Экономика
Сяргей Гезгала, «Наша Ніва»

Курс чорнага рынку зноў скаціўся да 6000 —7000 за даляр

На чорным рынку наяўнай валюты ў Мінску рубель ізноў упаў да найніжэйшага за апошні час узроўню. 20 мая за даляр валютчыкі даюць 6000 рублёў, а прадаюць даляры за 6500—7500.

Па такім сама курсе куплялі і прадавалі даляры ў сераду. Учора, у чацвер, на фоне чаканняў перад візітам Пуціна ён узнімаўся да 5500. Рэзкае падзенне рубля на чорным і безнаяўным рынках адбылося за мінулыя сем дзён, пасля таго калі стала ясна, што крызіс будзе насіць працяглы характар.

У Вільні даляр можна прадаць за 5300 рублёў, купіць за 6850 рублёў — таксама больш, чым учора.

Курс у абменніках застаўся на ўзроўні 4500 рублёў. Банкі не маюць смеласці выставіць курс, вышэйшы за «рэкамендацыю» Нацбанка. Па такім курсе набыць валюту ўсё яшчэ немагчыма. На інтэрнэт-форумах пішуць, што, магчыма, ад панядзелка Нацбанк уздыме мяжу дазволенага да 6000 рублёў.

Нагадаем, што афіцыйны курс даляра, які ўсталёваецца Нацбанкам, складае 3 145 рублёў. Ён заніжаны ў параўнанні з рэальным, які выкарыстоўваецца насельніцтвам і прадпрыемствамі, на 60–200%.

Учора міністр фінансаў Расіі заявіў у Мінску, што крэдыт ад ЕўрАзЭС складзе ўсяго мільярд даляраў і будзе выдзелены не раней за чэрвень. Акрамя таго, умовай яго выдачы будзе драконаўскі план эканоміі. Ён прадугледжвае скарачэнне бюджэтных выдаткаў і прыватызацыю гігантаў беларускай прамысловасці ці інфраструктуры — апошнія на выбар Мінска.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)