Латушка: «Разлад ва ўмоўных элітах вакол Лукашэнкі ёсць, і нам трэба гэтым карыстацца»

Прадстаўнік НАУ і АПК Павел Латушка — пра так званыя выбары 2025 года.

Павел Латушка

— Наконт маючых адбыцца выбараў 2025 года, думаю, нашым заходнім партнёрам можна было б паставіць Лукашэнку ўльтыматум: калі ён хоча далей існаваць у нейкім грамадскім сэнсе, ён павінен пайсці на транзіт, — выказаў меркаванне Павел Латушка наконт сцэнароў электаральнай кампаніі на Рацыі. — Транзіт ён сабе ўжо забяспечыў, у яго ёсць пасада кіраўніка УНС.

Мне падаецца, Захад мог бы паставіць даволі моцныя ўмовы, каб Лукашэнка сапраўды адмовіўся ад удзелу ў выбарах 2025 году. Зняцце санкцый адбудзецца толькі тады, калі не будзе Лукашэнкі.

Бо нават калі ён ідзе на транзіт і з’яўляецца персона ўмоўнага Крутога, гэта ўжо шанец, каб ісці на нейкія крокі. Калі Лукашэнка не пагадзіцца, значыць, санкцыі не здымаюцца, значыць, гэта крымінальная адказнасць.

Канешне, ён будзе ўпірацца, ён не хоча адмаўляцца ад улады, але чаму не спрабаваць? Для мяне галоўнае, каб гэты рэжым пайшоў у нябыт, але пакуль у лоб у нас не атрымліваецца. Таму трэба шукаць розныя варыянты.

Калі ўсё ж такі Лукашэнка пойдзе на чарговае перапрызначэнне, працягвае Латушка, трэба тлумачыць беларусам, што гэта злачынец, «які здзейсніў злачынствы супраць чалавечнасці супраць беларускага народу і ваенныя злачынствы супраць украінскага народу».

— Разлад ва ўмоўных элітах вакол Лукашэнкі ёсць, і нам трэба гэтым карыстацца. Нам трэба паказваць ім перспектыву, што з Лукашэнкам ужо ўсё — заўтра раніцай, праз паўгады, год ці некалькі гадоў — з ім перспектывы не пабудуеш.

Мы павінны ўмацаваць у свядомасці беларусаў, што тыя, хто будуць падтрымліваць дыктатара, павінны рыхтавацца і купляць квіткі ў цягнік «Мінск-Гаага». І мы зробім усё дзеля таго, каб такое ўяўленне ў свядомасці эліт да дня так званага перапрызначэння Лукашэнкі было як мага мацней замацавана.

Яны павінны зразумеюць, што цягнік ужо стаіць на станцыі Мінск-Пасажырскі, засталося толькі квіткі ўзяць, — сказаў Латушка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(19)