Купляйце расейскае! Я купляю
Сяргей Астраўцоў патлумачыў у блогу на сайце «Радыё Свабода» , чаму купляе расейскія тавары.
– Я купляю расейскае, таму што я сэнтымэнтальны чалавек. Таму што мяне нашы «харчавікі» разам з начальствам трымаюць у чорным целе, лічаць другім гатункам. Мяне і тысячы іншых.
Я купляю расейскае, таму што расейцы мяне паважаюць, паважаюць нас, беларусаў. За тое, што мы беларусы. А нашы «харчавікі» нас не паважаюць. Перш яны сябе не паважаюць, ясна. Але якая мне да іх справа? Няхай кісьне іхняе малако, няхай прападае тварог. Не шкада. Перахітраваць саміх сябе сьвярбела? А што з хітрунамі бывае ў канчатковым варыянце?
Вось яны пішуць «Купляйце беларускае!» А змагаюцца супраць мовы беларусаў. Настойліва, упарта. Рогам упёрліся, каб пісаць толькі па-расейску і «барбамбія куркуду». Гэты іхні лёзунг пусты, заклік бязь зьместу. Але не хапае шэрых клетачак, каб усьвядоміць, скеміць гэта. Ах, беларускае — таму што зроблена на гэтай тэрыторыі? Ну й што? Чаму тады фанабэрыя на законныя патрабаваньні беларускіх спажыўцоў? Грамадзян РБ?
Я купляю расейскае, таму што яны (некаторыя зь іх) часам пішуць на абгортцы на беларускай мове, маючы на ўвазе мяне і тысячы іншых, а тэарэтычна — мільёны. На прыгожай беларускай мове. А паколькі для мяне, беларуса, які жыве ў Рэспубліцы Беларусь і ходзіць у яе крамы, такая радасьць — недаступная рэч, я купляю расейскае.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное