Общество

Латушка: Беларусы змяніліся самі, змянілі адзін аднаго, і толькі самі яны зараз могуць змяніць гісторыю краіны

Член Каардынацыйнай рады ўпэўнены: кожны з нас запомніць гэты год надоўга.

— 2020 год прынёс нам шмат незабыўных падзей. Было шмат расчаравання, неразумення, страху ад таго, што адбываецца навокал. І ў той жа самы час мы разам пражылі безліч шчаслівых і натхняльных момантаў! — звярнуўся да беларусаў Павел Латушка.

Усе мы сталі бліжэй, мы даведаліся, на што мы здольныя разам, якімі адважнымі і моцнымі мы можам быць. Упэўнены, кожны беларус запомніць гэты год надоўга. Кожны захавае ў памяці самыя моцныя і кранальныя імгненні.

Ніколі не забуду момант, як пасля звароту ля Купалаўскага тэатра атрымаў сотні званкоў і смс са словамі падтрымкі і салідарнасці ад беларусаў.

Ніколі не забуду тыя хвіліны, калі па дарозе на плошчу Незалежнасці незнаёмыя людзі гаварылі простае, але такое важнае слова «дзякуй».

Ніколі не забуду, як там жа мяне спынілі сем прыгажунь беларусачак і па чарзе абдымалі і цалавалі ў скроні. 

Ніколі не забуду тое імгненне, калі ў галоўнай залі Купалаўскага стаяў і глядзеў у вочы маіх дарагіх і любімых артыстаў і калег, а яны апладзіравалі – не артысту.

Назаўсёды запомню, як падумаў тады: «Дастаткова перажыць гэта імгненне раз, каб усвядоміць і сказаць сабе, што я пражыў гэта жыццё недарэмна». І зраблю ўсё, каб купалаўцы вярнуліся ў родны дом!

Хачу сказаць бясконцае дзякуй за салідарнасць, падтрымку і цёплыя словы ўсім беларусам: маім блізкім і родным, знаёмым і незнаёмым людзям, якіх сустракаў і сустракаю ў кафэ і на вуліцах, якія пішуць мне ў сацыльных сетках.

У гэтым годзе мы самі раптам усвядомілі, як нас шмат – аднадумцаў.  Мы нарэшце пазнаёміліся з суседзямі і значна лепш даведаліся саміх сябе. 

Увесь свет зараз ведае беларусаў як нацыю моцных, незалежных і смелых людзей!  Памятайце, што за намі праўда, а праўда заўсёды перамагае.

Зараз наша асаблівая падтрымка патрэбна ўсім тым, хто трапіў за краты па прыдуманых злачынствах, якіх яны не здзяйснялі, яны трапілі ў турму за сваё імкненне да волі, за мары аб лепшай Беларусі для ўсіх нас.

Нажаль, яны не сустрэнуць гэты Новы год са сваімі сем'ямі і сябрамі. Але ўсіх нас аб'ядноўвае адно адзінае запаветнае жаданне і непахісная вера ў тое, што яно споўніцца. А я цвёрда абяцаю зрабіць усё, каб яно споўнілася як мага хутчэй!

Няхай ва ўсіх у надыходзячым Новым 2021 годзе будзе моцнае здароўе, узаемапавага, шмат сіл для рэалізацыі запаветных мэтаў. Беражыце сябе, будзьце ўважлівыя да родных і блізкіх, не будзьце абыякавымі да іншых людзей. Сіла нашага  народа – у яднанні, у якіх бы кутках свету мы не знаходзіліся.  

Я веру, што ў наступным годзе мы вернемся дадому, каб разам пабудаваць Новую Беларусь! Перад намі добры сонечны світанак, раніца над нашай любімай Беларуссю. Жыве!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(47)