Филин

Ірына Марозава

Лаўрухін: «Атачэнне Лукашэнкі і ўся наменклатура выбудоўваюць будучыню менавіта для сябе»

Акадэмічны дырэктар Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Еўропы Андрэй Лаўрухін — пра тое, з якой мэтай беларускія ўлады вынішчаюць недзяржаўную адукацыю.

Больш як 3 тысячы студэнтаў з двух зачыненых прыватных універсітэтаў напісалі заявы аб пераводзе ў іншыя ўстановы адукацыі. Як паведаміла БТ са спасылкай на Мінадукацыі, толькі БДЭУ прыме 800 чалавек, таксама студэнтаў перавядуць у БДУ, БДУІР, педагагічны, Магілёўскі і Гродзенскі дзяржуніверсітэты.

Тыя ж, хто не захоча пераводзіцца ў прапанаваныя ведамствам ВНУ, «змогуць самастойна выбраць месца па сваёй спецыяльнасці», гаворыцца ў сюжэце. Прычым сцвярджаецца, што самі студэнты лічаць выйгрышам тое, што паступалі ў прыватную ВНУ, а скончаць дзяржаўную, і што іх «парадавала магчымасць атрымаць размеркаванне».

Па шчырасці, паводзіны дзяржавы нагадваюць сабаку на сене: студэнтам прыватных ВНУ і ўскладнілі чэргамі на апастыль магчымасць выехаць вучыцца ў еўрапейскія ўніверсітэты, і выбару ў Беларусі асабліва не пакінулі, альбо ісці ў прапанаваныя Мінадукацыі ўстановы, альбо шукайце самастойна месцы.

Ці было ў гэтай сітуацыі аптымальнае выйсце, і да чаго вядзе такое масавае перакідванне студэнтаў з аднаго асяродка ў зусім іншы?

— Першае, што ўзгадваецца — гісторыя з ануляваннем ліцэнзіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў 2004 годзе, — адзначае ў каментары Филину эксперт у сферы адукацыі, навукі і інавацый Андрэй Лаўрухін. — Там была такая самая схема: з нейкіх фармальных прычын універсітэт закрылі, а размеркаванне студэнтаў падалі як гуманітарную місію.

Маўляў, ЕГУ не справіўся з якаснымі паказчыкамі, а дзяржава ратуе бацькоў, студэнтаў і студэнтак, і бярэ ў дзяржаўныя ўстановы нават тых, хто быццам бы паводле здольнасцяў раней не мог у іх паступіць.

Аналагічная рыторыка, як я бачу, прасоўваецца і цяпер, чыноўнікі працуюць па старых схемах. Што тычыцца таго, што за гэтым стаіць — безумоўна, логіка «абдзяржаўлення» ўсіх галін адукацыі. Мы бачылі гэта пару год таму ў сувязі з закрыццём прыватных школ, і зараз справа працягваецца.

То бок, улады скіраваныя ўжо не толькі на тое, каб толькі сёння захаваць рэжым, але і каб умацаваць яго на будучыню, для сваіх дзяцей — перадаць ім уладу, каб панаваць і над будучым. Даволі празрыстая стратэгія акупацыі будучыні: калі раней мы казалі, ім бы толькі дзень прастаяць ды ноч пратрымацца, дык не, цяпер гэта планаванне наперад.

І я лічу, што гэтая праца будзе працягвацца. Бачна, як «узяліся» за адукацыю, пасля 2020 года было зроблена шмат брутальных захадаў.

Што ў перспектыве? Пакрысе зачыняцца  ўсе прыватныя ўстановы, акрамя, можа, тых, дзе ёсць моцнае лобі і афіляванасць з дзяржавай (кшталту «Мінскай міжнароднай гімназіі», заснавальніцай якой з’яўляецца Ірына Абельская&K) — тыя яшчэ пратрымаюцца і, мабыць, будуць захаваныя для статыстыкі, каб не стоадсоткава ўстановы адукацыі былі дзяржаўнымі.

Усе астатнія спробы ладзіць адукацыю і канструяваць ідэнтычнасць — не тую, якую немагчыма кантраляваць дзяржаве — ужо забаронены, і гэта даволі зразумелы сігнал.

Адсутнасць альтэрнатывы, — так. Аднак у сучасных беларускіх рэаліях, дзе людзі ў супрацьстаянні з дзяржавай могуць страціць здароўе і нават жыццё, — у гэтай іерархіі жахаў такая пагроза выглядае настолькі вегетарыянскай, што не ўваходзіць нават у першую дзясятку пагроз, якія паўстаюць для грамадзян Беларусі тут і цяпер.

Але ў перспектыве справа ідзе да горшага. Калі мы пачынаем думаць: «Добра, гэтыя, Лукашэнка і ягоныя паплечнікі, сыдуць, і пачнецца новае жыццё» — так вось не.

Атачэнне Лукашэнкі і ўся наменклатура, даволі вялікая, дарэчы (гутарка ідзе аб дзясятках, сотнях тысяч сем’яў, уцягнутых у працэс) выбудоўваюць будучыню менавіта для сябе.

Каб статус-кво працягнуць на бліжэйшыя дзесяцігодззі, і каб іх дзеці таксама былі ўпэўненыя — ніхто з іх за злачынствы, якія рабіў ці быў датычны, не адкажа. Болей за тое, каб яны і далей маглі рабіць такія ж злачынствы, і ўсё ў іх было б добра.

— Словам, перспектывы у беларускай адукацыі — не балонскі працэс, а, хутчэй, пхеньянскі? Беларусь и КНДР акурат плануюць супрацоўнічаць у гэтай сферы.

— Канешне, розніца паміж беларускай культурай і кітайскай альбо карэйскай — гіганцкая, нават на ўзроўні мовы, не кажучы ўжо пра каштоўнаныя складнікі, пра іншы светапогляд. Еўрапейская культура для беларусаў значна бліжэйшая.

І ў гэтым сэнсе наменклатура спрабуе знайсці пэўны кампраміс: каб у каштоўнасным складніку быць разам з Кітаем, КНДР і Расеяй, якая таксама туды імкнецца. А ў плане магчымасцяў, каб падарожнічаць па свеце і адчуваць сябе камфортна — жадалі б быць і свабодна ездзіць у Еўропу. Але каб ніхто не пытаўся ў іх, што адбываецца ў краіне, не закранаў розныя балючыя пытанні.

На ўзроўні адукацыйнай палітыкі сапраўды мы бачым, што каштоўнасны яе складнік і палітычны аддае перавагу кітайска-расейскаму, аўтарытарнаму, нават таталітарнаму шляху развіцця.

Але рэч у тым, што адукацыя — сістэма даволі інэрцыйная, і збудаваць сапраўдныя інтэграцыйныя праекты, а не проста абвясціць супрацоўніцтва, — доўга і складана. А вось разбурыць, зачыніць, забраць пад свой кантроль — гэта проста. І чыноўнікі абіраюць прасцейшы і хутчэйшы шлях. Бо Лукашэнку трэба справаздачыцца не пра тое, што адбудзецца праз 10-15 год, а ўжо зараз.

У мілітарысцкай логіцы, дзе тон задаюць людзі ў пагонах, менавіта такі падыход: далі загад — трэба выканаць сёння на заўтра. Цяпер гэтая логіка нацягваецца на сістэму адукацыі, каб максімум праз год рапартаваць: усё пад кантролем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)