Латушка расказаў, як Адміністрацыя забараніла яму пайсці на святкаванне юбілею Барадуліна
Хаця Лукашэнка дазволіў мерапрыемства.
Павел Латушка распавёў пра адзін эпізод падчас сваёй працы на пасту міністра культуры. Гэта было ў 2010 годзе, калі святкаваўся юбілей народнага паэта Рыгора Барадуліна.
— Я не ведаў асабіста Рыгора Барадуліна, ніколі з ім не сустракаўся, але аднойчы, будучы міністрам культуры, атрымаў ад яго адзін з самых дарагіх падарункаў: кнігу вершаў Барадуліна з уласнаручным допісам аўтара, — расказаў палітык. — Гэты ўласнаручны допіс, які я не хацеў бы агучваць публічна, з’яўляецца адным з самых дарагіх для мяне як чалавека, як для асобы, як для беларуса. Гэта былі вельмі важныя і кранальныя словы. Да гэтай пары яны шмат у чым мяне матывуюць.
Палітык распавёў, што гісторыя яго завочных узаемаадносін з Рыгорам Барадуліным пачалася з таго, што да яго як да міністра культуры, прыйшоў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк з прапановай адсвяткаваць 75-гадовы юбілей беларускага паэта. Гэта была ініцыятыва беларускай грамадскасці.
— Памятаю, што праз некаторы час у мяне была сустрэча з Лукашэнкам. Сярод іншых я падняў і пытанне юбілея Рыгора Барадуліна — аднаго з апошніх народных паэтаў Беларусі, — ўзгадвае Павел Латушка.
Па яго словах, грамадскасць прапаноўвала, каб гэтая падзея адбылася ў Палацы Рэспублікі. Ідэя была ў тым, каб выкарыстаць пляцоўку, у якой можна змясціць як мага большую колькасць людзей.
— Лукашэнка на гэта адрэагаваў адмоўна, але не выказаў пярэчанняў на карэкціроўку прапановы, бо былі і запасныя варыянты — Белдзяржфілармонія і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Лукашэнка махнуў галавой на філармонію, — успамінае Павел Латушка.
Пачалася падрыхтоўка да мерапрыемства.
— Я даў пісьмовае даручэнне Белдзяржфілармоніі, планаваў і сам пайсці на юбілей, каб асабіста павіншаваць народнага паэта Беларусі. Але літаральна за дзень да гэтага раздаўся званок. Тэлефанавала Наталля Пяткевіч, на той час першая намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. І сказала, што катэгарычна забараняе мне прысутнічаць на гэтым свяце, бо лічыць, што гэта будзе правакацыя, што я фактычна магу аказацца асобай, міністрам, членам урада, які такім чынам падтрымае беларускую апазіцыю, — кажа Латушка.
Аднак выйсце тады знайсці ўдалося.
— Я накіраваў на гэтае свята аднаго са сваіх намеснікаў. Для мяне было важна, што гэта адбылося, што мы тады ўшанавалі гонар выбітнейшага беларуса Рыгора Барадуліна, — зазначае палітык.
Читайте еще
Избранное