Латушка: «Рыжанкоў — той чалавек, які пасля Лукашэнкі будзе першым стаяць у чарзе, каб заняць яго месца»

Прадстаўнік НАУ і АПК Павел Латушка — пра злачынствы беларускага рэжыму і наступствы.

— Я адразу сказаў, што гэта дзяржаўны тэрарызм, які ажыццяўляе Лукашэнка ў адносінах да грамадзяніна краіны-члена Еўрапейскага Саюза, у адносінах да Германіі, — каментуе Павел Латушка прысуд Рыку Крыгеру на Еўрарадыё.

 — Асабліва цікава, якая краіна была абраная: самая моцная, самая магутная краіна ў ЕС. Адна з лідараў у сусветнай палітыцы, у сусветнай гаспадарцы, якая ўваходзіць у G7.

Павел Латушка

З тых матэрыялаў, якія ёсць у нашым распараджэнні, абсалютна не вынікае такога прысуду. Нават калі і ёсць тая справа (мы не следчыя, мы не ведаем), але ці ёсць падставы вынесці смяротнае пакаранне?

Ахвяр не было, нават калі і была нанесена нейкая шкода маёмасці, за гэта не выносіцца смяротны прысуд.

Увогуле я супраць смяротнага прысуду. Гэта тая практыка, ад якой адмовіўся ўвесь цывілізаваны свет. Лукашэнка яе прымяняе, і на яго руках кроў каля 400 беларусаў, асуджаных да расстрэлу (наколькі я ведаю па дадзеных праваабарончых арганізацый).

Зараз быў вынесены абсалютна беспадстаўны смяротны прысуд. І ўсе гэта бачаць.

І адначасова мы бачым вельмі амбіцыёзнага чалавека Рыжанкова, які хоча паказаць сваёй актыўнасцю, што ён штосьці зможа наладзіць з Захадам.

А тут яму «прыбягае» смяротнае пакаранне для грамадзяніна Германіі. І што ён будзе казаць еўрапейцам: што мы за мір і згоду, што мы супраць гвалту, якія аргументы ён зможа выкарыстаць пасля таго, як, дай божа, гэты грамадзянін будзе вызвалены?

Між тым палітык мяркуе, што дадзены прысуд не будзе прыведзены да выканання.

— Мы разумеем, што гэта гандаль.

Ніхто не мае на мэце забіць грамадзяніна Германіі. Гэта проста павышэнне ставак, каб рэалізаваць заданне Крамля.

Той даўно хоча выцягнуць свайго шпіёна, які як раз рэалізаваў палітычнае забойства на тэрыторыі Германіі і прысуджаны там да пажыццёвага пакарання. Яго адмаўляліся абмяняць, таму зараз Лукашэнка і стаў тым інструментам у інтарэсах Крамля.

Уявіце сабе, такі вось гандаль у XXI стагоддзі! І як з гэтымі людзьмі можна аб чымсьці дамаўляцца, верыць, што яны будуць трымаць слова?

Таму і маўчыць Рыжанкоў, атрымаўшы такі «падарунак» на пачатак працы. Адзінае, што яны кажуць праз Глаза, што вядзецца камунікацыя з нямецкім бокам. Бо ніводны нармальны чалавек не зможа патлумачыць, чаму вы пачалі гандляваць жыццём чалавека.

І ўсё ж Рыжанкоў гуляе ў сваю гульню, не ў гульню Лукашэнкі. Ён гуляе на свой уласны аўтарытэт, на свае амбіцыі. Гэта той чалавек, які пасля Лукашэнкі будзе першым стаяць у чарзе, каб заняць яго месца.

Можа, нават і тады, калі той яшчэ будзе дыхаць, Рыжанкоў ужо будзе стаяць напагатове, каб прыняць уладу. І Пяткевіч будзе яму дапамагаць. А Крутой, як слабы чалавек-«нумар два» будзе слухаць, што яны яму скажуць, — дадаў Латушка.

Ён таксама распавёў і пра крымінальныя справы ў адносінах да самога беларускага дыктатара.

— Што тычыцца ўніверсальнай юрысдыкцыі, нам усе ж такі ўдалося атрымаць 6 ардэроў на розных сілавікоў. Зараз яны знаходзяцца ў міжнародным вышуку, у тым ліку гэта і былыя кіраўнікі Жодзіна і Акрэсціна.

Лічу гэта вельмі важнай падзеяй, пра якую раю ўзгадаваць усім, хто працуе ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі і зараз займаецца катаваннямі беларускіх палітзняволеных.

Што тычыцца Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), нічога не спынілася і, я вам абяцаю, не спыніцца да таго моманту, пакуль Лукашэнка не атрымае ордэр.

Некалькі дзён таму назад мы падрыхтавалі чарговую справаздачу па фактах ваеннага злачынства, здзейсненага Лукашэнкам. Яно звязана з дэпартацыяй украінскіх дзяцей. Мы перадалі матэрыялы адной з нашых краін-партнёраў для далейшай камунікацыі.

Там шмат што залежыць ад нашых партнёраў ва Украіне. Бо яна мае права першасці, яна абараняе інтарэсы сваіх грамадзян і яна будзе працаваць у МКС для таго, каб быў выдадзены ордэр.

З нашага боку, мы не спыняемся, працягваем збіраць доказы па розных кірунках. Таксама мы вядзём справу аб перадачы на разгляд у МКС сітуацыі ў Беларусі. Гэта злачынствы супраць чалавечнасці.

Тут мы зноў залежым ад партнёраў. Але ёсць сведчанні соцень тысяч ахвяр. І мы працуем над тым, каб гэта стала рэальнасцю і справа апынулася ў МКС.

Таксама ў Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы зараз ідзе дыскусія аб стварэнні трыбуналу па акту агрэсіі супраць Украіны, і Лукашэнка там прапісаны. За гэта будзе адказнасць.

Так, нам вельмі баліць, што ўсе працэдуры такія доўгія. Але калі факт злачынства ёсць, павінна наступіць адказнасць. І яна наступіць, колькі бы часу і сілаў гэта не каштавала, — запэўніў Латушка.