Истоки

Багдана Паўлоўская

Лаcтоўскі: «Па гісторыі выжывання беларусаў можна пісаць падручнікі»

Навошта савецкія ўлады вынішчылі беларускую эліту і ці можна пабудаваць нацыянальную дзяржаву за межамі Беларусі?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні мы спрабуем знайсці ў межах нашага спецпраекту Вытокі разам з гісторыкам Аляксеем Ластоўскім. Першую частку інтэрв’ю чытайце тут.

Аляксей Ластоўскі

«Беларусізацыя пайшла такімі тэмпамі, што напалохала савецкае кіраўніцтва»

— Савецкі час, русіфікацыя, рэпрэсіі, падчас якіх вынішчылі 90% інтэлігенцыі, — як гэта ўсё адбілася на фарміраванні нашай нацыі?

— Трэба найперш сказаць, што па сутнасці менавіта савецкі перыяд даў нам многія інстытуты. Тады была кадыфікавана беларуская мова, адбылася масавая адукацыя, фактычна была праведзеная ўрбанізацыя. У значнай ступені беларусы — гэта вынік такога нацыябудаўніцтва савецкага кшталту.

У амерыканскага гісторыка Тэры Марціна ёсць кніга The Affirmative Action Empire, назву якой можна было б перакласці, як «Імперыя пазітыўнай дыскрымінацыі». Там параўноўваўся досвед карэнізацыі ва Украіне і Беларусі (карэнізацыя — палітычная і культурная кампанія савецкай улады ў нацыянальным пытанні ў 1920-1930-х гадах, закліканая згладзіць супярэчнасці паміж цэнтральнай уладай і карэнным насельніцтвам нацыянальных рэспублік СССР — заўв. С.)

Цікавы факт: пры больш спрыяльных умовах ва Украіне, тым не менш, менавіта беларусізацыя пайшла больш хуткімі тэмпамі. І гэта напалохала савецкае кіраўніцтва.

І менавіта беларускі кейс даў нечаканы плён і стаў прычынай згортвання палітыкі карэнізацыі. І сапраўды рэпрэсіі супраць інтэлігенцыі больш балюча ўдарылі па Беларусі, працэнт знішчэння ў нас быў куды большым. Адбылося фактычна вынішчэнне цэлага пакалення тых, каго можна назваць інтэлектуаламі — пісьменнікаў, гісторыкаў, нацыянальна арыентаваных палітыкаў. Канешне, гэта страшэнны ўдар — ліквідацыя тых людзей, якія маглі б фарміраваць будучыню краіны.

І таму пасля Другой сусветнай вайны мясцовыя эліты былі ўжо проста арыентаваныя на Маскву, яны не бачылі для сябе самастойнасці, а толькі праз дэманстрацыю лаяльнасці збіралі нейкія бонусы для сябе. І таму, калі ўжо развальваўся СССР, мы ўбачылі, што ў Беларусі практычна няма каму рэальна фармуляваць палітыку суверэннай дзяржавы.

То-бок, савецкі досвед амбівалентны для Беларусі. Шмат што там было ўзята, але і такія скрыўленні фактычна сталіся спадчынай савецкага часу.

— Ці пазбавіліся мы ад гэтай спадчыны? Бо ёсць адчуванне, што гэтыя цені савецкага мінулага зноў вісяць над намі.

— Я б сказаў, што гэта захоўваецца больш на глыбінным узроўні. Таму што, калі казаць пра нейкую дзяржаўную ідэалогію, то наўрад ці можна назваць яе савецкай. Гэта лукашэнкаўская ідэалогія. Яна скіраваная на адзіны вынік — максімальнае захаванне ўлады клана Лукашэнкі. Тое, што ў нас захавалася свята 7 лістапада — гэта мішура, якая не іграе ніякай ролі.

Я б не казаў, што мы маем у рэжыме Лукашэнкі працяг савецкіх традыцый — усё падпарадкавана толькі мэтам выжывання. Трэба нешта прыдумваць для сваёй легітымацыі — і туды ўключаюцца вось гэтыя ўяўленні пра перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, якую спрабуюць звязваюць непасрэдна з рэжымам Лукашэнкі і ўсё астатняе. Але гэта маніпулятыўная гульня.

Беларусь ужо пасля 1991 года выйшла вось з гэтай савецкай зоны. Але пытанне ў тым, што ў нас фактычна так і не было сфарміравана нармальнай дзяржавы з грамадзянскімі інстытутамі. Хутчэй мы маем праблему постсавецкага транзіту, які ў выніку прывёў да фарміравання аўтарытарнай дзяржавы.

— А ці дасць нам у будучым Расія мець нацыянальную дзяржаву? І ці будуць беларусы бараніць сваю краіну ў выпадку пагрозы?

— Гэта складанае пытанне. І вельмі балючае. Таму што, безумоўна, усё больш і больш павялічваецца кантроль Расіі над працэсамі ўнутры Беларусі. Пакуль што яшчэ ёсць нейкае зацікаўленне ў захаванні аўтаномнага кантролю. Той жа самы Лукашэнка таксама не хоча быць чарговым расійскім губернатарам.

Але праблема ў тым, што сілавыя структуры, нават ужо мясцовыя эліты, у значнай ступені ўсё больш пераарыентоўваюцца на Расію. І няма інструментаў гэта спыніць.

І вось што будзе далей і ці будзе супраціў насельніцтва — таксама праблема. Большасць тых, хто мог супраціўляцца, хто быў актыўны, патрапілі пад раздачу пасля 2020 года — хто аказаўся ў турме, хто быў вымушаны з’ехаць, а тыя, хто застаўся, ціха сядзяць. І вось уявім сітуацыю: памірае Лукашэнка, Расія праз сваіх стаўленікаў анэксуе Беларусь. І я вельмі баюся, што вялікага супраціву мы не атрымаем, таму што той, хто мог супраціўляцца, ужо панішчаны.

І гэта наводзіць на вельмі сумныя думкі пра нашу бдучыню. Я ў дадзеным выпадку адыходжу ад аптымізму мінулых гадоў, і ўсё больш паглыбляюся ў трывогу за Беларусь.

Але, з іншага боку, гэта фактычна вымушае нас, тых, каму неабыякавая будучыня радзімы, прыкладаць усе свае сілы, каб гэтага не адбылося. Самае важнае зараз, на маю думку, гэта захоўваць аўтаномію беларускай свядомасці, беларускага дзеяння і рабіць, што магчыма.

«Калі б 2022 год адбыўся без 2020-га, мы былі б ужо вылучаныя ў такую ж нішу, як і расіяне»

2020 год наблізіў ці аддаліў ад нас нашу краіну?

— Тут нельга даваць аднабокія ацэнкі. Таму што, калі мы кажам пра падзеі 2020 года, то, канечне, былі і расійскія ўплывы. Па сутнасці тое, што адбылося, аказалася найбольш выгадна Расіі.

З іншага боку, ніхто не чакаў, што ўсё гэта будзе разгортвацца такім чынам, ніхто не прадказваў маштабу падзеі. І фактычна мы кажам пра публічнае выяўленне грамадзянскай свядомасці ад вялікай колькасці людзей. І гэтак сапраўды магла б сфармавацца беларуская грамадзянская нацыя, але, на жаль, не было належных умоў.

Цяжка сказаць, пра якіх абставінах магла перамагчы ў Беларусі рэвалюцыя. Па сутнасці мы кажам пра фармаванне новага колу людзей, якія адчулі сябе грамадзянска актыўнымі. Ну і потым па выніку панеслі гэта з сабой у эміграцыю.

— А ці можна ўвогуле пабудаваць нацыянальную дзяржаву, не знаходзячыся ў ёй?

— У эміграцыі, канешне, пабудаваць беларускую дзяржаву немагчыма. Тым больш улічваючы тое, што я казаў на пачатку наконт таго, што беларусы вельмі падатлівыя да адаптацыі.

Таму ўсё ж такі, відаць, усё адбылося дужа рана і зашкодзіла агулам фармаванню грамадзянскай нацыі.

Але, з іншага боку, паглядзім, што магло б быць, калі б 2022 год адбыўся без 2020-га, калі б Беларусь уключылася ў агрэсію супраць Украіны не маючы за плячыма гэтага пратэсту. Мы былі б ужо вылучаны ў такую ж нішу, як і расіяне, аказаліся б у такіх бясспрэчных агрэсарах, на якіх складваецца калектыўная віна.

Таму можна лічыць, што 2020 год хоць у чымсьці дапамог беларусам, паказаў, што Беларусь іншая, больш складаная, што не ўся краіна атаясамляецца з падтрымкай Лукашэнкі і Расіі.

— Якія гістарычныя паралелі вам бачацца ў сённяшняй сітуацыі?

— Фактына мы маем сітуацыю, калі дзяржава, якая была больш-менш незалежнай, страчвае частку свайго суверэнітэту і ператвараецца ў пратэктарат. І тут мне бачацца пэўныя паралелі з гісторыяй Другой Сусветнай вайны.

Мы вяртаемся да часоў халоднай вайны, да супрацьстаяння буйных дзяржаў, калі маленькім дзяржавам вельмі цяжка быць нейтральнымі, асабліва калі размова ідзе пра лінію падзелу, калі трэба выбіраць чыйсьці бок.

І, канешне, вельмі шкада, што мы апынуліся ў гэтым выпадку на тым баку, які нясе зараз агрэсію і злосць у наш рэгіён.

— Якой бачыцца наша будучыня? Куды мы як нацыя ідзем?

— Ёсць такая ідэя, што Беларусь мы можам назваць постмадэрнай нацыяй. Бадай ці не першай у Еўропе.

Сапраўды, мы вымушаныя перажываць і сутыкацца з гэтымі выклікамі раней за ўсіх, таму што мы жывем на франціры.

І я магу сказаць, што беларусам жыць цікава. Калі іншыя народы вырашаюць нейкія дробязі, спрачаюцца пра карупцыйныя інтрыгі ці нешта яшчэ, мы змушаныя сутыкацца з глабальнымі праблемамі. Па гісторыі выжывання беларусаў можна пісаць падручнікі.

І, можа быць, карэнныя змяненні ў нашым рэгіёне будуць залежыць ад таго, да чаго ў выніку прыйдуць менавіта беларусы.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Чэшскай рэспублікі ў межах праграмы Transiton Promotion.