Скандалы
Анастасiя Зелянкова

Курс на Беларусь

У лонданскім раёне Фінчлі і зараз захаваўся паб “The Тorrington”, дзе бармэны старэйшага веку, калі вы іх папросіце, прыпомняць колькі дзесяткаў беларускіх слоў, а крыху напружыўшыся, узгадаюць і песню “Ад панядзелка да панядзелка...”. Сваёй беларускай “адукацыяй” яны абавязаны нашаму суайчынніку.

Пісьменнік Кастусь Акула (Аляксандр Качан) не аднойчы бавіў час за столікамі гэтага англійскага паба, се-
дзячы там са сваімі сябрамі-аднадумцамі.

Акулу, напэўна, памятаюць і кіраўнікі савецкай дэлегацыі, якія напрыканцы 1960-х суправаджалі на гастролях у Канадзе ансамбль песні і танца Савецкай арміі. Тады, падчас цырымоніі адкрыцця, на сцэну выйшаў невядомы ім чалавек і ветліва звярнуўся да прысутных артыстаў: “Мы приветствуем вас на гостеприимной и свободной канадской земле! И мы ненавидим антинародный московский режим точно так же, как и вы его ненавидите!”.

Не ўпусціў пісьменнік магчымасці “адзначыцца” і на сусветнай выставе “ЭКСПО-67”, якая праходзіла ў Манрэалі. У дзень Савецкага Саюза, калі тысячы людзей сачылі за тым, як першы намеснік старшыні Савета Міністраў СССР Палянскі рабіў агляд ганаровай варты, над натоўпам раптам пранёсся гучны покліч: “Freedom for Belarus! Няхай жыве незалежная Беларусь!” і ўгору паляцелі сотні брашураў. Замежныя СМІ тут жа паведамілі пра гэты інцыдэнт. Так шмат хто ў свеце даведаўся пра “антынацыянальную палітыку маскоўскага кіраўніцтва”, пра якую гаварылася ў працытаванай СМІ брашуры. Такі перфоманс каштаваў Кастусю Акулу пяць гадзін манрэальскай вязніцы і 25 долараў штрафу за “парушэнне грамадскага парадку”. Але хіба гэта цана за тое, каб чарговы раз прадэманстраваць сваю нянавісць да ўсяго савецкага і нагадаць усяму свету пра родную Беларусь?

— Такі вось ён чалавек — Кастусь Акула, — кажа ягоны маладзейшы сябра гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў. — У час ягонага першага прыезду на радзіму на пачатку 1990-х гадоў мы былі з ім ужо завочна знаёмыя — ліставаліся. І вось, седзячы ў мяне дома, Акула раптам сказаў: “Валодзя, душа мая прагне ў Полацак, куды я не даехаў 50 гадоў таму”. Было неверагодна цікава назіраць, як Акула наноў адкрываў для сябе Беларусь, у расстанні з якой знаходзіўся паўстагоддзя. Я памятаю, як ён выпытваў у дыспетчаркі на аўтастанцыі ў Плешчаніцах, дзе можна выпіць кавы, а тая нават не разумела, што такое “кава”. Памятаю, як былі ўражаныя лепельскія бабулі, у якіх ён спрабаваў за даляры купіць яблыкі. А яны не разумелі, што дзесяць даляраў за дзве антонаўкі — гэта цэлы капітал. Яблыкі Кастусь усё ж купіў — адна бабулька з прадпрымальніцкай жылкай адважылася-такі прадаць іх за гэты “зелянец”.

Увогуле, трапіць у Полацк Акула марыў, яшчэ калі быў навучэнцам Віленскай беларускай гімназіі ў часы другой сусветнай вайны. Але немцы ссадзілі яго з сябрамі з цягніка. Так ён і не даехаў тады да горада сваёй мары, затое хутка трапіў на некалькі месяцаў у фашысцкі канцлагер.

Уладзімір Арлоў расказвае, як падчас іх візіту ў Полацк Кастусь Акула наведваў Спаса-Еўфрасіннеўскую царкву. На яе рэстаўрацыю ён пакінуў вельмі шчодрае ахвяраванне. Праўда, вельмі быў здзіўлены, што тамтэйшыя манашкі нават няздатныя звязаць хоць колькі слоў падзякі на роднай мове.

Жаданне трапіць у  Полацк было невыпадковым. Акула заўсёды імкнуўся ў гістарычныя мясціны — Мір, Нясвіж, Наваградак... Увогуле, гісторыя ў яго жыцці і творчасці адыгрывае выключную ролю: гэта выдатна адчуваецца і ў яго трылогіі “Гараватка”, і ў раманах “Змагарныя дарогі” і “За волю!”.

Аднак штурмаваць літаратурны Алімп Акула пачаў як паэт. Можна толькі ўявіць сабе, з якім хваляваннем чакаў 17-гадовы юнак з’яўлення ў газеце сваіх першых вершаў. І амаль адразу... расчараванне. Пільны цэнзар — ці то нямецкі, ці то літоўскі — выкінуў з яго верша “Прыві-таньне Вільні” ўсю першую страфу. Так у газеце “Беларускі голас”, якую рэдагаваў Францішак Аляхновіч, з нечай “ласкі” верш выйшаў ужо без “крамолы”:

Прывітаньне табе, Вільня!
Слаўны горад Крывічоў, —
Места памятак магільных
Нашых прадзедаў, дзядоў.

Вершы Акула пісаў і пазней. Асабліва атрымліваліся ў яго пародыі на рыфма-плёцтва савецкіх “песьняроў”, што складалі здравіцы “партыі роднай”.

І ўсё ж Кастусь Акула — найперш празаік. Пачаў жа ён, як гэта бывае нячаста, адразу з рамана. Першы яго твор “Змагарныя дарогі” на радзіме выйшаў толькі праз 32 гады, аднак адразу трапіў у спіс 100 найбольш папулярных беларускіх кніг ХХ ст. і быў уганараваны прэміяй імя Францішка Багушэ-віча, якая прысуджаецца ПЭН-цэнтрам аўтарам твораў, што спрыяюць аб’ектыўнаму бачанню гісторыі, вяртанню беларусам гістарычнай памяці.

Сваю беларускасць Кастусь абараняў усюды, дзе толькі даводзілася быць. У Йоркшыры, у Англіі, Акула абуджаў нацыянальную свядомасць у Юрыя Радзівіла, з якім вучыўся ў танкавай школе. Так, дзякуючы гістарычным экскурсам свайго прыяцеля малады князь даведаўся, адкуль ягоныя карані і чыя кроў цячэ ў яго жылах. Трапіўшы ў Канаду, Акула першым чынам узброіўся тэлефонным даведнікам, з якога адшукваў прозвішчы, хоць нечым падобныя на беларускія. У выніку ў Таронта з’явілася Згуртаванне беларусаў Канады, якое фактычна заснавалі 14 чалавек. Першым старшынёй яго стаў Кастусь Акула.

— Ён рэзкі і прамы чалавек, — кажа грамадскі дзеяч Валянціна Трыгубовіч. — Ён ніколі не выбірае дыпламатычных словаў. Можа лёгка патэлефанаваць табе сярод ночы і, не зважаючы на тое, што знаходзіцца на другім баку акіяна, больш за гадзіну абурацца якой-небудзь перадачай, дзе абразілі Беларусь.

Уладзімір Арлоў, напэўна, той, каму больш за ўсіх шчасціць на начныя размовы з Кастусём Акулам.

— Я ніколі не адчуваў аніякага раздражнення ці зласлівасці з гэтай нагоды, — распавядае пісьменнік. — Гэта проста яшчэ адзін штрых да творчага партрэта Акулы. Ён сапраўды такі захоплены чалавек. Напрыклад, ён можа ўбачыць паспяховы выступ нашых спартоўцаў дзе-небудзь на першынстве свету ці Алім-пійскіх гульнях і тут жа патэлефанаваць. Памятаеце, як выйгралі ў шведаў у хакей? Гэта ж такі прарыў быў! Тады ж у Швецыі даведаліся, што ёсць такая краіна — Беларусь. Мне здаецца, што той бел-чырвона-белы сцяг, які лунае над спартыўнымі трыбунамі і так палохае кіраўнікоў беларускіх дэлегацый у Канадзе, таксама часта належыць Кастусю Акулу.

Так, ён і ў свае восемдзесят застаецца актыўным заўзятарам. Увогуле, усім, чым ён займаецца, ён захоплены па-сапраўднаму. Як, напрыклад, тымі ж птушкамі.

— Акула называе сябе птушатнікам, так бы мовіць непрафесійным арнітолагам. — дадае Уладзімір Арлоў. — Трэба было бачыць, як ён — сталы чалавек — ледзь не бег за сарокай! Там, у Таронта, яны не вядуцца. Таму кожная ўбачаная падчас прыезду ў Беларусь сарока ўспрымалася Кастусём як нейкая экзотыка. Як, дарэчы, і ўсё наша жыццё. Я памятаю, ідзем мы па Траецкім прадмесці, вырашылі зайсці папалуднаваць ці выпіць кавы. Кіруемся ў адну кавярню — там шыльда: “Обед с 15 до 16”. Мы да другой — там таксама “обед”. Для мяне, як і для ўсіх тутэйшых беларусаў, гэта на пачатку 1990-х здавалася звычайным. А для яго тое было проста дзікунствам: “Як? Ды яны ж працуюць, каб у гэты час абедалі мы!”.

Дарэчы, Акула добра гатуе і сам. Асабліва гэта тычыцца беларускіх страў. Пісьменніца Вольга Іпатава расказвае, як аднойчы, падчас яе прыезду ў Канаду, а шостай гадзіне раніцы ў яе пачуўся тэлефонны званок.

— Я тут з дзвюх гадзін дранікі гатую, — пазнала яна на другім канцы сувязі Акулавы голас. — Такія смачныя атрымаліся. Прыходзь пакаштаваць.

— Што, а шостай раніцы? — ледзь паспела ўцяміць, што ад яе хочуць, пісьменніца.

— Ну хоць а дзевятай прыходзь. Можа, яшчэ не астынуць, — уздыхнуў Акула — трэба аддаць яму належнае: ён і так доўга чакаў перш чым патэлефанаваць.

За сваё доўгае жыццё пісьменнік аб’ездзіў ледзь не ўвесь свет — ад Італіі да Ямайкі. А вось на радзіме яму давялося пабываць пасля эміграцыі толькі двойчы.

— Ён і цяпер неаднаразова выказваў імкненне прыехаць у Беларусь, — кажа Уладзімір Арлоў. — Чалавек, які так любіць гэтую зямлю, павінен мець права пахадзіць па ёй зноў. Я не бачыўся з Акулам 10 гадоў. У кожным сваім лісце (на жаль, усе яны прыходзяць да мяне ва ўскрытых і неахайна за-клееных зноў канвертах з надпісам “Атрымана на пошце ў пашкоджаным стане”) ён у канцы малюе птушку ў палёце. Упэўнены: чалавек, які малюе птушак, абавязкова павінен яшчэ прыляцець на Бацькаўшчыну.

16 лістапада Кастусю Акулу споўнілася 80 гадоў. Выдатным падарункам для яго і для ўсіх аматараў сапраўднай беларускай літаратуры павінна стаць кніга “Россыпы”, выдадзеная ў Мінску напярэдадні юбілею пісьменніка. У ёй сабраныя лепшыя творы Кастуся Акулы, сярод якіх і раман “Змагарныя дарогі”.

Мы віншуем нашага славутага суайчынніка з юбілеем і спадзяемся на хуткую сустрэчу з ім на вольнай Беларусі!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)