КХП-БНФ вылучыў Пазьняка на Нобэля

25 гадоў ад заснаваньня Руху БНФ «Адраджэньне» адзначылі 18 кастрычніка ў Менску сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Урачыстасьць адбылася ў банкетнай залі канцэрну «Амкадор». Па словах арганізатараў, сабралася больш 188 сябраў арганізацыі.

Перад пачаткам імпрэзы кіраўніцтва банкетнай залі папрасіла прысутных прыбраць бел-чырвона-белыя сьцягі, аднак удзельнікі запратэставалі і сьцягі пакінулі як на сцэне, так і ў залі. Аднак праз гадзіну ад пачатку, пасьля пагрозаў выклікаць міліцыю, сьцягі згарнулі.

Сябра Сойму КХП-БНФ Валер Буйвал зачытаў віншаваньне-зварот старшыні КХП-БНФ Зянона Пазьняка. Зварот утрымліваў пералік найважнейшых датаў у гісторыі незалежнай Беларусі, якія непарыўна зьвязаныя зь дзейнасьцю БНФ. Напрыканцы прагучала наступнае:

«БНФ дамогся ліквідацыі камунізму і прыходу незалежнасьці ў Беларусь. Мінула 25 гадоў, калі запаліўся агонь свободы. І прыйдзе час, калі іскры гэтага агню разгарацца ў вялікае полымя. Жыве Беларусь!».

Радзім Гарэцкі

Сябра КХП-БНФ, акадэмік Радзім Гарэцкі падзяліўся ўспамінамі пра пачатак дзейнасьці партыі, у якім ён браў актыўны ўдзел:

«Тая хваля была вельмі кароткай, менш за 10 гадоў, але яна была вельмі яркай і распачала незалежнасьць Беларусі. Гэта цуд, што гэта быў рэвалюцыйны час, але гэта быў час без крыві. Менавіта тады пачалі стварацца Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Згуртаваньне беларусаў сьвету, іншыя арганізацыі. Я перакананы, што справы, якія рабіў БНФ, упішуцца ў гісторыю навечна».

З прапановы Юрася Беленькага ўдзельнікі сьвяткаваньня прагаласавалі за вылучэньне Зянона Пазьняка на нобэлеўскую прэмію міру. Прагаласавалі адзінагалосна.

Выканаўца абавязкаў старшыні КХП-БНФ у Беларусі Юрась Беленькі апавёў пра час, калі сябры БНФ зьяўляліся дэпутатамі Вярхоўнага Савету Беларусі:

«Я памятаю, як мы, маладыя дэпутаты, якім было трохі за 30 гадоў, натхніліся Зянонам Пазьняком, якому тады было 44 гады. Ён даў нам веру, што Беларусь будзе незалежнай. Ён казаў, што Беларусь ідзе да незалежнасьці, а мы павінныя распрацаваць прававую базу.

Я, напрыклад, быў адказны за дакумэнты па банкаўскай сыстэме. Лявон Баршчэўскі распрацаваў закон аб грамадзянстве. Мы сур’ёзна верылі ў тое, што рабілі. Калі б не было гэтай веры, нічога б гэтага не было.

Мы — пакаленьне пераможцаў. Мы ведаем смак перамогі. І нас было шмат, бо Фронт — гэта ня толькі тыя, хто меў партыйнае пасьведчаньне, Фронт — гэта ўсе тыя, хто хоць раз прыйшоў на мітынг. А такіх было сотні тысячаў».

Зь віншаваньнямі сярод іншых выступілі паэт Генадзь Бураўкін, мастак Алесь Марачкін, мовазнаўца Лявон Баршчэўскі.

Дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі, Віктар Алампіеў, Юры Беленькі, Лявон Дзейка, Сяргей Папкоў

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)