Комментарии
Наталка Бабіна, «Наша Ніва»

Кветкі да Дня Волі

Іду, не паднімаючы галавы. Галёпа. Халаднеча. Мокры снег лепіцца да морды. Толькі што даведалася, што гэтыя скаты (беларускае прыгожае слова быдла не для іх) хлопцаў закрылі ў турму на гады! Цяжка. А як зараз цяжка іх матулям… Як святкаваць Дзень Волі ў такіх умовах? Якое тут свята?

Падыходжу да дому — і раптам адказ дае мне кволая кветачка — касач сеткавы, ён жа ірыс, або ірыдадыктыюм.

Расцвёў!

У галёпу і халаднечу.

Каля плоту.

Рабі тое, што трэба — і будзь, што будзе! — такі дэвіз перадаў мне касач сеткавы, ён жа ірыдыдыктыюм.

Вось так і трэба. Вось так і будзе заўтра: кожны зробіць тое, што палічыць патрэбным.

Дзякуючы папярэднікам, мы маем Свята. У іх, скатоў гэтых, свята такога няма.

Нехта ў гэты дзень вывесіць сцяг на балконе, нехта начэпіць на лацкан ці торбу стужачку; нехта прынясе кветкі да Купалы, а нехта — да Коласа; нехта адсвяткуе ў царкве, а нехта — у касцёле; хтосьці голасна падыме тост з сябрамі «Хай ён здохне!», а нехта на працы, як Штырліц, будзе моўчкі, у думках прамаўляць: «За нашу победу!»…

А свята — святы дзень — будзе ім падтрымкай.

Дарагі касач сеткавы, я гэта свята адсвяткую так: з раніцы вывешу на балконе сцяг наш — хай уздымае настрой усім, хто будзе праходзіць міма; дзень буду працаваць; а пад вечар выкапаю цябе, дарагі, перасаджу ў вазон, абматаю бел-чырвона-белай стужкай. Паедзем з табой у Горад.

Там мы з сяброўкамі дамовіліся сустрэцца ў цэнтры, пройдземся ад Коласа да Купалы, пад помнікам пакінем нашыя кветкі.

Кветкі для Дашкевіча і Лобава, кветкі для іх бацькоў, кветкі для Статкевіча і Севярынца….

Дарагі ірыс, ты будзеш цвісці каля Купалы… Ці, мо, каля Коласа? Паглядзім.

Мы з сяброўкамі пройдземся ад аднаго да другога.

Нас многа.

Са святам!

* * *

Наталка Бабіна — перакладчыца. пісьменніца. Аўтарка рамана «Рыбін горад», кнігі апавяданняў «Крыві не павідна быць відна».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)