці дзвюх дзяржаў, апантаных рэсентыментам, памкненнямі спыніць час і рэанімаваць ці то савецкую, ці то яшчэ больш старую мадэль адукацыйнай прасторы, вымалёўваюць досыць сумныя перспектывы.

Да туркменскага ўзору, калі пры першым Туркменбашы была фактычна адменена вышэйшая адукацыя, мы ўсё ж не дойдзем, перакананы Андрэй Лаўрухін. Але і развіцця ў сферы, якую ўлады наўмысна аддаляюць ад лепшых замежных сістэм адукацыі, сябруючы з аўтсайдарамі кшталту Туркменістана ці Зімбабве, чакаць не выпадае:

— Прывядзе гэта да інерцыі, паскарэння дэградацыі адукацыйнай сістэмы. І гэта трэба разумець ужо сёння. Бо некаторыя лічаць: нічога ж страшнага, дзеці ў школу ходзяць, падручнікі ёсць, настаўнікі выкладаюць, званкі звіняць — усё добра. А якія веды атрымліваюць вучні, якія перспектывы перад імі і на рынку працы, і для далейшага росту і самаўдасканальвання як асобы?

Складваецца такое ўражанне, што ні ў Расіі, ні ў Беларусі гэта ўсё наогул непатрэбна. Дзеці, якія зараз вучацца ў школах, ва ўніверсітэтах, рэжымам разглядаюцца як чалавечы матэрыял — менавіта так, цынічна і жорстка. І гэта мусяць усведамляць усе нашы грамадзяне, каб разумець перспектывы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)